Кліенты расійскага «Райфайзен-банка» з 3 ліпеня не змогуць адпраўляць пераводы ў еўра ў Беларусь, а таксама некаторыя іншыя краіны. Пра гэта паведамляецца на сайце фінустановы. Відавочна, гэта адгалоскі рашэння Raiffeisenbank International скараціць карэспандэнцкія адносіны з банкамі краін СНД. Раней прагназавалася, што праз гэта кліенты некаторых беларускіх банкаў могуць сутыкнуцца з новымі цяжкасцямі ў пераводах у далярах і еўра за мяжу. Для кліентаў некаторых нашых банкаў такая рызыка па-ранейшаму захоўваецца.
Змены тлумачаць тым, што банкі-карэспандэнты (калі спрашчаць, то гэта пасярэднікі па пераводах) уводзяць абмежаванні на выходныя плацяжы ў еўра ў банкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі 13 краін. Акрамя Беларусі ў гэты спіс таксама ўвайшлі Азербайджан, Арменія, Грузія, Іярданія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан.
Якія канкрэтна банкі-карэспандэнты ўводзяць абмежаванні, не ўдакладняецца. Аднак расійскі «Райфайзен-банк» папярэджвае, што з 3 ліпеня ў банкі пералічаных вышэй краін не будзе адпраўляць пераводы ў еўра.
«Абмежаванне распаўсюджваецца таксама на выходныя пераводы ў еўра на ўласныя рахункі кліентаў, адкрытыя ў іншых банках у адной з пералічаных краін, — адзначаюць у „Райфайзен-банку“. — Мы рэкамендуем кліентам змяніць валюту выходнага пераводу або выкарыстоўваць іншыя спосабы для ажыццяўлення плацяжу».
Новыя абмежаванні не датычаць пераводаў у еўра паміж кліентамі «Райфайзен-банка» ў Расіі.
Чаму ўзніклі гэтыя абмежаванні
Цяперашнія абмежаванні могуць закрануць беларусаў, якія, да прыкладу, працуюць у Расіі, у іх адкрыты рахунак у «Райфайзен-банку» і яны адпраўляюць еўра ў Беларусь або ў адну з краін, якая трапіла ў чорны спіс.
Раней паведамлялася, што аўстрыйская банкаўская група Raiffeisenbank International (RBI) вырашыла скараціць карэспандэнцкія адносіны з банкамі краін СНД. Гэта прывяло да таго, што найбуйнейшы казахстанскі банк Halyk Bank, у якога адкрыты карэспандэнцкія рахункі ў RBI, увёў «абмежаванні на плацяжы, якія адносяцца да пэўных галінаў». Тое самае зрабілі і іншыя кліенты RBI ў Казахстане.
Для беларусаў па-ранейшаму ёсць рызыка па пераводах у еўра і далярах
На фоне абмежаванняў з боку Raiffeisenbank International па карэспандэнцкіх рахунках прагназавалася, што праз гэтыя змены кліенты некаторых беларускіх банкаў могуць сутыкнуцца з новымі цяжкасцямі што да пераводаў у далярах і еўра за мяжу.
На 21 чэрвеня не ўсе беларускія банкі адмовіліся ад карэспандэнцкіх рахункаў у Raiffeisenbank. Так, праз Raiffeisenbank па-ранейшаму адпраўляе пераводы ў далярах і еўра «БСБ Банк», а «Тэхнабанк» і «БНБ Банк» — у еўра (у траўні была такая ж сітуацыя з гэтымі банкамі).
Атрымліваецца, што, па-першае, прагнозы, што беларусы могуць сутыкнуцца з новымі абмежаваннямі і цяжкасцямі па валютных пераводах, пачынаюць спраўджвацца. Па-другое, некаторыя банкі, у якіх Raiffeisenbank — дагэтуль адзіны банк-карэспандэнт, не паспелі знайсці альтэрнатыву.