У сакавіку 2021 года Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы аднавіў працу пасля перапынку, звязанага са звальненнем амаль усёй трупы. За два гады, што прайшлі з таго моманту, новае кіраўніцтва так і не змагло набраць дастатковую колькасць новых актораў, а таму запрасіла іх з Расіі. Цяпер на афіцыйным сайце тэатра з’явіліся іх прозвішчы — каротка расказваем, што вядома пра гэтых людзей. Адразу заўважым, што беларускай мовы ніхто з расіян не ведае.
У красавіку 2023 года ў тэатры адбудзецца прэм’ера спектакля «Рамэа і Джульета». Паставіць яго Данііл Філіповіч, адзін з некалькіх беларускіх рэжысёраў, якія пагадзіліся супрацоўнічаць з тэатрам пасля звальнення практычна ўсёй трупы.
На ролю Джульеты заяўленыя дзве акторкі. Адна з іх — Ганна Мешчаракова. Дзяўчыне 22 гады, у 2022-м яна скончыла Маскоўскі інстытут сучаснага мастацтва (ІСМ). Сярод моваў, якія яна ведае — руская, англійская і французская (апошняя са слоўнікам).
На ролю Рамэа таксама заяўленыя два акторы. Партнёрам Мешчараковай, імаверна, будзе яе аднакурснік па ІСМ Барыс Цяцеркін. Яму 24 гады, ён ведае рускую і англійскую мовы, пазіцыянуе сябе ў інстаграме як «заезджы артыст са сталічным глянцам».
Іншыя выканаўцы галоўных роляў у спектаклі — беларускія студэнты, якіх узялі ў трупу яшчэ раней, у 2021-м.
На ролю Мантэкі запрасілі расіяніна Мікалая Юшкевіча. Яму 58 гадоў. Замежных моваў ён практычна не ведае (адзначанае толькі веданне нямецкай на школьным узроўні). Сярод свежых работ у кіно пераважаюць серыялы, апошнім часам у тэатры ён не граў (вядома толькі пра яго працу ў адным з маскоўскіх тэатраў у сярэдзіне 1990-х).
На ролю жонкі Мантэкі заяўленыя дзве акторкі. Адна з іх — расіянка Святлана Гусарава. У 1987-м яна скончыла Яраслаўскае тэатральнае вучылішча. Доўгія гады была акторкай мінскага Моладзевага тэатра (2000−2017), потым працавала ў сталічным Новым драматычным. У іх рэпертуары ў гэты перыяд практычна не было спектакляў на беларускай мове.
Ролю Меркуцыа грае Ілля Галушкін. Яму 23 гады. Ён таксама з Масквы, у 2022-м скончыў «ГИТИС», да гэтага ў Беларусі не працаваў.
На ролю Мамкі запрасілі расіянку Інэсу Іскакаву. Ёй 27 гадоў, яна скончыла Яраслаўскі тэатральны інстытут. Ведае рускую і англійскую мовы.
Таксама ў трупе цяпер працуе выпускніца маскоўскага «ГИТИСа» Наталля Шчарбакова (у гэтым спектаклі яна не занятая).
Акрамя таго, у трупу ўзялі і некалькіх новых беларусаў. Гэта Аляксандр Гусеў, які доўгі час працаваў у Новым драматычным тэатры, і Алена Мазгова — вядома, што ў 1998-м яна сыграла галоўную ролю Саламеі Брыніцкай у серыяле «Пракляты ўтульны дом», а ў 2013-м была занятая ў спектаклях незалежнага беларускага «Тэатра Ч».
У эпізадычнай ролі ў спектаклі «Рамэа і Джульета» занятая беларуска Марыя Калесніковіч. Ёй 23 гады. Яна скончыла мінскую Акадэмію мастацтваў як акторка музычнага тэатра (а не драматычнага). У сваёй анкеце яна прызнавалася, што руская мова для яе родная, а вось беларускай і англійскай дзяўчына валодае са слоўнікам.
Між тым, Купалаўскі тэатр усе гады свайго існавання працаваў на беларускай мове. Калектыў спецыяльна запрашаў педагогаў (напрыклад, легендарнага дыктара Іллю Кургана), якія ставілі акторам вымаўленне і разбіралі моўныя нюансы.
Пасля публікацыі тэкста з рэдакцыяй звязаўся адзін з расійскіх акцёраў, які прыйшоў на працу ў тэатр. Заявіў, што ён і яго калегі ведаюць беларускую мову:
«Паралельна пакуль рэпеціравалі, вучылі мову і нам дапамагалі акцёры тэатра. Адна з актрыс, педагог па маўленню ў Акадэміі і каледжы мастацтваў, добра ведае ўсе правілы і дапамагала нам з вымаўленнем. Складана толькі са словамі, якія падобныя на рускія і сачыць за Ч і Г».
Распечатано с портала ZERKALO.IO