«Вясна»: праваабаронцам вядома пра вызваленне дзевяці палітвязняў. Частка з іх выйшла па амністыі, іншыя — па памілаванні
апублікавана: 4 лiпеня 2024 в 10.35
абноўлена: 4 лiпеня 2024 в 12.32
«Зеркало»
Праваабаронцам дакладна вядома пра вызваленне як мінімум дзевяці палітвязняў. Такое паведамленне апублікаваў 4 ліпеня праваабарончы цэнтр «Вясна».
На волю выйшлі тры жанчыны і шасцёра мужчын. Сярод іх - асуджаны на 10 гадоў калоніі Рыгор Кастусёў, пра вызваленне якога стала вядома напярэдадні. Удакладняецца, што частка людзей выйшла на волю па амністыі, частка - па памілаванні.
«Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчаў астатніх вызваленых», - паведамілі ў ПЦ «Вясна».
Сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак напісаў, што іх службе хуткай гуманітарнай дапамогі «вядомыя 10 прозвішчаў (+1 непацверджаны) палітычных зняволеных, што трапілі пад вызваленне».
Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што шэраг асуджаных «праціўнікаў беларускіх уладаў» найбліжэйшым часам могуць выйсці на волю.
- Мы павінныя дзейнічаць па-людску. Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжка хворыя, як пішуць, нашыя, што не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах не так аддаленых, якія ламалі, разбурылі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным з ракавымі захворваннямі, - заявіў Лукашэнка.
На наступны дзень, 3 ліпеня, улады вызвалілі некалькі палітзняволеных.