Опубликовано 13 чэрвеня 2024 у 14.53
Адрес в интернете: https://zerkalo-area.site/news/economics/70660.html    

«Хто наступны?» Чыноўнікі ўзяліся за яшчэ адну катэгорыю работнікаў

Міністэрства падаткаў і збораў хоча ўвесці змены для падатковых кансультантаў. Ведамства вынесла на грамадскае абмеркаванне адпаведны законапраект. Новаўвядзенні сярод іншага мяркуюць, што спецыялісты, якія пацвердзілі кваліфікацыю да 1 чэрвеня гэтага года, мусяць будуць прайсці пераатэстацыю. Як плануецца, зрабіць гэта трэба будзе цягам шасці месяцаў пасля прыняцця змяненняў (калі іх увядуць).

Фото: pixabay.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

Такія кансультанты сярод іншага тлумачаць, як працуе падатковае заканадаўства, дапамагаюць запаўняць дэкларацыі для фізічных асоб і кампаній.

Як гаворыцца ў абгрунтаванні да законапраекта, чыноўнікі хочуць увесці ліцэнзаванне для падатковых кансультантаў, а таксама прымусіць іх прайсці пераатэстацыю. Яшчэ МПЗ прапануе ўдакладніць патрабаванні да прэтэндэнтаў на такую працу, а таксама пашырыць іх правы і абавязкі і ўвесці «механізм кантролю якасці аказваных паслуг».

«Я як падатковы кансультант лічу немэтазгодным правядзенне пераатэстацыі ў форме вуснага экзамену. Мяркую, што, атрымаўшы атэстат паўгода таму, не магла страціць сваю кваліфікацыю або што веды мае неяк змяніліся, — адзначыла адна з каментатарак законапраекта. — Ці камісія, якая мне прысвоіла гэты атэстат, сумняваецца ў тым, што нешта зрабіла не так. Мы ж і так павінныя раз на два гады пацвярджаць сваю кваліфікацыю. Многія кансультанты не будуць пераздаваць экзамены, а адпаведна, атрымліваць атэстат. Як вынік, падатковых кансультантаў стане менш разы ў тры, і ўся нагрузка пяройдзе на падатковыя органы».

Яшчэ адзін каментатар законапраекта лічыць, што праз прапанаваныя новаўвядзенні можа вырасці нагрузка на падаткавікоў.

«Умова пагалоўнай пераатэстацыі ўсіх падатковых кансультантаў у шасцімесячны тэрмін — залішняя мера, якую неабходна выключыць, — напісаў яшчэ адзін каментатар. — Калі ёсць неабходнасць у дадатковай праверцы ўсіх падатковых кансультантаў, то гэта можна зрабіць у рамках абавязковага павышэння кваліфікацыі. У падатковых кансультантаў ёсць абавязак праходзіць павышэнне кваліфікацыі не радзей 1 разу на 2 гады — значыць, у рамках гэтага павышэння і правесці пераатэстацыю ўсіх цягам 2 гадоў».

«Адвакатаў пераатэставалі. Юрыстаў атэставалі. Цяпер падатковыя кансультанты. Хто наступны?» — задаецца пытаннем у сваім тэлеграм-канале юрыст Ілля Латышаў. «Сантэхнікаў трэба пераатэставаць, зусім ад рук адбіліся ўжо!» — адказалі яму ў каментарах.

Чытайце таксама

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO