Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод рыхтуецца спыніць працу практычна ўсіх вытворчых аб’ектаў. Пра гэта паведаміла 29 сакавіка прэс-служба прадпрыемства.
«Завод рыхтуецца да вялікай рамонтнай кампаніі, калі практычна ўсе вытворчыя аб’екты будуць спыненыя. Кіраўніцтва прадпрыемства нацэльвае начальнікаў цэхаў і вытворчасцяў на пастаянны кантроль за працай падрадных арганізацый падчас правядзення капрамонту і асаблівую ўвагу звяртае на якасць работ», — гаворыцца ў паведамленні.
Пакуль жа прадпрыемства працягвае працаваць у нармальным тэхналагічным рэжыме, засвойваючы планавыя аб’ёмы вуглевадароднай сыравіны, адзначылі ў прэс-службе.
У адпаведнасці з дадзенымі дзяржаўных закупак, кіраўніцтва МНПЗ рыхтавалася да прыпынення працы завода і закупляла паслугі па рамонце асобных установак пачынаючы з красавіка 2022 года, адзначыла «Наша Ніва».
Цяпер у Мазыры праходзіць мадэрнізацыя. На прадпрыемстве ўзводзіцца комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэштак, які дасць магчымасць павысіць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90% і вышэй. Праект планавалася рэалізаваць да 2021 года, але тэрміны пераносіліся ўжо некалькі разоў.