Заснавальнік найбуйнейшай амерыканскай прыватнай ваеннай кампаніі Blackwater (яна ж Constellis, Academi, Xe Services) Эрык Прынс, адзін са спонсараў мінулай прэзідэнцкай кампаніі Дональда Трампа, у 2020 годзе даслаў хвалебны ліст Аляксандру Лукашэнку, просячы прадаць яму велізарную партыю савецкіх патронаў і прапаноўваючы стварыць сумеснае збройнае прадпрыемства. Гэта сцвярджае аўтарытэтны амерыканскі журналіст-даследчык Мэцью Коўл. Увагу на яго артыкул звярнуў праект «МотолькоПомоги».
Мэцью Коўл спецыялізуецца на сферы бяспекі і даўно займаецца расследаваннем дзейнасці Эрыка Прынса. Ён апублікаваў ліст Прынса да Лукашэнкі. Як піша журналіст, ліст ён атрымаў ад крыніцы на ўмовах захавання яе імені ў таямніцы.
«Крыніца асцерагаецца фізічнай адплаты з боку беларускіх уладаў, бо, з яе словаў, яна (ён) атрымала (ў) ліст у адміністрацыі Лукашэнкі», — тлумачыць Коўл.
Ліст датаваны 6 верасня 2020 года — гэта разгар пратэстаў і тыдзень пасля праходкі Лукашэнкі з аўтаматам ля Палаца Незалежнасці падчас нядзельнага мірнага маршу. Ён адрасаваны асабіста Лукашэнку ад Эрыка Прынса і яго партнёра Майкла Юдэльсана. Яны прадстаўляюцца як кіраўнікі зарэгістраванай на Кіпры Defense Export Limited, якой валодае Юдэльсан.
Аўтары ліста прапануюць Беларусі доўгачасовае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Яны звяртаюцца да Лукашэнкі «містар прэзідэнт» і «ваша яснавяльможнасць», ліст поўны хвалебных словаў у яго адрас.
«Дазвольце выказаць Вам нашыя запэўніванні ў самай высокай павазе і паведаміць пра нашыя намеры развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з ТАА „БСВТ — новыя тэхналогіі“ (г. Мінск) у галіне міжнароднай бяспекі», — так пачынаецца ліст.
Што такое «БСВТ — новыя тэхналогіі»
У Мінску ёсць вядучае дзяржпрадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасці ўзбраенняў «Белспецзнештэхніка», а ёсць таксама ТАА «БСВТ — новыя тэхналогіі». Яно займаецца распрацоўкай і вытворчасцю стралковай зброі і глушыцеляў, прыцэлаў, прыбораў і сістэм назірання, трэнажораў і сімулятараў, навігацыйнага абсталявання, самаходных рабатызаваных комплексаў, а таксама выконвае мадэрнізацыю ваеннай тэхнікі і авіяцыйных кіраваных ракет класа «паветра-паветра» блізкага радыусу дзеяння. У апошнія гады прадпрыемства таксама занялося вытворчасцю бронеаўтамабіляў і РСЗА на іх базе.

«Я і мае партнёры раней правялі паспяховыя перамовы з вашымі выбітнымі людзьмі ў вашай цудоўнай краіне, якія маюць дачыненне да дзейнасці, звязанай з Мінскім трактарным заводам, праектамі ў энергетыцы і інфраструктуры, а таксама ў бяспецы і абароне, лагістыцы і знешнім гандлі ў адпаведных сферах. Прадметам перамоваў былі прапановы па развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з беларускімі кампаніямі», — гаворыцца ў лісце.
Мэцью Коўл сцвярджае, што за тры месяцы да ліста Прынс асабіста наведваў Беларусь для агляду зброі — пра гэта яму паведаміла крыніца, якая мае непасрэдны доступ да інфармацыі пра гэты візіт (яна ж перадала і ліст), а таксама, з ягоных словаў, гэта пацвярджаецца нейкімі ўнутранымі дакументамі беларускага ўрада, якія атрымаў журналіст.
Згодна з тэкстам ліста, Эрык Прынс прапанаваў Лукашэнку стварыць у Беларусі сумеснае прадпрыемства для працы на знешніх рынках у сферы ўзбраенняў. Вось чым яно мусіла б займацца:
- закупка савецкай зброі і ваеннай тэхнікі, іх рамонт, мадэрнізацыя і наступная пастаўка замежным ПВК, у тым ліку тым, хто выконвае місіі ў розных краінах свету на даручэнне мясцовых урадаў;
- вытворчасць, рамонт і мадэрнізацыя, тэхагляд боепрыпасаў, у тым ліку авіябомбаў, авіяцыйных кіравальных і некіравальных ракет, супрацьтанкавых комплексаў і рэактыўных снарадаў, і іх пастаўка замежным ПВК;
- падрыхтоўка замежнага лётнага і інжынерна-тэхнічнага складу для эксплуатацыі і пілатавання баявых самалётаў вытворчасці СССР (у тым ліку Су-25);
- аказанне лагістычных паслуг, звязаных з пастаўкамі прадукцыі ваеннага прызначэння замежным ПВК.
На думку аўтараў ліста, такое партнёрства дазволіла б «задзейнічаць навукова-тэхнічны патэнцыял і вытворчыя магутнасці беларускіх кампаній» і спрыяць «павышэнню дабрабыту беларускага народа».
«У якасці першага кроку да выканання вышэйвыкладзенага мы хацелі б агучыць Вашай Яснавяльможнасці просьбу, якую толькі вы можаце выканаць», — піша далей Прынс. І просіць прадаць яму патроны да АК-47 з савецкіх запасаў.
Прынс піша Лукашэнку, маўляў, «ад вашых людзей» стала вядома, што на складах у Беларусі ёсць 50 млн патронаў калібру 7,62×39, і яму прапаноўвалі купіць гэтую партыю. Але потым адмовілі «ў сувязі з цяперашнімі падзеямі» (мабыць, гаворка пра пратэсты) і заявілі, што партыю можа дапусціць да продажу толькі Лукашэнка сваім указам.
«Мы просім Вашую Яснавяльможнасць разгледзець пытанне пра продаж гэтай партыі нам. Калі б вы задаволілі нашую просьбу, мы былі б бясконца ўдзячныя за такую дабрыню», — гаворыцца ў лісце.
Затым Прынс актыўна расхвальвае Лукашэнку, які ў тыя дні займаўся жорсткім злушэннем народных пратэстаў.
«Жадаем Вашай Яснавяльможнасці поспехаў у кіраўніцтве вашай вялікай нацыяй з росквітам і стабільнасцю на доўгія гады, што вы з вялікім поспехам робіце ўжо больш за чвэрць стагоддзя.
Ад сябе асабіста мы хацелі б адзначыць, што, хоць у свеце існуе мноства формаў кіравання, не існуе ніводнай сістэмы, прыдатнай для ўсіх, і мы шчыра верым, што ваш стыль кіравання даказаў сваю эфектыўнасць для вашай вялікай нацыі і яе цудоўных людзей. Вашае кіраванне прынесла мір, стабільнасць і росквіт у вашую краіну. Мы шчыра спадзяёмся, што вашыя грамадзяне своечасова гэта зразумеюць і цяперашнія хваляванні сціхнуць, а вы зможаце працягнуць сваю вялікую справу. Гонар вам!» — так завяршаецца ліст.
Мэцью Коўл піша, што накіроўваў запыты з гэтай нагоды ў МЗС Беларусі і пасольства Беларусі ў ЗША, але там адмовіліся ад каментароў.
Ён таксама звяртаўся да адваката Прынса па пацверджанне, той прыняў запыт, але потым нічога не адказаў і ігнараваў новыя лісты цягам трох месяцаў. А вось Майкл Юдэльсан пайшоў на кантакт і заявіў, што не мае ніякага дачынення да ліста, а яго кампанія Defense Export Limited не спрабавала купляць зброю ў Беларусі ў 2020-м, а пра паездкі Прынса ў Беларусь яму нічога не вядома.
На думку даследчыка, Прынс у 2020-м ацаніў высілкі Лукашэнкі па ўтрыманні ўлады і вырашыў скарыстацца момантам, каб заняць рынак савецкіх боепрыпасаў для забяспечання ПВК па ўсім свеце. Вось толькі па законах ЗША амерыканскія грамадзяне мусяць мець ліцэнзію Дзярждэпа для пасярэдніцкай дзейнасці ў гандлі зброяй, нават калі зброя не амерыканская і не прызначаная для ЗША.
Партыя ў 20 млн патронаў да АК-47, адзначае Коўл, каштавала б каля 25 млн даляраў. Як выказаўся экс-адвакат у сферы гандлю зброяй, кансультант ААН па палітыцы што да ўзбраенняў Біл Кулман, да якога звярнуўся журналіст, гэта «дахрана» патронаў, а ліст «выглядае даволі кепска» для Эрыка Прынса ў плане магчымых прававых наступстваў.
Аўтар артыкула адзначае, што менавіта савецкая зброя сілкуе канфлікты ў многіх гарачых месцах, у тым ліку войны ў Лівіі, Сірыі, Самалі і Емене, дзе былі задзейнічаныя ПВК Прынса. Паводле крыніц журналіста — двух высокапастаўленых былых афіцэраў, амерыканскага і расійскага, — Прынс, імаверна, арганізаваў свайго роду eBay для дыктатараў ад Афрыкі да Персідскага заліва, на чым зарабіў капітал.
Акрамя таго, піша Коўл, Прынс, які падчас выбарчай кампаніі Дональда Трампа рабіў яму шасцізначныя ахвяраванні, пазней дапамагаў адміністрацыі Трампа ва ўсталяванні таемных каналаў сувязі з Пуціным. Гэта выявілася падчас расследавання Кангрэсам умяшання Расіі ў прэзідэнцкія выбары 2016 года ў ЗША. У прыватнасці, у пачатку 2017 года Прынс сустракаўся з адным з набліжаных да Пуціна прадстаўніком расійскіх вярхоў падчас сакрэтнай канферэнцыі на Сейшэлах. Сцвярджаецца таксама, што большую частку кіравання Трампа Прынс быў у Белым доме неафіцыйным дарадцам па Блізкім Усходзе і Афрыцы, дапамагаючы зяцю Трампа Джарэду Кушнеру (апошні гэта адмаўляе).
У сваім папярэднім расследаванні пра Эрыка Прынса ў 2020 годзе Мэцью Коўл пісаў, што той сустракаўся з кіраўніцтвам ПВК Вагнера і, у прыватнасці, прапаноўваў ім супрацоўніцтва на іх аперацыях у Лівіі і Мазамбіку (тыя адмовіліся). ПВК Вагнера ўжо тады была пад санкцыямі ў ЗША. Эрык Прынс ужо некалькі разоў падаваў у суд на журналіста і выданне за гэты артыкул, абвінавачваючы іх у паклёпе, але пакуль суды адхілялі яго скаргі.