У Беларусі пачасціліся паведамленні пра званкі незнаёмых грамадзянам і юрыдычным асобам са спробамі вызнаць персанальныя звесткі і інфармацыю наконт рахункаў, паведамілі ў Міністэрстве па падатках і зборах. У ведамстве заклікаюць не рэагаваць на такія запыты — тэлефанаваць могуць і з мэсэнджараў.
Пачасціліся паведамленні грамадзян і юрыдычных асоб пра званкі, у тым ліку з дапамогай мэсэнджараў, нібыта ад імені супрацоўнікаў падатковых органаў, адзначылі ў МПЗ. Незнаёмцы тэлефануюць «з мэтай удакладнення пашпартных ці іншых персанальных звестак, інфармацыі пра пазычанасці, разліковыя рахункі ці іншай».
Як адзначылі ў падатковым ведамстве, супрацоўнікі МПЗ «такія звесткі не ўдакладняюць і не запытваюць». Падаткавікі заклікалі ні ў якім разе не паведамляць сваіх персанальных і іншых звестак незнаёмым людзям.
Нагадаем, для выбаўлення грошай ашуканцы могуць прадстаўляцца яшчэ і сілавікамі: нядаўна з рахункаў мінчука «супрацоўнікі ДФР» скралі амаль 200 тысяч рублёў. Акрамя таго, у Беларусі ўсё яшчэ актуальныя ашуканскія «нігерыйскія лісты» — паведамленні ад імені былога караля, высокапастаўленага чыноўніка ці мільянера з просьбай дапамагчы ў банкаўскіх аперацыях, звязаных з пераводам грошай з Нігерыі ці іншай краіны за мяжу і атрыманнем спадчыны.
Зламыснікі таксама могуць прадстаўляцца супрацоўнікамі банка ці службы падтрымкі мабільнага аператара.
Чытайце таксама