«Я думаю, гэта проста помста». Экс-дырэктарка тэлеканала «Белсат» заявіла, што яе звольнілі па дысцыплінарным артыкуле
19 сакавiка 2024 у 1710865560
«Зеркало»
Агнешка Рамашэўска-Гузы, якая ўзначальвала тэлеканал «Белсат» 17 гадоў, заявіла, што яе звольнілі на дысцыплінарных падставах. Пра гэта яна паведаміла ў сацсетках.
- Маё звальненне, так бы мовіць, «паглыбілі», і сёння я была звольненая на дысцыплінарнай падставе ў неадкладным парадку і, вядома, без усялякага паведамлення, - напісала экс-дырэктарка 18 сакавіка ў Facebook.
Паводле яе словаў, напярэдадні яна прыйшла здаваць тэхніку ў будынак грамадскага тэлебачання TVP, у склад якога ўваходзіць тэлеканал «Белсат», і ўвесь гэты час яе суправаджаў кіраўнік службы бяспекі тэлекампаніі. Пасля гэтага журналістцы ўручылі дысцыплінарнае спагнанне.
Рамашэўска-Гузы лічыць, што кіраўніцтва медыяхолдынга «палявала» на яе, пакуль не «зразумела, што знайшло нешта».
- Я думаю, што гэта (звальненне па «дысцыплінарцы». - Заўв. рэд.) проста помста за маю пазіцыю, за тое, што я не дала сябе ні падкупіць, ні заткнуць сабе рот, - заявіла былая кіраўніца «Белсата».
Яна не выключыла, што будзе вымушаная абвясціць збор сродкаў на суды з TVP, бо, імаверна, нават за сакавік не атрымае заробку ў поўным памеры.
Нагадаем, 12 сакавіка Агнешку Рамашэўску-Гузы звольнілі з пасады дырэктаркі тэлеканала «Белсат», у якой яна прапрацавала 17 гадоў. Паводле медыяменеджаркі, ёй першапачаткова прапанавалі сысці па ўласным жаданні і на вельмі выгадных умовах, але яна не пагадзілася. Яна адзначыла, што 15 гадоў таму яе ўжо спрабавалі прыбраць з тэлеканала і гэтым разам яна таксама не збіраецца маўчаць і будзе змагацца за яго будучыню.
Кіраўніком «Белсата» прызначаны Аляксей Дзікавіцкі, раней ён займаў пасаду намесніка дырэктара.
8 сакавіка гэтага года міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі зацвердзіў «План супрацоўніцтва ў галіне развіцця» на 2024 год, які ў тым ліку прадугледжвае падтрымку тэлеканала «Белсат».
У 2024 годзе прыярытэтам дзейнасці Польшчы па аказанні дапамогі будзе падтрымка ўкраінскіх інстытутаў і ўкраінскага грамадства. Прадугледжаная падтрымка Грузіі і Малдовы, беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама шасці краін Афрыкі і Блізкага Усходу - Палестыны, Лівана, Эфіопіі, Кеніі, Сенегала і Танзаніі.
Аднак падтрымка «Белсата» сур'ёзна скарацілася - на 47%. У плане на 2024 год яна складзе 40 млн злотых (10,1 млн даляраў).
Паводле Рамашэўскай, тэлеканал падзеляць на часткі, а рускамоўныя праграмы, хутчэй за ўсё, перавядуць у TVP World. На яе думку, гэта вялікая памылка, бо такое рашэнне істотна зменіць шматгадовую канцэпцыю і арыентацыю тэлеканала.