Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэнні ў сістэме Следчага камітэта. Адпаведныя ўказы ён падпісаў 24 сакавіка, паведамілі ў прэс-службе.
Яўген Архірэеў прызначаны начальнікам упраўлення Следчага камітэта па Мінску.
Пасаду начальніка ўпраўлення па Магілёўскай вобласці зойме Уладзімір Шышко.
Нагадаем, раней галоўным сталічным следчым быў Сяргей Паско. У лютым яго звольнілі са службы ў запас па хваробе з правам нашэння вызначанай формы адзення і знакаў адрознення.
Новы начальнік УСК па Мінску Яўген Архірэеў раней быў начальнікам галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта. Службу следчым ён пачынаў у 1998 годзе. За сваю кар’еру раскрыў больш за 1000 крымінальных справаў. У верасні 2022 года падчас брыфінгу ён дакладваў, што барацьба з «экстрэмізмам» у Беларусі займае асаблівае месца ў працы Следчага камітэта, каментаваў расследаванне яго супрацоўнікамі крымінальных справаў праваабарончага цэнтра «Вясна», тэлеграм-канала Nexta, Каардынацыйнай рады апазіцыі.