Прыхільніца «рускага свету» Эльвіра Мірсалімава з Віцебска запатрабавала караць «недатыкальных асоб» за «распаўсюд экстрэмізму», заўважыла «Віцебская Вясна». Раней па гэтым артыкуле былі асуджаныя і сама Мірсалімава, і некалькі яе аднадумцаў.
Нядаўна мясцовы актывіст Дзмітрый Карнеенка звярнуўся ў міліцыю са скаргай на выбіральнае прымяненне ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі). Паводле яго, пад суд па гэтым артыкуле з наступным пакараннем трапляюць звычайныя беларусы, у той час як у сацсетках «недатыкальных» таксама можна знайсці спасылкі на так званыя экстрэмісцкія рэсурсы. Сярод гэтых «недатыкальных» Карняенка назваў жонку старшыні аблвыканкама, кіраўніка праўладнага Саюза пісьменнікаў, дырэктара абласнога краязнаўчага музея і іншых.
Яго нечакана падтрымала Эльвіра Мірсалімава.
«Я зусім не хачу, каб гэтыя вядомыя і ўплывовыя віцебскія людзі селі ці былі аштрафаваныя, як я, мае аднадумцы ці простыя „рабацягі“. Але калі мы гаворым пра „дзяржаву ўнікальнай сацыяльнай справядлівасці“, то і падыход да ўсіх мусіць быць аднолькавы, незалежна ад пасады і статусу», — заявіла актывістка.
Пры гэтым самога Карнеенку яна назвала «даносчыкам», нагадаўшы, што па яго заяве яе саму таксама абвінавацілі і аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмізму». Мірсалімава падкрэслівае, што яе судзілі за тое самае, за што і «змагароў» (то-бок прыхільнікаў пераменаў у Беларусі), хоць яна не прыхільніца апазіцыі і таму чакала лаяльнейшага стаўлення.
Нагадаем, Эльвіра Мірсалімава ў пачатку 2024 года адседзела двое сутак у ізалятары часовага ўтрымання за перадрук паста расійскага прапагандыста Уладлена Татарскага, які загінуў у Санкт-Пецярбургу.
Раней таксама стала вядома пра затрыманне ледзь не самай вядомай праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай — як расказаў яе муж, жанчыну адправілі на «суткі» ўсё па тым жа «экстрэмісцкім» артыкуле. Неўзабаве на «суткі» трапіў і яе «калега» — Сяргей Лашкоў.