«Песня будзе на беларускай мове». Ксенія Жук з Naviband расказала пра планы з «Бі-2» пасля сумеснага выступу ў Варшаве
18 сакавiка 2024 у 1710760860
«Зеркало»
Ксенія Жук з гурта Naviband на канцэрце ў Варшаве 16 сакавіка выканала разам з «Бі-2» песню «Мой рок-н-рол». Спявачка расказала «Люстэрку» пра тое, як стаў магчымым гэты дуэт, а таксама анансавала сумесную беларускамоўную песню з «Бі-2».
Ксенія Жук кажа, что музыкі Naviband не першы год знаёмыя з калегамі з «Бі-2». Паводле спявачкі, Шура - даўні фанат ютуб-канала пра музыку Longplay, які робіць гітарыст Naviband Аляксандр Табольскі.
- Сумесны выступ абмяркоўвалі і раней. Так атрымалася, што «Бі-2» авясцілі канцэрт у Варшаве, куды мяне і запрасілі выступіць разам з песняй «Мой рок-н-рол», - кажа Ксенія. - Першы раз рэпетыцыя была на кухні ў Шуры некалькі гадоў таму. А перад канцэртам мы заспявалі яе на саўндчэку. Мне падаецца, для песні «Мой рок-н-рол» не трэба асаблівых рэпетыцый, бо без яе не абыходзіўся ні адзін студэнцкі вечар, ні адна сустрэча каля вогнішча.
Публикация от NAVIBAND (@naviband)
Сумесны выступ з «Бі-2» Ксеніі Жук спадабаўся. Кажа, што моцна дапамагала падтрымка беларусаў, якіх у зале было вельмі шмат.
- Я адчувала сябе цудоўна, была сярод сваіх, - не хавае захаплення салістка Naviband - Было шмат беларусаў і не толькі, публіка моцна падтрымлівала і спявала разам з намі. Вельмі круты канцэрт. Цудоўныя гук і драматургія. Вялікая асалода працаваць з такімі яскравымі артыстамі на адной сцэне.
Паводле Ксеніі Жук, ужо доўгі час Naviband і «Бі-2» працуюць над сумеснымі песнямі. Адна з іх будзе на беларускай мове.
- Яшчэ два гады таму мы запісалі сумесную песню, нават не адну, але яны яшчэ чакаюць свайго часу, - прызналася спявачка. - Спадзяёмся, што адна з іх хутка выйдзе. Песня будзе на беларускай мове, яна частка новага альбома.
Naviband - музычны гурт з Мінска, які працуе ў стылі індзі-фолк, індзі-рок. Калектыў быў створаны ў 2013 годзе. Гурт прадстаўляў Беларусь на «Еўрабачанні-2017» з песняй «Гэта зямля». У асноўным артысты выконваюць свае песні на беларускай мове. Іх трэк «Іншымі» стаў адным з сімвалаў пратэснага руху ў Беларусі. Удзельнікі гурта былі вымушаныя з'ехаць з краіны.