Улады Фінляндыі канфіскавалі больш за 40 таварных знакаў, якія належаць падсанкцыйным беларускім і расійскім кампаніям. Адна з іх — неназваны беларускі вытворца цыгарэт, кантрольны пакет акцый якога належыць дзяржаве, паведамляе газета ESS са спасылкай на рашэнне Упраўлення па спагнанні даўгоў Фінляндыі.
Гэтай восенню фінскія ўлады пачалі канфіскоўваць патэнты і таварныя знакі ў беларускіх і расійскіх юрыдычных асоб, якія трапілі пад эканамічныя санкцыі ЕС праз вайну ва Украіне.
Сярод кампаній, што трапілі пад арышт, — лагатыпы і таварныя знакі расійскага «Сбербанка», зброевай групы «Калашнікаў», АНА «ТВ-Новости» (заснавальнік — Russia Today). Акрамя гэтага, улады Фінляндыі наклалі арышт на патэнт «Яндэкса» па сістэме абароны носьбітаў інфармацыі, хоць сама кампанія пад абмежаванні не трапіла.
«Пад арышт таксама трапіла беларуская тытунёвая кампанія, кантрольны пакет акцый якой належыць дзяржаве», — паведамляе выданне.
Назва прадпрыемства не паведамляецца.
Адзначым, што на беларускім тытунёвым рынку тры буйныя вытворцы. Першы — ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка „Нёман“», якая ўваходзіць у дзяржканцэрн «Белдзяржхарчпрам» і займае 72% рынку. Другі — ТАА «Тытунь-Інвест» у Мінску, якім валодае адзін з набліжаных да Лукашэнкі найбагацейшых бізнесоўцаў Беларусі Павел Тапузідзіс. І трэці — ТАА «Интер Тобакко», якое належыць яшчэ аднаму праўладнаму алігарху, Аляксею Алексіну: дзеля будаўніцтва гэтай фабрыкі Лукашэнка ў 2018 годзе асабіста загадаў перасунуць мяжу Мінска.
Два з трох тытунёвых прадпрыемстваў знаходзяцца пад санкцыямі ЕС, уведзенымі ў дачыненні да Расіі і Беларусі праз агрэсію супраць Украіны: «Нёман» і «Интер Тобакко» (як і сам Алексін) трапілі ў шосты пакет абмежаванняў у чэрвені 2022 года.
Што да «Тытунь-Інвеста», то супраць яго еўрапейскія санкцыі не ўводзіліся, а сам Павел Тапузідзіс з красавіка 2022 года знаходзіцца толькі пад санкцыямі Канады.