Опубликовано 10 сакавiка 2023 у 15.47
Адрес в интернете: https://zerkalo-area.site/news/world/34346.html    

ПВК Вагнера паставіла наступ на Бахмут на часовую тактычную паўзу, армія Расіі рыхтуецца да атакі на Вуглядар. Галоўнае са зводак

У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што працягваюць актыўныя баявыя дзеянні на Данецкім напрамку, на астатніх — наносяць авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што за суткі адбілі 102 атакі расійскіх войскаў. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што наступальная аперацыя ПВК Вагнера ва ўсходнім Бахмуце, падобна, пастаўленая на часовую тактычную паўзу.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 380-ы дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: расіяне не пакідаюць спробаў акружыць Бахмут

За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 95 ракетных і 31 авіяцыйны ўдар, правялі 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

— Расійскія войскі не пакідаюць спробаў акружыць Бахмут, вядуць наступ на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі УСУ адбілі 102 атакі на гэтых напрамках.

— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках за мінулыя суткі праціўнік абстраляў з артылерыі восем населеных пунктаў.

— На Купянскім і Ліманскім напрамках праціўнік спрабуе палепшыць тактычнае становішча. Абстраляў 11 населеных пунктаў.

— На Бахмуцкім напрамку расіяне не перастаюць штурмаваць Бахмут. Адбітыя шматлікія атакі ў раёнах Жалязнянскага, Арэхава-Васільеўкі, Дубова-Васільеўкі, Бахмута і Іванаўскага. Абстрэлам падвергліся дзевяць населеных пунктаў.

— На Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках расійскія войскі беспаспяхова спрабавалі наступаць непадалёк ад населеных пунктаў Краснагораўка, Каменка, Вадзяное, Паўночнае, Першамайскае, Невельскае, Мар'інка, Перамога, Новаміхайлаўка і Вуглядар Данецкай вобласці. Варожым абстрэлам падвергліся 10 населеных пунктаў.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расіяне абараняюцца. Абстрэлам падвергліся раёны 13 населеных пунктаў.

— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 13 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка, а таксама ўдар па зенітна-ракетным комплексе на агнявой пазіцыі.

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, шэсць раёнаў канцэнтрацыі асабовага складу, два лагістычныя цэнтры, тры склады боепрыпасаў, шэсць станцый радыёэлектроннай барацьбы і два сродкі СПА на агнявой пазіцыі.

У Генштабе сцвярджаюць, што з мэтай дыскрэдытаваць сілы абароны Украіны расійскія войскі з мінамётаў абстралялі ў Херсонскай вобласці горад Алешкі. У Рубежным Луганскай вобласці асабовы склад расійскіх сіл размяшчаюць у жылых кварталах, прыкрываючыся мірным насельніцтвам: вайскоўцы рассяляюцца на першым і другім паверхах, а вышэй пакідаюць жыць цывільных.

Мінабароны РФ: збілі Су-27 і дзевяць HIMARS

У Міністэрстве абароны Расіі зноў заяўляюць пра вялікія страты УСУ на ўсіх напрамках.

— На Купянскім напрамку артылерыя Заходняй групоўкі войскаў нанесла ўдар па УСУ ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка Луганскай вобласці, Гранікаўка, Сінькоўка і Цімкаўка Харкаўскай вобласці. Забітыя да 40 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку артылерыя і ракетныя войскі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанеслі паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ямполаўка, Чырвоны Ліман, Грыгораўка Данецкай вобласці і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Страты УСУ на гэтым напрамку за суткі склалі да 120 вайскоўцаў, два пікапы, гаўбіца Д-30, а таксама адна артылерыйская сістэма М777.

— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў авіяцыі і агню артылерыі за суткі знішчаныя звыш 120 украінскіх вайскоўцаў, сем баявых браніраваных машын, тры аўтамабілі, гаўбіцы Д-20 і Д-30, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».

— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамку авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Усход» нанеслі комплекснае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар Данецкай вобласці, Гуляйполе, Праабражэнка і Шчарбакі Запарожскай вобласці. За суткі на гэтых напрамках знішчаныя звыш 50 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, тры пікапы, а таксама гаўбіца Д-30.

— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння страты праціўніка за суткі склалі да 20 украінскіх вайскоўцаў, чатыры аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 83 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 127 раёнах. Пабіты ўкраінскі зенітны ракетны комплекс С-300. Збіты самалёт Су-27 Паветраных сіл Украіны, дзевяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS і знішчаныя сем беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: наступ на Вуглядар абяцае мала аператыўных выгад

9 сакавіка расійскія войскі нанеслі самы буйны ракетны ўдар па Украіне ў 2023 годзе, але, хутчэй за ўсё, гэтая атака паслужыла толькі мэтам расійскай дзяржаўнай прапаганды,​​ адзначаюць у зводцы эксперты Інстытута па вывучэнні вайны.

Расія нанесла ўдар па крытычна важнай інфраструктуры Украіны 84 рознымі ракетамі, а таксама атакавала з дапамогай васьмі беспілотнікаў Shahed-136. Украінскія афіцыйныя асобы, расійскія блогеры і кадры з сацыяльных сетак сведчаць, што ў пераважнай большасці была атакаваная энэргетычная інфраструктура Украіны, хоць МА РФ заявіла, што ўдар быў нанесены па ўкраінскай ваеннай інфраструктуры, ваенна-прамысловых комплексах і энергетычнай інфраструктуры, якая падтрымлівае ўкраінскія ўзброеныя сілы, у якасці адплаты за «тэракт» у Бранскай вобласці.

ISW працягвае лічыць, што гэтыя ракетныя ўдары не падарвуць волю Украіны і не палепшаць пазіцыі Расіі на перадавой. Эксперты таксама кажуць, што Крэмль, імаверна, наўмысна запусціў ракеты, якія ўкраінская сістэма СПА не можа перахапіць, нягледзячы на невялікі запас такіх ракет. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, імаверна, выкарыстаў гэтыя бедныя запасы для безвыніковых атак, каб супакоіць расійскія праваенныя і ультранацыяналістычныя колы, якія пераважнай большасцю заклікалі яго адпомсціць за інцыдэнт у Бранскай вобласці, адзначаюць у Інстытуце. Аднак расійскія блогеры ўдар раскрытыкавалі, адзначыўшы, што Крамлю неабходна мяняць падыход, улічваючы, што Украіна прыстасавалася да ўсталяванай схемы нападаў на сваю энергасістэму.

Расійскія войскі, імаверна, прасунуліся на паўночны захад ад Бахмута, павялічваючы тэмпы наступу ў гэтым раёне. У Інстытуце адзначаюць, што кадры з геалакацыяй паказваюць на тое, што сілы Вагнера, імаверна, захапілі Дубова-Васільеўку за 6 км на паўночны захад ад Бахмута. Разам з тым эксперты звяртаюць увагу на тое, што ўкраінскія сілы, імаверна, адціснулі расійскія войскі ад Хромава і ўмацоўваюць свае пазіцыі вакол крытычна важных рубяжоў сувязі ля гэтага населенага пункта. Расійскія сілы могуць часова сканцэнтраваць свае аператыўныя намаганні на паўночны захад ад Бахмута, каб стварыць умовы для будучых наступальных аперацый, скіраваных супраць гэтых умацаваных пазіцый у раёне Хромава або абысці іх у спробе шырэйшага акружэння.

У той жа час наступальная аперацыя ПВК Вагнера ва ўсходнім Бахмуце, падобна, на часовай тактычнай паўзе, і застаецца незразумелым, ці захаваюць штурмавікі Вагнера сваю аператыўную перавагу ў будучых расійскіх наступальных аперацыях у горадзе. Эксперты адзначаюць, што паведамленняў пра тое, што баевікі Вагнера вядуць наступальныя аперацыі з усходняга Бахмута ў цэнтральныя раёны горада, не было. Байцы «Вагнера» дзевяць месяцаў праводзяць лабавыя атакі на ўсход Бахмута, моцна знясіленыя і, імаверна, не гатовыя да фарсіравання ракі Бахмуткі ў цяперашні час, робяць яны выснову.

Прыбыццё ў гэты раён вялікай колькасці рэгулярных расійскіх войскаў можа сведчыць пра тое, што войска РФ збіраецца кампенсаваць магчымую кульмінацыю наступальных аперацый Вагнера ў Бахмуце. Штурмавікі «Вагнера» таксама могуць узяць часовую тактычную паўзу ў чаканні гэтых падмацаванняў і падрыхтавацца да знясільвальных аперацый у цэнтры Бахмута.

Расійскія войскі таксама могуць рыхтавацца да новага наступу ў раёне Вуглядара, хоць праблемы з асабовым складам і боепрыпасамі, імаверна, будуць па-ранейшаму стрымліваць іх прасоўванне там. Эксперты звярнулі ўвагу на заяву вайскоўцаў 136-й асобнай мотастралковай брыгады 58-й агульнаваеннай арміі Паўднёвай ваеннай акругі РФ, якія просяць у камандавання дадатковыя артылерыйскія боепрыпасы. З яго вынікае, што яны рыхтуюцца замяніць у гэтым раёне 155-ю брыгаду марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту і правесці там наземныя атакі. У Інстытуце нагадваюць, што 155-я брыгада марской пяхоты панесла катастрафічныя страты падчас трохтыднёвага лютаўскага наступу на Вуглядар.

Малаімаверна, што 136-я мотастралковая брыгада зможа дамагчыся тактычнага поспеху ў наступе пад Вуглядарам, якога не змаглі дамагчыся 155-я брыгада марской пяхоты, 40-я брыгада марской пяхоты і іншыя расійскія злучэнні пасля шматмесячнай падрыхтоўкі да пачатку наступу на гэтым напрамку, кажуць у ISW.

Між тым, адзначаюць у Інстытуце, армія Расіі можа аднавіць наступальныя аперацыі пад Вуглядарам нягледзячы на тое, што яны абяцаюць мала аператыўных выгад. Паведамляецца, што міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу загадаў камандуючаму Усходняй ваеннай акругай (УВА), генерал-палкоўніку Рустаму Мурадаву, любой цаной узяць Вуглядар, каб адказаць на крытыку што да адсутнасці прагрэсу ў арміі РФ на гэтым напрамку.

Дагэтуль незразумела, ці вырашыў Шайгу даць Мурадаву неабходныя рэсурсы для аднаўлення наступу, але генерал-палкоўнік, каб прадэманстраваць сваю кампетэнтнасць у якасці камандуючага, сам можа вырашыць, што яму неабходна аднавіць наступальныя аперацыі. У любым выпадку, лічаць у ISW, аднаўленне наступаў вакол Вуглядара «было б нерацыянальным выкарыстаннем і без таго аслабленых сіл для ўсё больш бессэнсоўных аператыўных дзеянняў». У Інстытуце нагадваюць, што расійскім сілам спатрэбіцца прасунуцца на 24 км ад цяперашняй лініі фронту ў раёне Вуглядара, каб яны маглі падтрымліваць аперацыі ў іншых частках Данецкай вобласці.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • расійскія войскі працягвалі наносіць наземныя ўдары па ўсёй мяжы Купянск — Сватава — Крамянная;

  • расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні ў Бахмуце і яго ваколіцах, але не завяршылі абыход, не акружылі горад;

  • расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на ўскраінах Данецка і ў раёне Вуглядара;
  • украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія акупацыйныя ўлады рыхтуюцца да вясновай мабілізацыі 2023 года на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей, у якую могуць быць уключаныя падлеткі мужчынскага полу 2006 года нараджэння;

  • расійскія афіцыйныя асобы і акупацыйныя ўлады працягваюць намаганні па інтэграцыі акупаваных тэрыторый у расійскую палітычную і бюракратычную сістэмы.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO