«Гэта пратэст супраць Пуціна». У Расіі людзі стаяць у чэргах, каб падпісацца за альтэрнатыўнага кандыдата — пагаварылі з імі
23 студзеня 2024 у 1706034120
«Зеркало»
Расіяне выстраіліся ў чэргі. Вялікая колькасць людзей у мароз стаіць на дварэ некалькі гадзін, каб паставіць подпіс за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Барыса Надзеждзіна - ён выступае супраць Пуціна і вайны. «Люстэрка» пагаварыла з тымі, хто адстаяў доўгую чаргу, і спытала, ці не нагадвае ім усё гэта сітуацыю лета 2020 года ў Беларусі, а таксама ці вераць яны ў тое, што Надзеждзін у выніку з'явіцца ў выбарчым бюлетэні.
Барысу Надзеждзіну 60 гадоў, ён дэпутат Гарсавета Далгапруднага (Маскоўская вобласць). З 1999-га да 2003-га года быў дэпутатам Дзяржаўнай думы Расіі ад дэмакратычнага блока «Саюз правых сіл». У 2018 годзе балатаваўся ў губернатары Маскоўскай вобласці, але заняў апошняе месца (4,36% галасоў).
У сакавіку 2020 года падпісаў зварот супраць унясення паправак у Канстытуцыю Расіі, якія дазволілі Уладзіміру Пуціну чарговым разам балатавацца ў прэзідэнты. У 2021 годзе ўдзельнічаў у выбарах у Дзярждуму па аднамандатнай акрузе, але прайграў. 23 снежня 2023 года партыя «Грамадзянская ініцыятыва» вылучыла Барыса Надзеждзіна кандыдатам у прэзідэнты, ЦВК зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу. Каб трапіць у бюлетэнь, палітыку трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў расіян. 23 студзеня штаб Надзеждзіна заявіў, што неабходны бар'ер пераадолены.
Чэргі ля пунктаў збору подпісаў за палітыка ўзніклі толькі на мінулым тыдні. Як растлумачылі «Люстэрку» крыніцы ў штабе Надзеждзіна, гэта было звязана з адсутнасцю згоды лідараў думкі: спачатку не ўсе хацелі падтрымліваць палітыка, які раней часта з'яўляўся на дзяржаўных тэлеканалах (у красавіку 2023 года «Люстэрка» пісала пра тое, як у эфіры НТВ ён спрачаўся з беларускім прапагандыстам Вадзімам Гігіным з нагоды Лукашэнкі і ядзернай зброі), і ягоная пазіцыя наконт вайны ва Украіне была не ўсім зразумелая. Аднак у выніку ў падтрымку палітыка выказаліся палітык Міхаіл Хадаркоўскі, блогеры Максім Кац і Ілля Варламаў, журналісты Аляксей Венедыктаў і Кацярына Дунцова (апошняй ЦВК раней адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы).
Прэзідэнцкія выбары ў Расіі пройдуць з 15 да 17 сакавіка 2024 года.
Надзея, 53 гады, Рэспубліка Чувашыя
Я была за Уладзіміра Пуціна. Усё змянілася пасля таго, як завялі крымінальную справу на губернатара Хабараўскага краю Сяргея Фургала. А калі пачаліся пратэсты ў Беларусі, мае вочы адкрыліся.
Больш няма кандыдатаў, і я хутчэй супраць Пуціна, чым за Надзеждзіна. Мне і ўсім, каго я ведаю, надакучыў дзейны прэзідэнт. Мы разумеем, што няма шанцаў на тое, што ён сыдзе, але хаця б такім спосабам мы можам законна выказаць пратэст.
Я не веру, што Надзеждзіну ўдасца прайсці далей за этап збору подпісаў і наогул перамагчы. Будзе добра, калі ён хаця б застанецца на волі, а не апынецца ў турме, як вашыя кандыдаты ў прэзідэнты. На жаль, людзі ў Расіі не змогуць выйсці на пратэсты, як беларусы. Нават у вас такі рух задушылі, зразумела, не без дапамогі Пуціна.
Дзяніс, 39 гадоў, Масква
Гэта пратэст супраць Пуціна. Барыс Надзеждзін - адзіны антываенны кандыдат, таму я некалькі гадзін адстяў у чарзе і паставіў за яго подпіс.
Вядома, у мяне ўзнікаюць моцныя аналогіі з тым, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе. Але расійскае грамадства больш інертнае, у адрозненне ад беларускага. Думаю, нашыя ўлады ўлічаць ваш досвед, і Надзеждзіна не дапусцяць да выбараў. Але на маю матывацыю гэта не ўплывае. Чэргі на вуліцах дапамагаюць нам адчуць, што мы не адны.
Надзея памірае апошняй. Надзеждзін стаў сімвалам перш за ўсё. Але як палітык ён мне таксама сімпатычны.
Яна, 30 гадоў, Санкт-Пецярбург
Па-першае, гэта цяпер адзіны легальны спосаб неяк выказаць сваё меркаванне і нязгоду. Па-другое, гэта спосаб паказаць астатнім, у першую чаргу антываенным расіянам, што яны не самотныя, што нас такіх шмат. Нашае грамадства знаходзіцца ў апатыі, а такі «варушняк» абуджае, дорыць надзею і натхненне. Яшчэ паўгода таму людзі думалі, што ніхто з антываеннай пазіцыяй нават не рызыкне вылучыцца. Мы з сябрамі вялі размовы пра тое, як заахвоціць людзей удзельнічаць у выбарах, якія ўсе лічаць бессэнсоўным фарсам, дзе ўсе кандыдаты за вайну, і як складана данесці думку: няважна, кім будуць астатнія фігуры, важна, што іх прозвішча - не Пуцін.
Вядома, нас натхняў досвед Беларусі, Мы хацелі гэтак жа стаяць у гэтых чэргах для збору подпісаў - і вось, атрымалася. Тое, што адбылося ўнутры беларускага грамадства ў 2020 годзе, і вынік тых падзей - розныя рэчы. Вы паверылі ў сябе, з'ядналіся, рызыкнулі. Так, рызыка не апраўдалася, але не таму, што вы нешта зрабілі няправільна. Часам мы ўсё робім правільна, але не атрымліваем жаданага.
Лукашэнка ўседзеў з незалежных ад вас прычын. Асноўная з іх - падтрымка Пуціна. У Пуціна няма аналагічнай апоры звонку, усе сыходзяцца на тым, што той жа Сі Цзіньпін (кіраўнік Кітая - Заўв. рэд.) не прыкрые яму спіну ў такой сітуацыі.
Я думаю, што далей за этап збору подпісаў Надзеждзіна не дапусцяць, здзіўлюся, калі будзе наадварот. Але нашая задача ў тым, каб уладзе гэты нядопуск не дастаўся лёгка. Магчыма, яны разлічвалі на тое, што сумленна сабраць патрэбную колькасць у такіх умовах усё роўна не выйдзе, таму і адмовіць можна будзе лёгка. Ды яшчэ і мы, лібералы, зноў будзем прыніжаныя тым, што нас так мала. І гэта дапаможа нас маральна дабіць. Але цяпер ім давядзецца папацець. Нядопуск будзе гучным.
Мая матывацыя толькі расце, калі я бачу столькі людзей, што прагнуць пераменаў. Я не баюся расчаравацца, бо па-сапраўднаму мяне расчароўваюць думкі пра бяздзейнасць і страчаныя магчымасці, а не думкі пра нядопуск ці пройгрыш. Я веру, што нейкія перамены будуць, якія менавіта - пабачым.
Дзяніс, 26 гадоў, Находка
Гэта першая легальная магчымасць масавага палітычнага дзеяння з пачатку вайны не ў інтэрнэце, а афлайн. Яны могуць прыдумляць любыя правілы, але з 15 да 17 сакавіка можна будзе легальна збірацца ля ўсіх школ і галасаваць. У студзені можна стаяць у чарзе і пакідаць подпісы за Надзеждзіна.
Вядома, я бачу аналогіі з Беларуссю: чэргі па збор подпісаў выклікаюць цалкам зразумелыя асацыяцыі з тым, што адбывалася ў вас летам 2020 года. Паўтарэння сцэнару я не баюся, наадварот, я малюся, каб усё скончылася як у вас - усведамленнем таго, што падтрымкі грамадства ў Пуціна больш няма.
Ваш «бацька нацыі» ўтрымаўся выключна на дапамозе калегі па суседстве. Нашаму трымацца не будзе на кім.
Цяпер адчуванне такое, што кожны паасобку супраць, але лічыць, што ўсе разам за. Вельмі добра гэты эфект паказалі ў кіначасопісе «Фитиль» у 1987-м годзе: у кароткай замалёўцы поўная зала аднагалосна галасуе «за», а потым кожны, хто выходзіць з залы, кажа інтэрв'юеру: «А што я адзін мог зрабіць?»
Міхаіл Плятнёў, грамадскі дзеяч, 21 год, Тбілісі
На ажыятаж каля пунктаў збору подпісаў уплывала некалькі фактараў. Па-першае, запыт значнай часткі грамадства. Нават паводле афіцыйных звестак, як вынікае з заявы прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, вайну не падтрымлівае 25% расіян - гэта каля 35 мільёнаў чалавек.
Па-другое, у сацыяльных сетках, галоўным чынам у Х, вакол кандыдатуры Барыса Надзеждзіна адбылася кансалідацыя лідараў грамадскай думкі. Спачатку вядомыя людзі розных палітычных поглядаў (ад блогера Максіма Каца да начальніка штаба Аляксея Навальнага Леаніда Волкава) доўга спрачаліся, ці трэба падтрымліваць Надзеждзіна. Але ў выніку ўсе вырашылі, што трэба, пасля чаго заклікалі сваіх чытачоў, падпісчыкаў і прыхільнікаў паставіць подпісы за Надзеждзіна. Пасля гэтага пачаўся эфект натоўпу: людзі прыходзяць, стаяць у чэргах некалькі гадзін, каб паставіць свой подпіс, адчуваючы захапленне ад таго, што знаходзяцца сярод іншых грамадзян, якія думаюць гэтак жа.
І трэцяе - гэта адчуванне бяспекі. Людзі збіраюцца ля пунктаў збору подпісаў, і іх ніхто не кранае. Назваць вайну вайной нельга, выйсці на вуліцу з плакатам - таксама. Але можна прыйсці да штаба Надзеждзіна і прабыць некалькі гадзін у кампаніі аднадумцаў, і табе за гэта нічога не будзе.
Вядома, гэта вельмі падобна да таго, што было ў Беларусі ў 2020 годзе. Як і ў вас, гэта адзіны рух без лідара. Таксама вялікая колькасць раней апалітычных людзей выкладваюць у Instagram гісторыі пра тое, што яны паставілі подпіс за Надзеждзіна, і заклікаюць іншых зрабіць гэтак жа.
Я не ведаю, ці зарэгіструюць Барыса кандыдатам у прэзідэнты (паводле адчуванняў, імавернасць - каля 1%), але гэты першы штуршок і разуменне, што дзеянне лепшае за бяздзейнасць, канвертуюцца ў пратэснае галасаванне. За каго - пакуль незразумела, але ў бюлетэні будзе дакладна не адно прозвішча.
Ці будуць паслявыбарчыя пратэсты, як у Беларусі, - таксама пакуль незразумела. Перадумоваў да гэтага я не бачу - нават да пачатку вайны заклікаць выходзіць на вуліцы ў Расіі было небяспечна, цяпер на вулічную актыўнасць наогул поўнае табу.
Чытайце таксама