У нядзелю, 3 сакавіка, на трэці дзень пасля пахавання Аляксея Навальнага ў Маскве, тысячы людзей прыйшлі на Барысаўскія могілкі і ўсклалі кветкі. Гара кветак закрыла ўсю магілу загінулага апазіцыянера і ў вышыню сягнула чалавечага росту, піша «Медуза».
Расіяне ішлі на могілкі ўвесь дзень. Перад уваходам, як і ў пятніцу, утварылася чарга. Людзі пачалі прыходзіць каля поўдня і былі вымушаныя адстойваць у чарзе спачатку па 15−30 хвілін, а пазней — паўтары гадзіны, нягледзячы на тое, што ля самой магілы ніхто надоўга не затрымліваўся — не давала ахова могілак. Каля могілак дзяжурылі сілавікі, аднак не ўмешваліся ў тое, што адбываецца.
Як палічыла выданне «Агентство», у 15.30 даўжыня чаргі складала каля 550 метраў, а ў 17.00, калі могілкі, згодна з рэжымам працы, закрыліся, хвост чаргі знаходзіўся за 610 метраў ад уваходу (відэа «Дождя»).
Людзі неслі кветкі і запіскі. Як паведамляюць відавочцы, у навакольных крамах кветкі час ад часу заканчваліся, і іх падвозілі зноў. Да вечара гара кветак на месцы пахавання Аляксея Навальнага ў некалькі разоў перавысіла плошчу магілы і цалкам закрыла ўсталяваны на ёй драўляны крыж, вышыня якога — каля 1,7 метра.
Нават пасля закрыцця ля агароджы могілак заставаліся дзясяткі чалавек. Яны патрабавалі, каб іх пусцілі, скандавалі «Навальны» і кідалі кветкі праз плот.
Нагадаем, галоўны апазіцыйны палітык сучаснай Расіі Аляксей Навальны памёр 16 лютага 2024 года ў калоніі пры нявысветленых абставінах пасля трох гадоў зняволення, з якіх ён блізу траціны правёў у ШІЗА. Паводле версіі ўладаў, смерць наступіла ад натуральных прычын. Аднак блізкім не далі магчымасці правесці незалежную патолагаанатамічную экспертызу і ледзь пагадзіліся выдаць само цела амаль праз два тыдні пасля гібелі палітыка. Сям’ю спрабавалі прымусіць пахаваць Аляксея таемна і не ў яго роднай Маскве. Аднак 1 сакавіка ўсё ж адбылася публічная цырымонія. Навальнага пахавалі на барысаўскіх могілках.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO