Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. З усёй краіны арганізавана звозяць гледачоў на канцэрты, прыдуманыя нявесткай Лукашэнкі. Колькі за гэта плацяць падаткаплатнікі
  2. Качанава абурылася ахвяраваннем правоў дзеля палітыкі, але не ўспомніла пра рэпрэсіі ў Беларусі
  3. Афіцыйныя прафсаюзы б'юць трывогу праз пенсіі і заробкі бюджэтнікаў. Што з імі не так
  4. Гандлёвыя войны, падзенне цэн на нафту — якіх курсаў чакаць у красавіку: прагноз па валютах
  5. «Чакаем, калі з'явіцца». Былы муж Анжалікі Мельнікавай расказаў, дзе цяпер ён і дзеці і ці ведае пра месцазнаходжанне спікеркі КР
  6. Што з грашыма, якія мусіў атрымаць фонд зніклай Анжалікі Мельнікавай? Вось што даведалася «Люстэрка»
  7. Беларусы выкарыстоўваюць лайфхак, каб хутчэй атрымаць шэнген. Даведаліся, што за ён
  8. В ближайшее время Россия, вероятно, нанесет очередной массированный удар по Украине — ISW
  9. «Няважна, застаюцца працаваць ці ідуць на пенсію». Наймальнікаў папрасілі даць звесткі пра супрацоўнікаў — навошта
  10. В Беларусь пытались ввезти рекордную контрабанду взрывчатки. Вот что узнало «Зеркало» о водителе
  11. «Наша Ніва»: Муж беларусской журналистки за границей не единственный, кто имеет паспорт прикрытия
  12. Чыноўнікі расказалі, якія тавары могуць падаражэць найбліжэйшым часам. Тлумачым, з чым гэта звязана
  13. У беларускіх турмах прымушаюць насіць розныя біркі. Так ужо рабіла раней адна краіна — і ўладам Беларусі не спадабаецца параўнанне
Читать по-русски


У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што самыя актыўныя спробы наступальных дзеянняў падраздзяленні УСУ рабілі на трох напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі паспрабавалі вярнуць страчаныя пазіцыі ў раёне Макараўкі Данецкай вобласці. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі, чаму расійская дыверсія на ЗАЭС, пра якую папярэдзіў Уладзімір Зяленскі, «застаецца малаімавернай, але не немагчымай».

Фото: facebook.com/GeneralStaff.ua
Фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 485-ы дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: За суткі адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў з праціўнікам

За суткі армія РФ нанесла ракетны і авіяцыйны ўдары па тэрыторыі Украіны, выкарыстаўшы тры аэрабалістычныя ракеты Х-47 «Кінжал», тры крылатыя ракеты Х-22 і чатыры дроны-камікадзэ Shahed-136/131. Акрамя таго, нанесла 49 авіяцыйных удараў, правяла каля 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

— Праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за суткі на іх адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў.

— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах Агірцава і Плецянёўкі Харкаўскай вобласці. Абстралялі з мінамётаў і артылерыі 17 населеных пунктаў Сумскай і Харкаўскай абласцей.

— На Купянскім напрамку праціўнік спрабаваў наступаць у кірунку Сінькоўкі. Нанёс авіяцыйны ўдар каля Кіслоўкі. З артылерыі і мінамётаў абстраляў дзесяць населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.

— На Ліманскім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў кірунку Белагораўкі Луганскай вобласці. Нанеслі авіяўдары ў раёнах шасці населеных пунктаў, з артылерыі абстралялі восем населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.

— На Бахмуцкім напрамку праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў Данецкай вобласці, абстраляў — дзевяць.

— На Аўдзееўскім напрамку расійскія войскі вялі наступ у раёнах Паўночнага і Аўдзееўкі, але поспеху не мелі. Нанеслі авіяўдары каля Аўдзееўкі і Невельскага. З артылерыі абстралялі пяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.

— На Мар'інскім напрамку праціўнік праводзіў наступальныя дзеянні ў кірунку Мар'інкі і Перамогі Данецкай вобласці. Нанёс авіяцыйны ўдар каля Краснагораўкі, абстраляў чатыры населеныя пункты Данецкай вобласці.

— На Шахцёрскім напрамку войска РФ нанесла авіяцыйны ўдар у раёнах Залатой Нівы, Вялікай Навасёлкі і Благадатнага, абстраляла тры населеныя пункты Данецкай вобласці.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць весці абарончыя дзеянні, засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні прасоўвання ўкраінскіх сіл. Спрабавалі аднавіць страчанае становішча ў раёне Макараўкі Данецкай вобласці. Нанеслі авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў, абстралялі з артылерыі 22 населеныя пункты Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.

— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла сем удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і чатыры — па зенітна-ракетных комплексах расійскіх сіл.

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за суткі пабілі пункт кіравання, чатыры раёны канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі, два склады боепрыпасаў, склад гаруча-змазачных матэрыялаў, 23 артылерыйскія падраздзяленні на агнявых пазіцыях, два сродкі радыёэлектроннай барацьбы і два вузлы сувязі арміі РФ.

Мінабароны Расіі: Спынілі дзейнасць шасці ўкраінскіх ДРГ

«Сёння ноччу Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі нанесены групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага базавання па месцах захоўвання ракетнага ўзбраення УСУ, у тым ліку замежнай вытворчасці. Мэты ўдару дасягнутыя. Усе прызначаныя аб’екты пабітыя», — заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.

— Цягам сутак самыя актыўныя спробы наступальных дзеянняў падраздзяленні УСУ рабілі на Паўднёва-Данецкім, Запарожскім і Данецкім напрамках.

— На Паўднёва-Данецкім напрамку ў выніку дзеянняў падраздзяленняў групоўкі войскаў «Усход», удараў авіяцыі і агню артылерыі на Урэмеўскім выступе адбітыя тры атакі зводных падраздзяленняў УСУ. На Паложскім тактычным напрамку, а таксама ў раёне населенага пункта Марфаполь Запарожскай вобласці спыненая дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.

Агульныя страты УСУ за суткі склалі больш за 130 украінскіх вайскоўцаў, пяць танкаў, тры баявыя машыны пяхоты, тры баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, дзве гаўбіцы Д-20, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab.

— На Данецкім напрамку актыўнымі дзеяннямі Паўднёвай групоўкі войскаў паспяхова адбітыя чатыры атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Першамайскае, Бердычы і Мар'інка Данецкай вобласці. Падчас баёў знішчаныя больш за 90 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, гаўбіцы Д-20 і «Мста-Б». Акрамя таго, у раёне населенага пункта Часаў Яр Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 118-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.

— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў Заходняй групоўкі войскаў за суткі знішчаныя да 30 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Цімкаўка Харкаўскай вобласці спыненая дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёне населенага пункта Плашчанка Луганскай вобласці, а таксама ў Серабранскім лясніцтве. У раёнах населеных пунктаў Ямпалоўка Данецкай і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці спыненая дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.

За суткі знішчаныя да 90 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік», а таксама гаўбіцы Д-20 і Д-30.

— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя больш за 40 украінскіх вайскоўцаў, чатыры аўтамабілі, а таксама артылерыйская сістэма М777.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 93 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 102 раёнах. Сродкамі СПА перахопленыя чатыры тактычныя ракеты «Точка-У», а таксама 15 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS і кіравальных авіяцыйных бомбаў JDAM. Знішчаныя 11 беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: Крамлёўскія чыноўнікі перабольшваюць поспехі Расіі ва Украіне

Украінскія сілы працягвалі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту і, як паведамляецца, 22 чэрвеня дабіліся поспехаў, адзначае Тнстытут па вывучэнні вайны (ISW) у свежай справаздачы.

— Генштаб Украіны паведаміў, што ўкраінскія сілы вялі наступальныя аперацыі ў раёне Крамянной Луганскай вобласці, на захадзе Запарожскай вобласці і на адміністрацыйнай мяжы паміж Запарожскай і Данецкай абласцямі.

— Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што ўкраінскія сілы ў раёне Крамянной дамагліся частковых поспехаў і замацаваліся на новых пазіцыях.

— Афіцыйны прадстаўнік украінскай Таўрычаскай групы войскаў капітан Валерый Шэршань паведаміў, што ўкраінскія сілы прасунуліся да аднаго кіламетра ў заходняй частцы Запарожскай вобласці і на адміністрацыйнай мяжы паміж Запарожскай і Данецкай абласцямі. Шэршань дадаў, што гэтыя ўкраінскія наступы былі тактычнымі мерамі, скіраванымі на паляпшэнне ўкраінскіх пазіцый на фронце.

— Міністэрства абароны Расіі заявіла, што ўкраінскія войскі таксама правялі беспаспяховыя наступальныя аперацыі на фронце Аўдзееўка — Данецк.

— Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў 21 чэрвеня, што з моманту пачатку контрнаступальных аперацый 4 чэрвеня ўкраінскія войскі вызвалілі восем населеных пунктаў і больш за 113 квадратных кіламетраў тэрыторыі.

У Інстытуце адзначаюць, што крамлёўскія чыноўнікі, якія даволі згуртавана публічна абмяркоўваюць украінскае контрнаступленне, прызнаюць, што ўкраінскія сілы будуць працягваць праводзіць аперацыі, але перабольшваюць поспехі Расіі.

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу абвясціў, што Мінабароны да канца чэрвеня сфармуе «рэзервовую армію», новы армейскі корпус і ўмацуе ключавыя злучэнні Заходняй вайсковай акругі ў рамках вызначанай рэструктурызацыі сіл. Шайгу адзначыў, што па стане на 22 чэрвеня пяць палкоў укамплектаваныя і аснашчаныя ўжо на 60 працэнтаў. Заява Шайгу, імаверна, пацвярджае папярэднія паведамленні ISW пра тое, што расійскае ваеннае камандаванне фармуе 25-ю агульнавайсковую армію з навабранцаў з Далёкага Усходу і 40-ы армейскі корпус у складзе Паўднёвай вайсковай акругі. Папярэдняя спроба Расіі сфармаваць добраахвотніцкі 3-і армейскі корпус летам 2022 года не прывяла да стварэння баяздольнай сілы, нагадваюць у ISW.

Эксперты таксама лічаць, што Мінабароны Расіі наўрад ці ўдасца падпісаць кантракты з расійскімі добраахвотніцкімі фарміраваннямі да вызначанага крайняга тэрміну — 1 ліпеня. Яны нагадваюць, што, паводле заяваў Мінабароны, больш за 24 добраахвотніцкія фарміраванні падпісалі кантракты з ім. 10 чэрвеня Мінабароны заяўляла, што цяпер дзейнічае больш за 40 добраахвотніцкіх фармаванняў. У Інстытуце кажуць, што намінальна кантракты могуць быць падпісаныя да названай даты, але наколькі гэтыя фарміраванні будуць падпарадкаваныя камандаванню, незразумела. Як і тое, ці зможа МА хутка ўсталяваць (ці наогул усталяваць) эфектыўны кантроль над фарміраваннямі, калі яны дэ-юрэ падпарадкуюцца міністэрству.

Каментуючы заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што расійскія сілы рыхтуюцца да магчымай дыверсійнай атакі на Запарожскай атамнай электрастанцыі, у ISW адзначаюць, што такі інцыдэнт «застаецца малаімаверным, але не немагчымым».

Расія не зможа кантраляваць наступствы такога інцыдэнту, ён можа паўплываць на расійскія войскі больш, чым на ўкраінскія, якія знаходзяцца на іншым баку Кахоўскага вадасховішча. У першую чаргу могуць пацярпець раёны на акупаваным поўдні, што яшчэ больш знізіць здольнасць Расіі замацавацца там. Расійскія сілы могуць сігналізаваць пра тое, што яны рыхтуюцца да дыверсіі на ЗАЭС, каб прымусіць украінскія войскі адмовіцца ад правядзення контрнаступальных аперацый у гэтым раёне, а Захад — ад аказання далейшай дапамогі Украіне, лічаць у Інстытуце. Аднак разбурэнне плаціны Кахоўскай ГЭС таксама нанесла шкоду расійскім сілам, таму Украіна і яе партнёры мусяць быць гатовыя да магчымага расійскага тэракту на ЗАЭС.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызнаў, што ў заходніх партнёраў розныя чаканні што да контрнаступлення Украіны, і заявіў, што ўкраінскія сілы будуць праводзіць аперацыі так, як Украіна лічыць патрэбным, незалежна ад ціску з боку іншых краін. ISW па-ранейшаму лічыць, што павольны тэмп цяперашніх украінскіх контрнаступальных аперацый не сведчыць пра агульны наступальны патэнцыял украінскіх сіл і што УСУ, імаверна, ствараюць умовы для будучага асноўнага контрнаступлення, на правядзенне якога спатрэбіцца час.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • расійскія і ўкраінскія войскі працягвалі наземныя атакі ў раёне рубяжу Купянск — Сватава;

  • украінскія сілы працягнулі контрнаступальныя дзеянні ў раёне Крамянной;
  • расійскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі ў раёне Бахмута;

  • расійскія і ўкраінскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк;

  • украінскія і расійскія войскі працягнулі наступальныя дзеянні на адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей;

  • украінскія сілы працягнулі контрнаступальныя дзеянні на захадзе Запарожскай вобласці;

  • украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія войскі перакідваюць падраздзяленні спецназа ГРУ ў Курскую і Бранскую вобласці для барацьбы з расійскімі партызанамі;
  • расійскія крыніцы сцвярджалі, што Федэральная служба бяспекі Расіі (ФСБ) арыштавала ў акупаваным Мелітопалі групу дыверсантаў, якія нібыта планавалі забойства неназваных акупацыйных чыноўнікаў Запарожскай вобласці і дыверсіі на чыгунках.