Некалькі дзён таму ў італьянскім горадзе Модэна мужчына ноччу прыехаў у паліцэйскі ўчастак з целам сваёй забітай жонкі. Італьянскія СМІ называлі яе расіянкай, але аказалася, што гэта беларуска Ганна Свірыдзенка, піша ANSA.
Суд арыштаваў 48-гадовага Андрэа Палтрыньеры, беспрацоўнага інжынера, які прывёз у паліцыю цела забітай ім жонкі — 41-гадовай Ганны Свірыдзенка.
Ён задушыў жонку. Матывам забойства сталі спрэчкі праз апеку над іх двума маленькімі дзецьмі.
Ганна Свірыдзенка з 2022 года вучылася ў аспірантуры ва ўніверсітэцкай бальніцы Модэны.
«Ганна была адной з найлепшых студэнтак у аспірантуры», — такімі ўспамінамі пра забітую жанчыну падзяліўся кіраўнік аддзялення комплекснай радыялогіі ўніверсітэцкай бальніцы Модэны П’етра Тарычэлі.
Раней яна вучылася і працавала спецыялісткай у галіне ядзернай медыцыны ва Універсітэце Інсбрука ў Аўстрыі.
Нагадаем, 11 чэрвеня мужчына прывёз цела сваёй 41-гадовай жонкі ў багажніку машыны ў паліцыю. Супрацоўнікі паліцыі ўбачылі труп жанчыны з поліэтыленавым пакетам на галаве, пад якім пазней заўважылі прывязаны да шыі электрычны провад.
У мясцовай пракуратуры падазравалі, што жанчына стала ахвярай хвалі фемініцыдаў, якая назіраецца цяпер у краіне.
Тэма росту гвалту над жанчынамі ў апошнія месяцы атрымала новы імпульс у Італіі. Штуршком для шырокай дыскусіі стала забойства на поўначы Італіі 22-гадовай студэнткі Джуліі Чэкетын яе былым хлопцам. Яна ўспыхнула з новай сілай пасля абвяшчэння прысуду родным 18-гадовай Саман Абас — яе забілі бацькі і дзядзька за адмову выходзіць замуж за яе стрыечнага брата з Пакістана.
А ў канцы 2023 года Інстытут італьянскай энцыклапедыі Treccani назваў словам таго года «фемініцыд», то-бок забойства жанчыны ў сувязі з яе гендарнай прыналежнасцю.
Распечатано с портала ZERKALO.IO