Аляксандр Лукашэнка назваў «неабгрунтаванымі і дурнымі» патрабаванні кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі вывесці ПВК Вагнера з Беларусі. Адпаведную заяву ён зрабіў на паседжанні Савета бяспекі 31 жніўня, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка канстатаваў, што кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі «нагнятае істэрыю» праз прысутнасць на тэрыторыі нашай краіны супрацоўнікаў прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера.
— Яны дастукаліся да таго, што ўжо патрабуюць неадкладнага вываду іх з Беларусі. Пры гэтым самі павялічваюць ваенныя бюджэты, сцягваюць да нашых межаў буйныя вайсковыя фарміраванні, — заўважыў ён. — Адказ просты: ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не мусіць быць ніводнага замежнага вайскоўца. Тады можна і нам выстаўляць прэтэнзіі з нагоды прысутнасці тут вайскоўцаў з іншых краін. А пакуль гэта неабгрунтаваныя і дурныя патрабаванні (нават не просьбы і прапановы, а патрабаванні).
Палітык таксама абвінаваціў краіны Захаду ў падрыхтоўцы «збеглых для ажыццяўлення вайсковага перавароту ў Беларусі».
— Зноў жа хачу папярэдзіць, што ў гэтым плане мы ні з кім цырымоніцца не будзем. Хоць, трэба аддаць належнае, нашыя збеглыя, якія знаходзяцца ў Польшчы, Літве і асабліва ва Украіне, разумеюць, для чаго іх там выкарыстоўваюць, — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, міністры ўнутраных справаў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі правялі 28 жніўня сустрэчу ў Варшаве, прысвечаную бяспецы на мяжы з Беларуссю і Расіяй. Яны заклікалі беларускія ўлады вывесці наймітаў ПВК Вагнера з краіны.
Чытайце таксама