Што вядома пра беларуса, цяжка параненага падчас тэракту ў «Крокус Сіці Холе»
23 сакавiка 2024 у 1711199820
«Зеркало»
Падчас тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» цяжка пацярпеў як мінімум адзін грамадзянін Беларусі. Яго завуць Алім Кашавараў. «Люстэрка» даведалася больш інфармацыі пра мужчыну ў яго знаёмых.
«Грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, за яго жыццё змагаюцца медыкі», - расказаў раніцай 23 сакавіка амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой. Яго імя таксама ёсць у спісах пацярпелых падмаскоўнага Міністэрства аховы здароўя, там гаворыцца, што Алім Кашавараў знаходзіцца ў Маскоўскай гарадской клінічнай бальніцы імя Боткіна.
Алім Кашавараў нарадзіўся ў Бабруйску ў 1981 годзе, яму 42 гады. У яго сям'і было чацвёра дзяцей - у яго два родныя браты і сястра, як мінімум двое з іх жывуць у родным горадзе. Малодшы брат Аліма - вядомы ў Бабруйску відэограф Аляксандр Кашавараў.
У родным горадзе Алім доўгі час працаваў ахоўнікам у гіпермаркеце «Карона». Мужчына быў жанаты, але пасля, імаверна, развёўся. У яго ёсць сямігадовая дачка, якая жыве ў Бабруйску. (Інфармацыя пра месца працы і ўзрост дачкі дапоўненая 24 сакавіка паводле звестак BYPOL. - Заўв. рэд.).
У апошнія гады Кашавараў жыве і працуе ў Маскве. Паводле інфармацыі знаёмых, у «Крокус Сіці Холе» ён таксама мог працаваць ахоўнікам.
Сапраўды, 23 снежня 2023 года ён апублікаваў у сацсетцы фатаграфію з фае комплексу, на якой ён апрануты ў строгі чорны касцюм і белую кашулю - прыкладна так і выглядаюць супрацоўнікі службы бяспекі «Крокус Сіці Хола». Падобнае фота ў такім жа касцюме мужчына размяшчаў і ў пачатку 2020 года.
Калі Алім Кашавараў насамрэч быў ахоўнікам, то мог знаходзіцца паблізу ўвахода і трапіць пад стрэлы тэрарыстаў адным з першых.
Бабруйчанін можа быць не адзіным пацярпелым беларусам. Яшчэ аднаго грамадзяніна нашай краіны, паводле Дзмітрыя Крутога, шукаюць сваякі, бо не могуць з ім звязацца, пакуль інфармацыі пра яго няма.
Нагадаем, увечары 22 сакавіка невядомыя мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў будынак буйнога канцэртна-выставачнага комплексу «Крокус Сіці Хол» у падмаскоўным Краснагорску (фактычна ўскраіна Масквы) перад пачаткам канцэрту гурта «Пікнік». Нападнікі пачалі страляць яшчэ ля ўвахода, потым вялі стральбу па наведніках унутры - як у фае, так і ў канцэртнай зале. Таксама яны, імаверна, учынілі падпалы - у комплексе пачаўся маштабны пажар, зала цалкам згарэла, у ёй абрынуўся дах.
Раніцай 23 сакавіка ў СК і ФСБ Расіі заявілі пра затрыманне ўсіх падазраваных у здзяйсненні тэракту ў Бранскай вобласці. Сцвярджаецца, што «пасля ўчынення тэракту злачынцы збіраліся перайсці расійска-ўкраінскую мяжу, мелі адпаведныя кантакты на ўкраінскім баку».
Паводле апошніх звестак, вядома пра 133 загінулых. Аднак разбор завалаў на месцы працягваецца, і колькасць ахвяр можа вырасці.