Тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!» высветліў імя святара, якога асудзілі на 4,5 года калоніі за смяротную аварыю ў Віцебску. Гэта клірык храма Матроны Маскоўскай у мікрараёне Білева, іерэй Дзімітрый Фёдараў.
Нагадаем, 9 студзеня на праспекце Чарняхоўскага 43-гадовы мужчына на чужым Mercedes-Benz Sprinter перавысіў хуткасць на 34 км/г, паехаў на чырвонае святло і збіў на пераходзе 9-гадовага хлопчыка, што пераходзіў дарогу на зялёнае. Дзіця ад атрыманых траўмаў памерла ў бальніцы.
На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну і раскаяўся, акрамя таго, «добраахвотна часткова» кампенсаваў маральную шкоду бацькам хлопчыка — у памеры 770 рублёў кожнаму.
У судзе агучылі, што раней мужчына прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР. У тым ліку яго тройчы пазбаўлялі правоў.
Суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека, і на падставе ч. 2 арт. 317 КК прызначыў 4 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму з пазбаўленнем на 5 гадоў права кіравання аўто.
З уладальніка машыны на карысць маці і бацькі загінулага хлопчыка спагналі 99 230 рублёў кожнаму «з улікам частковай добраахвотнай кампенсацыі маральнай шкоды абвінавачаным».
Тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!» высветліў, што віноўнік смяротнага ДТЗ, пазначаны судом ініцыялам «Ф.», — праваслаўны святар.