Опубликовано 12 снежня 2023 у 17.14
Адрес в интернете: https://zerkalo-area.site/news/life/56116.html    

У Салігорску паніка: аўтары ананімнага тэлеграм-канала пагражаюць «зладзіць бойню» ў школах. Вось што пра гэта кажуць у РУУС і ўпраўленні адукацыі

Жыхары Салігорска панікуюць: па чатах і мясцовых пабліках ходзяць скрыны з тэлеграм-канала, у якім невядомы пагражае забіваць школьнікаў. Паводле аўтара, усё мусіць пачацца нібыта ў гэты чацвер, бо адмін ўжо «набраў змоўшчыкаў і аднадумцаў». Расказваем, што адбываецца і як сітуацыю каментуюць улады.

Записи в анонимном телеграм-канале, призывающем к бойне в солигорских школах, 12 декабря 2023 года. Скриншот телеграм-канала
Запісы ў ананімным тэлеграм-канале, які заклікае да бойні ў салігорскіх школах, 12 снежня 2023 года. Скрыншот тэлеграм-канала

Сам канал з пагрозамі ў адрас салігорскіх школьнікаў з’явіўся 11 снежня. Як сцвярджае яго аўтар, ён «паўгода рыхтаваўся», «набіраў змоўшчыкаў і аднадумцаў» і ўжо ў гэты чацвер плануе «зладзіць бойню» ў дзвюх школах горада.

— Салігорскія дзеці згуляюць у гульню з намі. Бяжыце ад дробу — вясёлая матэматычная гульня, — піша аўтар канала.

У канале публікуюць фота зброі, негатыўныя пасты ў адрас дзяцей і заклікі далучацца.

Як занепакоеная мама салігорскага школьніка журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў мясцовае РУУС. Там расказалі: наш званок па гэтым пытанні быў ужо не першы.

— Разбіраемся, але пакуль нічога вам сказаць не магу.

— А будуць неяк школы ахоўвацца, пакуль вы разбіраецеся? Бо незразумела: ці гэта дурны жарт, ці рэальна трэба дзіця дома пакідаць.

— Я думаю, калі будзе нейкая пагроза для жыхароў горада Салігорска, давядуць дадаткова.

У тэлеграм-канале УУС Мінскага аблвыканкама паведамілі, што «аб'ектыўных прычын для турботы няма». А сам тэлеграм-канал назвалі «чарговай інфармацыйнай атакай з-за мяжы».

Мы таксама патэлефанавалі ва ўпраўленне адукацыі Салігорскага райвыканкама. Там пра сітуацыю чулі, але таксама ўпэўненыя, што падставы для панікі няма.

— Гэтым пытаннем займаюцца адпаведныя органы. Дадзеная інфармацыя правяраецца, вядзецца вывучэнне чатаў. Таму, напэўна, не варта турбавацца, усё будзе добра. Мы з гэтым толькі сёння сутыкнуліся, аднак прымаюцца ўсе меры для таго, каб разабрацца ў гэтым пытанні. Не хвалюйцеся, усё будзе добра, мы ўсе ў гэтым зацікаўленыя.

— Проста незразумела, весці дзіця ў школу або лепш дома пасядзець на ўсялякі выпадак?

— Думаю, турбавацца не варта. Гэта ажыятаж ствараецца, і сёння мы гэта ўбачылі. Спадзяёмся, што будуць прынятыя ўсе меры. У нас ёсць ахова, якая ажыццяўляе ахоўную дзейнасць установаў адукацыі, і я думаю, што пытанне бяспекі ў нас будзе стаяць на першым месцы.

Нагадаем, у пачатку снежня васьмікласніца ўчыніла страляніну ў школе ў расійскім Бранску. Паводле папярэдніх звестак следства, 14-гадовая дзяўчына прынесла ў школу помпавую стрэльбу, з якой зрабіла стрэлы ў сваіх аднакласнікаў. У выніку здарэння двое загінулі (адна з іх — тая, што страляла), пяцёра пацярпелі. Паводле паведамленняў расійскіх СМІ, школьніца, якая страляла, скончыла жыццё самагубствам.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO