Лявончык пра Мельнікаву: «Ёсць інфармацыя адносна яе магчымага маршруту»
15 красавiка 2025 у 1744693140
«Белсат»
Сузаснавальнік «BY_Help» і «BYSOL» Аляксей Лявончык кажа, што мае пэўную інфармацыю пра маршрут зніклай спікеркі Каардынацыйнае рады Анжалікі Мельнікавай у Вялікай Брытаніі. «Белсат» спытаў у Лявончыка, як ідуць пошукі і колькі грошай атрымалася назбіраць на звесткі пра Мельнікаву.
Аляксей Лявончык адзначае, што папярэднія звесткі польскага боку ўказваюць, што Анжаліка Мельнікава вылецела ў Вялікую Брытанію. Таму разам з невялікай камандай ён спрабуе зразумець, куды яна далей магла рушыць адтуль.
«У нас ёсць інфармацыя адносна яе магчымага далейшага маршруту, але яна на ўзроўні "сказала давераная крыніца, але няма ніякіх доказаў гэтаму". Таму мы не будзем пакуль даваць гэтую інфармацыю, каб не было спекуляцыяў», - распавядае Лявончык.
Цяпер ён спрабуе атрымаць інфармацыю пра Мельнікаву праз знаёмых і сваякоў, якія жывуць у Вялікай Брытаніі.
«Спрабуем зразумець, можа, яна недзе там. Але гэта прыватная ініцыятыва, таму яна вельмі марудна рухаецца. І мы спрабуем захаваць грамадскую ўвагу, якая ўжо прыцягнутая да тэмы. Таму я падаў дзве заявы ў Брытаніі на вышук Анжалікі. Ці будуць яны прынятыя і ці будзе сапраўдны вышук, невядома, але мы будзем спрабаваць прыцягнуць увагу яшчэ і брытанскіх журналістаў да гэтай справы. І тут трэба ўжо звяртаць увагу на гэта як на грамадскую праблему. Бо асоба, якая ёсць не апошняй у дэмакратычным руху, знікае і, паводле ўскоснай інфармацыі, якую даюць палякі, знікае ў Брытаніі, бо ў Брытаніі яе след губляецца», - адзначае Лявончык.
Раней ён абвясціў грашовую прэмію для тых, хто можа даць дакладную інфармацыю пра Мельнікаву.
«Гэта грошы, якія збіраюцца беларусамі онлайн. Яны будуць падвоеныя адным прыватным донарам, з якім у мяне ёсць дамоўленасць і які мае карані ў Беларусі ды вельмі цікавіцца беларускай тэматыкай. Фінальную суму мы абвесцім на днях і будзем спадзявацца, што ў выніку мы атрымаем нейкую інфармацыю. У нас было 2900 еўраў на канец мінулага тыдня. Гэта азначае, што ў нас 5800 еўраў з улікам падваення. Мы хацелі закрыць збор у панядзелак, але я спадзяюся, што мы можам сабраць больш грошай, каб гэта былі больш важкія лічбы, каб чалавек, які валодае нейкай інфармацыяй, але, можа, баіцца яе раскрыць, меў большую фінансавую матывацыю», - кажа Лявончык.
Ён мяркуе, што з Мельнікавай сталася нешта дрэннае - ці яе забілі, ці шантажуюць лукашэнкаўскія спецслужбы. Але наўрад ці яна ў зняволенні ў Беларусі.
«Што сведчыць пра тое, што яе ў іх у руках няма? Калі яна знікла, прапагандысцкія каналы сталі публікаваць пасты з намёкамі "хутка ўсё даведаецеся" і посціць яе здымкі нібыта з допыту, але гэта былі фота "Белсату". Улічваючы, што прапагандысты вельмі любяць выкладаць інфармацыю, калі яна ў іх ёсць, то яны б, хутчэй за ўсё, выклалі яе актуальнае фота», - кажа Лявончык.
З Анжэлікай Мельнікавай няма сувязі з 25 сакавіка. Паводле польскіх праваахоўнікаў, яна вылецела з Польшчы ў Лондан 26 лютага.
7 красавіка ейны былы муж расказаў, што іхныя непаўналетнія дочкі цяпер разам з ім у Беларусі.
Каардынацыйная рада 8 красавіка паведаміла, што была зафіксаваная лакацыя тэлефону Мельнікавай у Менску 19 сакавіка, а 13 сакавіка з ейнага акаўнту былі спампаваныя файлы, датычныя працы Каардынацыйнае рады.