Па справе пра карупцыю затрыманыя гендырэктар Бярозаўскага мясакансервавага камбіната Уладзімір Жуковіч і заснавальнік ТАА «Навукова-вытворчая кампанія „Мітрэйд-Інвест“» Сяргей Орлікаў, расказалі ў эфіры АНТ.
У сюжэце сцвярджаецца, што хабар кіраўніку буйнога мясаперапрацоўчага прадпрыемства камерсант перадаваў у адной з дзвюх VIP-залаў прыдарожнай кавярні «Ампір» на трасе М1. Установа належыць Бярозаўскаму МК.
Пасля чарговай сустрэчы мужчын затрымалі аператыўнікі. Ва ўнутранай кішэні пінжака Жуковіча знайшлі 22 тысячы рублёў.
«Пачак двухсотак [Жуковіч] атрымаў за заключэнне дамоваў з кампаніяй „Мітрэйд-Інвест“ на пастаўку харчовых дабавак для камбіната. Прасцей кажучы, камерсант даваў Жуковічу хабар, каб той закупляў у яго спецыі. Даваў прыстойна: не менш за 7 тысяч рублёў раз на квартал і так мінімум з 2015 года. Гаворка ідзе пра сотні тысяч», — паведамілі на АНТ.
Пасля затрымання Сяргей Орлікаў расказаў аператыўнікам, што «ехаў з Бярозы», дзе сустракаўся з Жуковічам.
— Задаю пытанне адзін раз. Добраахвотна пра факты здзейсненага злачынства хочаце заявіць? Калі вы зараз заяўляеце добраахвотна, вы можаце быць вызваленыя ад крымінальнай адказнасці за даванне хабару ў тым ліку. Калі не заяўляеце, будзеце прыцягнутыя, — сказаў затрыманаму аператыўнік.
— Ніякага хабару не браў, — адказаў Орлікаў.
Пазней бізнесовец расказаў аператыўнікам, што перадаў Жуковічу 22 тысячы рублёў «як сябар» на будаўніцтва «пад агратурызм».
— Гэта не хабар? — удакладніў сілавік.
— Не!
У сюжэце АНТ паведамілі, што за Жуковічам і Арлікавым доўгі час сачылі, фіксавалі кожны крок.
«Трэба сказаць, абодва выконвалі меры канспірацыі: ніякіх званкоў, паведамленняў і лічбавых слядоў. Камерсант пад’язджаў да камбіната, пакідаў машыну за рагом і ішоў да Жуковіча. <…> У кабінет генеральнага [Орлікаў] заходзіў як да сябе дадому. Пра крымінальныя справы ў кабінеце не гаварылі, разумеючы, што нават у сценаў ёсць вушы», — паведамілі ў эфіры тэлеканала.
Сцвярджаецца, што падчас ператрусу ў кабінеце кіраўніка Бярозаўскага МК былі знойдзеныя дзве прылады: адна блакавала радыёсігналы, а другая прызначалася для выяўлення «жучкоў».
У VIP-зале кавярні «Ампір», дзе, паводле сцверджанняў аператыўнікаў, Орлікаў перадаваў Жуковічу хабар, на сцяне вісеў манітор, на які выводзілася карцінка з усталяваных ва ўстанове камер відэаназірання. Уваход у памяшканне быў асобны, што дазваляла непрыкметна ўвайсці і выйсці.
На АНТ таксама расказалі, што Жуковіч выкупіў былую базу адпачынку на возеры Белае ў Бярозаўскім раёне. Дзяржслужбоўцу займацца камерцыяй забаронена, таму аб’ект аформілі на жонку Орлікава.
«І [Жуковіч з Орлікавым] дамовіліся, калі трапяцца на месцы злачынства, скажуць, што ніякі гэта не хабар, а грошы на рэканструкцыю базы. Але абодва злілі легенду ў першыя паўгадзіны [пасля затрымання]», — заявілі на АНТ.
Яшчэ адна схема, якую нібыта выкарыстаў кіраўнік мясакамбіната, заключалася ў тым, што грошы за сыравіну ён пералічваў не наўпрост гаспадаркам, а аўтасэрвісу, які належыць яго сыну, дзе сельгаспрадпрыемствы рамантавалі тэхніку і бралі запчасткі, расказалі на АНТ.
«Што гэта, калі не лабіяванне інтарэсаў?! Цяпер высвятляюць, ці сапраўды Жуковіч патрабаваў у гаспадарак заключаць трохбаковыя дамовы і не закупляў сыравіну ў тых, хто адмаўляўся», — удакладнілі ў сюжэце.
Таксама на ТБ паказалі маёмасць, якая належыць сем’ям затрыманых. У Жуковіча налічылі адзін будынак, пяць зямельных участкаў і сем аўтамабіляў. У Орлікава: 22 будынкі, 14 участкаў, 8 жылых памяшканняў і 10 транспартных сродкаў.
«Ад „А“ да „Я“ забяспечаныя і тыя, і тыя. Некаторым дзецям усяго па два гады, але ў іх ужо столькі нерухомасці і зямлі, што не кожны бізнесовец пахваліцца. Машыны і прэміум-класа, і прасцейшыя», — заявілі ў эфіры АНТ і паказалі чырвоную Audi, на якой нібыта ездзіць дачка Жуковіча, пры гэтым аўтамабіль аформлены на Орлікава.
Пасля затрымання і Орлікаў, і Жуковіч далі прызнальныя паказанні. Цяпер правяраецца дачыненне гендырэктара Бярозаўскага МК да атрымання хабару ад прадстаўнікоў іншых камерцыйных структур.
У эфіры АНТ падкрэслілі, што Жуковіч быў «далёка не адзіным», якому Орлікаў насіў хабар:
— Гаворка пра ўсе рэгіёны Беларусі.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO