У глыбіні Вілейскага раёна ёсць вёска Губы. У ёй амаль ніхто не жыве. Але тыя, хто жыве, падобна, вырашылі выкарыстаць бязлюднае месца, каб даць волю творчасці. Выйшла жудасна незвычайна. Унікальны аб’ект адшукалі журналісты рэгіянальнага сайта Kraj.by.
Як піша выданне, два стагоддзі таму Губы былі цэнтрам староства, яшчэ ў 2003 годзе там было 17 жыхароў, а цяпер у вёсцы засталіся практычна толькі дачнікі, прапісаны там толькі адзін чалавек.
Назва вёскі, дарэчы, дачынення да чалавечых вуснаў не мае — яна паходзіць ад слова «губа» ў значэнні акурат «судовая акруга», «староства», таму ў тапоніме «Губы» націск падае на апошні склад. Тым не менш жыхары тлумачаць назву інакш.
Дом з так арыгінальна ўпрыгожаным участкам — адзін з нямногіх жылых, і, як расказалі суседзі, належыць сям'і дачнікаў, мінчан-медыкаў на пенсіі. Саміх гаспадароў карэспандэнтка не заспела, таму спытаць іх пра крыніцы натхнення не выйшла.
«Мы трапілі сюды на змярканні, прызнацца шчыра, на фоне бязлюднай вёскі міжволі адчуваецца шпацыр па мясцовасці ў жанры фолк-хорар», — адзначае аўтар матэрыялу.