«Гары Потэра» ўсё ж будуць далей перакладаць на беларускую. Праўда, купіць кнігу ў Беларусі будзе ўжо нельга
23 снежня 2024 у 1734963600
Ігнат Пекарэвіч / «Зеркало»
Праваўладальнікі ўсё ж дазволілі беларускаму выдавецтву «Янушкевіч», якое працуе ў Польшчы, выдаваць пераклады кніг Джоан Роўлінг пра Гары Потэра, паведамляе тэлеграм-канал «Кнігаўка». Але ёсць і абмежаванні: продаж кніг у Беларусі будзе пад забаронай.
«Гары Потэр вяртаецца! Гэта сапраўды так. 8 лютага 2025 года пабачыць свет кніга "Гары Потэр і Келіх агню", чацвёртая кніга са знакамітай серыі Джоан Роўлінг пра хлопчыка, які выжыў», - паведамілі ў выдавецтве.
У выданні 712 старонак. Будуць дадрукаваныя ў цвёрдай вокладцы і папярэднія дзве кнігі серыі.
«Пасля працяглых і плённых перамоў з дапамогай калег і сяброў нам удалося прабіць сцяну непаразумення і давесці, як важна беларусам пры ганеннях на нацыянальную культуру, жорсткай барацьбе за дабро і святло чытаць кнігі пра Гары Потэра на роднай мове.
Складаем высокія падзякі для Ірыны, Юрыя і асабліва Лёні Козікавых, якія навялі масты і пераканалі брытанскі бок па-новаму паглядзець на праблему. Шчыра ўдзячныя Таццяне Нядбай і ўсёй камандзе Беларускага ПЭНа за камунікацыю і непасрэдныя рашэнні, Англійскаму і Міжнароднаму ПЭН-цэнтрам за імклівае падключэнне да справы і паспяховыя вынікі», - расказалі ў выдавецтве.
Аднак кепскія навіны ў тым, што новы кантракт заключаны на жорсткіх умовах - беларускамоўныя пераклады кніг Джоан Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на пляцоўках выдавецтва «Янушкевіч»: у краме «Кнігаўка» ў Варшаве, інтэрнэт-краме выдавецтва, маркетплэйсах Allegro і Amazon. Прадаваць іх у Беларусі і РФ забаронена.
«А гэта азначае, што мы не зможам дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь. Спадзяёмся, што, нягледзячы на гэтыя перашкоды, нашы чытачы на радзіме знойдуць рашэнні, як набыць і атрымаць новыя выданні», - патлумачылі ў выдавецтве.
Нагадаем, у чэрвені стала вядома, што праваўладальнікі забаранілі выдавецтву «Янушкевіч» выпускаць кнігі пра Гары Потэра на беларускай мове. Рашэнне абгрунтавалі тым, што «яны не хочуць звязвацца ні з чым беларускім, пакуль Рэспубліка Беларусь пад санкцыямі».
Выдавецтва паспела выпусціць па-беларуску тры першыя серыі патэрыяны: «Гары Потэр і Філасофскі камень», «Гары Потэр і Таемная зала» і «Гары Потэр і Вязень Азкабана».