Опубликовано 17 верасня 2023 у 11.46
Адрес в интернете: https://zerkalo-area.site/news/economics/49095.html    

Эксперты — пра новы ўказ Лукашэнкі: закліканы паставіць пад кантроль усё поле для фінансавых манеўраў бізнесу

Аляксандр Лукашэнка спецыяльным указам забараніў замежным інвестарам выдаткоўваць прыбытак і дывідэнды так, як яны хочуць, — сродкі можна выкарыстоўваць толькі на акрэсленыя ім мэты. Як гэта паўплывае на інвестыцыйны клімат, на просьбу «Люстэрка» прааналізавалі эксперты праекта «Нашы грошы».

Фото: pixabay.com
Ілюстрацыйны здымак. Фота: pixabay.com

У тых эканамічных рэаліях, у якіх знаходзіць сябе Беларусь цяпер, становяцца магчымымі такія прававыя «навацыі», пра якія яшчэ нядаўна і падумаць было складана. Але рэжым «часам не да законаў» аказваецца некантраляваным. Яго складана трымаць строга ў адной сферы заканадаўства. Рана ці позна новыя беларускія «інавацыйныя» практыкі знаходзяць прымяненне ва ўсё большай колькасці сфер. Выпадак са змяненнем падыходаў да выкарыстання замежнымі інвестарамі заробленых у Беларусі сродкаў — толькі адзін такі прыклад.

Указ № 285 «Аб спецыяльных рахунках», з аднаго боку, працягвае практыку дзяржаўнага рэгулявання прыватнай, у дадзеным выпадку канкрэтна замежнай, сферы эканомікі. Ён закліканы паставіць пад кантроль усё поле для фінансавых манеўраў бізнесу, які на думку чыноўнікаў адносіцца да катэгорыі недружалюбнага. Дэ-факта спачатку яны былі пастаўленыя ў катэгорыю фінансавых закладнікаў, але цяпер, відавочна, іх пераводзяць у разрад дзяржаўных прыгонных.

Па вялікім рахунку, гэтыя прававыя навацыі ідуць у фарватары расійскай палітыкі ў дачыненні да замежных кампаній на мясцовым рынку. Маючы ў якасці першапачатковай мэты недапушчэнне адыходу з мясцовага рынку замежных кампаній, цяпер іх разглядаюць як своеасаблівыя трафеі. Але калі ў Расіі ўжо ёсць прэцэдэнты пераходу правоў замежных актываў «правільным» мясцовым уласнікам, то ў Беларусі абмяжоўваюцца кіраваннем іх фінансавымі патокамі. Пакуль абмяжоўваюцца.

Перш чым казаць пра патэнцыйныя наступствы новага ўказа, трэба звярнуць увагу на важны аспект логікі гэтага рашэння, дакладней на яе адсутнасць. У той час як адны чыноўнікі заклікаюць інвеставаць у Беларусь, запэўніваючы што «для гэтага створаныя ўсе ўмовы» і «інвестары адчуваюць абароненасць», іншыя занятыя прыняццем законаў накшталт указа «Аб спецыяльных рахунках». З аднаго боку, гэта выпадак, калі правая рука не ведае, што робіць левая, — чыноўнікам даводзіцца працаваць ва ўмовах, калі лаяльнасць цэніцца вышэй за кампетэнтнасць. Таму такія супярэчнасці для іх становяцца нормай. Гэта своеасаблівае пасланне бізнесу пра тое, якога тыпу інвестараў чакаюць у Беларусі. Для такога бізнесу выхад на мясцовы рынак праходзіць не праз біржы і свабодныя эканамічныя зоны, а праз высокія дзверы чынавенскіх кабінетаў.

Комплекс праблем, які стварае гэты ўказ, абмаляваць нескладана. Гэта і зніжэнне даверу паміж інвестарам і дзяржавай, і павышэнне рызыкі вядзення бізнесу ў Беларусі, што цягне падаражанне крэдыту і лагістыкі. Але калі гаворкі пра доўгатэрміновае планаванне ў эканоміцы не ідзе, такая эрозія бізнес-клімату становіцца нормай.

Чытайце таксама

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO