КДБ зацікавіўся супрацоўнікамі ваенізаванай аховы (ВОХР) на чыгунцы, паведамляла выданне «Наша Ніва». Што адбываецца? Пагаварылі пра гэта з аўтарам «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі» Сяргеем Вайцяховічам.
— Наколькі нам вядома, паводле нашых крыніц, усё гэта рыхтавалася яшчэ тры месяцы таму: запытваліся спісы ўсіх работнікаў, — кажа Вайцяховіч. — Усё гэта праводзяць сумесна ГУБАЗіК і КДБ. Калі меркаваць, чаму менавіта цяпер пачаліся чысткі, то, хутчэй за ўсё, праз тое, што пачала працаваць камісія па праверцы стану і ўзроўню абароненасці аб’ектаў крытычна важнай інфраструктуры ад тэрарыстычных пагроз, праяваў экстрэмісцкага характару і іншага дэструктыўнага ўмяшання. А наконт масавасці магу сказаць, што гэта адбываецца на ўсіх дарогах і на вечар пятніцы закранула ўжо мінімум 30 чалавек. Проста кагосьці затрымліваюць, кагосьці адпускаюць да суда, камусьці даюць «адміністратыўку», а кагосьці адразу ў СІЗА. Ужо вядома, што былі суды. Камусьці далі шэсць сутак, камусьці сем.
Як сцвярджае суразмоўца, супрацоўнікаў аховы затрымлівалі за каментары, лайкі і прысутнасць у «пратэсных» чатах. Звальненні, паводле яго словаў, з тых самых прычын, і ў тым ліку праз «неадпаведнасць кодэксу чыгуначніка».
— На працы чыгункі гэта асабліва не адаб’ецца. Напэўна, возьмуць новых людзей, ніякіх праблем не будзе. У ваенізаванай ахове цякучка адна з самых вялікіх, там практычна ўсе былыя міліцыянты, — кажа ён.
Сяргей пацвярджае: у буйным чыгуначным вузле, акружаным палігонамі і вайсковымі часткамі, у Баранавічах пасады страцілі начальнік атрада і яго намеснік.
— Звальненні кіраўніцтва, хутчэй за ўсё, адбыліся праз тое, што яны «распусцілі» штат. І не кантралююць гэта з пункту гледжання ідэалогіі, — лічыць ён.
Акрамя таго, паводле інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», найбліжэйшым часам прагназуецца значнае павелічэнне вайсковых перавозак, у тым ліку на фоне планаваных вучэнняў АДКБ і пашырэння «Саюзнай групоўкі войскаў» на тэрыторыі Беларусі.
Распечатано с портала ZERKALO.IO