Дастаўка ў Беларусь расійскай ядзернай зброі і абсталявання да яе запланаваная ў тры этапы цягам чэрвеня-лістапада. Дэталёвую інфармацыю пра парадак увозу тактычнай ядзернай зброі ў нашую краіну даведалася Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Зрабіць высновы дазволіў аналіз перавозачных дакументаў і запытаў, якімі абменьваліся чыгуначныя адміністрацыі Расіі і Беларусі. У супольнасці «Люстэрку» пацвердзілі, што цалкам упэўненыя ў сваёй інфармацыі.
«Толькі не можам зразумець, як менавіта завозяць: баявая частка асобна і носьбіт асобна, ці цалкам у зборы, ці ўвогуле з дэактываванай баявой часткай», — адзначылі ў супольнасці чыгуначнікаў.
Першы этап увозу ядзернай зброі быў запланаваны на чэрвень. Гэтая пастаўка ўжо адбылася, паведамілі нам у @belzhd_live. Было тры адпраўкі з трох расійскіх станцый:
- з Чалябінска (станцыя Патаніна, Паўднёва-Уральская чыгунка) — 4 крытыя вагоны спецыяльнага рухомага саставу, 1 вагон суправаджэння, груз — «боепрыпасы іншыя для ваенных мэтаў»;
- з Новасібірска (станцыя Лажок, Заходне-Сібірская чынугка) — 2 крытыя вагоны спецыяльнага рухомага саставу, 1 вагон суправаджэння, груз — «боепрыпасы іншыя для ваенных мэтаў»;
- са станцыі Чабаксары (Ніжагародская вобласць, Горкаўская чыгунка) — 10 крытых вагонаў спецыяльнага рухомага саставу, 1 вагон суправаджэння, груз — «боепрыпасы іншыя для ваенных мэтаў».
Усе групы вагонаў ідуць у суправаджэнні ўзброенай аховы і абслуговага персаналу, для чаго ў кожную адпраўку ўключаныя адпаведныя вагоны.
Другі этап дастаўкі запланаваны на лістапад 2023 года. Ён ідэнтычны першаму: з тых жа станцый мусіць адправіцца тая ж колькасць вагонаў тых самых відаў.
Пункт прызначэння ўсіх гэтых адправак у Беларусі — станцыя Прудок: гэта каля Гарадка на поўнач ад Віцебска. Побач з гэтай станцыяй знаходзіцца вайсковая частка 94 017 (2631-я авіяцыйная база ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў), да яе вядзе чыгуначная нітка. Станцыя і частка будуць месцам першапачатковай дастаўкі, адкуль ядзерная зброя будзе размяркоўвацца па месцах захоўвання ў спецыяльных вайсковых частках на тэрыторыі Беларусі.
Акрамя таго, канстатуе @belzhd_live, станцыя Прудок і в/ч 94 017 — гэта трэніровачная база па разгрузцы-пагрузцы, ахове і бягучаму абслугоўванню ядзернай зброі. Там ужо праводзілася адпрацоўка навыкаў абыходжання са спецыялізаваным абсталяваннем (у мерапрыемствах удзельнічалі і супрацоўнікі чыгункі).
Таксама нядаўна ў тым раёне была праведзеная падрыхтоўка сакрэтнага чыгуначнага пункта сувязі (лінейна-апаратнай залы, ЛАЗ), які размешчаны пад будынкам дзіцячага корпуса санаторыя «Чыгуначнік» у Малых Лётцах. Для гэтага санаторый на першую палову траўня пайшоў на «тэхналагічны перапынак». Пункт сувязі падрыхтавалі да працяглага знаходжання кіраўніцтва чыгункі, сілавікоў і персаналу. Правялі інтэрнэт, паставілі ложкі, стварылі запас правізіі.
Аналагічныя меры, паводле інфармацыі @belzhd_live, прынялі ў ЛАЗ ва ўсіх аддзяленнях БЧ, напрыклад у пункце, абсталяваным у аздараўленчым цэнтры «Талька» паміж Асіповічамі і Мар'інай Горкай. Усе сакрэтныя пункты сувязі прыведзеныя ў гатоўнасць. У выпадку ваенных дзеянняў з такіх пунктаў ажыццяўляецца кіраўніцтва падраздзяленнямі чыгункі, сувязь з усімі станцыямі аддзялення і кіраўнікамі пунктаў — галоўным у Мінску і рэзервовым у Магілёве.
Другая частка перамяшчэння тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь — гэта ўвоз дапаможнага і ахоўнага абсталявання, неабходнага падчас захоўвання ядзерных боепрыпасаў і правядзення іх абслугоўвання і прафілактычных мерапрыемстваў. Яго дастаўка запланаваная на кастрычнік-лістапад, будзе зноў жа тры адпраўкі:
- са станцыі Праўдзінск (Ніжагародская вобласць, Горкаўская чыгунка) на станцыю Лунінец — 3 універсальныя платформы спецыяльнага рухомага саставу, 1 крыты вагон спецыяльнага рухомага саставу, 1 вагон суправаджэння, груз — «абсталяванне, тэхніка»;
- з Іжэўска (станцыя Важой, Горкаўская чыгунка) на станцыю Баранавічы-Цэнтральныя — 9 універсальных платформаў спецыяльнага рухомага саставу, 1 крыты вагон спецыяльнага рухомага саставу, 1 вагон суправаджэння, груз — «абсталяванне, тэхніка»;
- з Пензы (Куйбышаўская чыгунка) на станцыю Баранавічы-Цэнтральныя — 1 універсальная платформа спецыяльнага рухомага саставу, 1 вагон суправаджэння, груз — «абсталяванне, тэхніка».
Вагоны, якія едуць да Баранавічаў-Цэнтральных, потым будуць дастаўленыя на станцыю Баранавічы-Палескія для далейшага перамяшчэння па асобнай нітцы на тэрыторыю вайсковай часткі 54 804 — гэта 61-я знішчальная авіябаза ВПС Беларусі, якая займае баранавіцкі аэрадром.
Акрамя таго, чыгуначнікі звярнулі ўвагу, што з Беларусі з траўня вывозіцца гружаны і парожні рухомы састаў на станцыю Капусцін Яр (горад Знаменск Астраханскай вобласці Расіі) у адрас вайсковай часткі 15 644 (4-ы Дзяржаўны цэнтральны міжвідавы палігон). Так, былі адпраўленыя:
- 15 чэрвеня са Стоўбцаў — 15 гружаных вагонаў (у двух — 29 чалавек асабовага складу, яшчэ 10 даўгамерных платформаў з пагружанай інжынернай тэхнікай і 3 крытыя вагоны з іншымі грузамі). Адпраўнік — в/ч 30 151 у Фаніпалі (15-я зенітная ракетная брыгада аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА);
- 15 чэрвеня з Оршы — 37 парожніх вагонаў (8 паўвагонаў, 1 крыты вагон, 28 даўгамерных платформаў), прызначаных пад пагрузку на станцыі прызначэння. Адпраўнік — Міністэрства абароны;
- 17 чэрвеня з Оршы — 50 даўгамерных платформаў, прызначаных пад пагрузку на станцыі прызначэння. Адпраўнік — Міністэрства абароны.
Пасля гэтага са станцыі Капусцін Яр назад у Беларусь на станцыю Коласава каля Стоўбцаў часткай названых вагонаў (15 адзінак) былі дастаўленыя зенітныя ракетныя комплексы супрацьракетнай абароны С-400, прызначаныя для дыслакацыі ў в/ч 25 819 у пасёлку Наваколасава (25-ы арсенал ракетна-артылерыйскага ўзбраення). Астатнія парожнія вагоны чакаюць пагрузкі і адпраўкі назад у Беларусь.
Як адзначае @belzhd_live, мэта гэтых перавозак асабовага складу, абсталявання і парожніх вагонаў у Іжэўск — навучанне беларускіх вайскоўцаў працы з ядзерным узбраеннем, падрыхтоўка абсталявання і далейшае перамяшчэнне тэхнікі і абсталявання ў месцы дыслакацыі ў Беларусі.
Чытайце таксама