Словам Лукашэнкі нельга верыць, бо ён часта робіць супярэчлівыя заявы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Так пракаментаваў «Люстэрку» заяву Лукашэнкі пра нібыта прапанаваны Кіевам Мінску пакт аб ненападзе старшыня камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Мярэжка.
«Я не веру, што такая прапанова магла наогул быць. Нават з чыста фармальнага пункту гледжання заключэнне любога міжнароднага пагаднення — гэта працяглы, фармалізаваны і публічны працэс. Прычым такое пагадненне часта патрабуе ратыфікацыі парламентам», — патлумачыў Аляксандр Мярэжка.
Ён таксама дадаў, што «з чыста псіхалагічнага пункту гледжання Лукашэнку нельга верыць».
«Лукашэнка часта робіць супярэчлівыя заявы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці», — адзначыў Мярэжка.
Нагадаем, сёння, 24 студзеня, Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё абурэнне на адрас Украіны. Паводле яго словаў, Кіеў прапануе Мінску заключыць пакт аб ненападзе і пры гэтым «працягвае рыхтаваць баевікоў і экстрэмістаў». У Крамлі не змаглі пракаментаваць словы Лукашэнкі, бо не маюць інфармацыяй па гэтым пытанні.
Пасля абвяшчэння пра пачатак «спецыяльнай ваеннай аперацыі» Уладзімірам Пуціным 24 лютага расійскія войскі ўвайшлі ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, што зрабіла нашую краіну суўдзельніцай акту ваеннай агрэсіі, нягледзячы на ўсе абяцанні Лукашэнкі ўкраінскім лідарам, што «ніколі з нашай тэрыторыі не будуць атакаваць Украіну». Да таго ж з тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя ўдары па ўкраінскіх пазіцыях — гэта прызнаваў і сам Лукашэнка. Ён прызнаў, што Беларусь «лечыць і корміць» расійскіх вайскоўцаў. На тэрыторыі нашай краіны расійскія войскі таксама праходзяць навучанне.
Распечатано с портала ZERKALO.IO