Вынесены ва Украіне прысуд кіраўніку прадстаўніцтва брэсцкага дарожна-будаўнічага трэста, пра які напярэдадні пісала «Люстэрка», стаў ніткай да цэлага клубка сумнеўных схем і крымінальных справаў, у якія аказаліся заблытаныя беларускія дарожнікі ў суседняй краіне. Мы паспрабавалі разматаць гэты клубок і знайшлі ў цэнтры ўкраінскага бізнесоўца, чыё імя не было надта вядомым, пакуль нядаўна не прагрымела ў навінах — у літаральным сэнсе. Але пра ўсё па парадку.
Беларускія дарожнікі працавалі ва Украіне з 2017 года, але не зусім самастойна. Ва ўкраінскіх тэндарах удзельнічалі канкрэтныя беларускія дзяржпрадпрыемствы — дарожна-будаўнічыя трэсты № 4 (Брэст), № 2 (Гомель), № 6 (Гродна), будаўніча-мантажны трэст № 8 (Мінск). Але калі выйгравалі іх, то рэалізацыяй аб’ектаў займаліся з дапамогай украінскай юрыдычнай асобы — сумеснага ТАА «Белаўтадар-Украіна».
Што за сумеснае прадпрыемства?
Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сумеснае ўкраінска-беларускае прадпрыемства „Белаўтадар-Украіна“», паводле версіі беларускіх дарожнікаў, было заснаванае ў лютым 2017 года. Насамрэч, як вынікае з украінскага дзяржрэестра, кампанія была створаная яшчэ ў 2015 годзе і называлася «Рэд лайн груп». Назву змянілі на «Белаўтадар-Украіна» ў лютым 2017-га, тады ж змяніўся юрыдычны адрас у Кіеве.
Палова долі ў ТАА ў беларускага боку: 20% мае РТУП «Белзамежгандаль», па 10% статутнага фонду — за дарожна-будаўнічымі трэстамі № 4 Брэста, № 6 Гродна і № 2 Гомеля. Паводле ўкраінскіх судовых дакументаў, усе чатыры беларускія дзяржарганізацыі ўвайшлі ў статутны фонд «Белаўтадар-Украіна» яшчэ ў 2016 годзе.
Пазней трэсты зарэгістравалі і ўласныя прадстаўніцтвы: брэсцкі, гомельскі і гродзенскі — летам 2017-га, у наступным годзе прыйшоў і мінскі будаўніча-мантажны трэст № 8. Усе яны прапісаліся ў Кіеве па адным адрасе: вул. Ліпкоўскага, 45, офіс 810. «Белаўтадар-Украіна» меў іншы юрыдычны адрас, але, як пазней высветлілася з судовых дакументаў, фактычна знаходзіўся ў тым жа памяшканні, што і прадстаўніцтвы трэстаў.
Украінскай паловай сумеснага прадпрыемства ў 2017-м валодала прыватнае акцыянернае таварыства «Нерухомасць сталіцы», якое займаецца здаваннем плошчаў у арэнду. Як адзначала тады выданне «Наші гроші», гэтая фірма належала расіяніну Ігару Князеву і на траціну — кіеўскай кампаніі па кіраванні актывамі «КУА Капітал Груп». Адрас «Нерухомасці сталіцы» ў Кіеве супадае з адрасам, дзе потым зарэгістраваліся прадстаўніцтвы беларускіх трэстаў: будынак ці прынамсі офіс належаць гэтай кампаніі.
Да ўваходжання беларускіх трэстаў ТАА займалася «арганізацыяй узвядзення будынкаў». Від дзейнасці змянілі на «будаўніцтва дарог і аўтастрад» у красавіку 2017 года адначасова з прызначэннем новага дырэктара.
Ім стаў Юрый Насценка. Да гэтага ён узначальваў Службу аўтамабільных дарог Чаркаскай вобласці, а яшчэ раней — Службу аднаўлення і развіцця інфраструктуры ў тым жа рэгіёне.
Супадзенне ці не, але менавіта ў Чаркаскай вобласці беларускія дарожнікі выйгралі першы ўкраінскі тэндар — на бягучы рамонт 12,3 км дарогі Залатаноша — Чаркасы — Смела — Умань. Выканаўцам быў абраны гомельскі ДБТ-2, які прапанаваў найбольш нізкі кошт — 113 млн грыўняў замест 123 млн.
Пры гэтым, як адзначалі «Наші гроші», у тэндарнай заяўцы беларусаў расцэнкі на многія матэрыялы былі значна вышэйшыя за рынкавыя, але гэтыя цэны замоўца ўзгадніў. Пастаўшчыком асфальтабетону, друзу і пяску, бітумнай эмульсіі, фарбы, агароджаў, згодна з дакументамі, быў «Белаўтадар-Украіна».
У далейшым гэта стала пастаяннай практыкай. Часам тэндары выйгравала сумеснае прадпрыемства, а трэсты выступалі субпадрадчыкамі. Але звычайна трэсты выйгравалі таргі, падпісвалі дамову з заказчыкам і выконвалі працы на месцы, а ТАА было пастаўшчыком матэрыялаў, якія закупляла на ўкраінскіх ці нават беларускіх заводах. Фактычна «Белаўтадар-Украіна» аказваўся абавязковым пасярэднікам. Адпаведна, трэсты атрымлівалі аплату за выкананыя работы, а большая частка сродкаў ішла на рахункі ТАА (дзе пасля беларускі бок атрымліваў сваю долю прыбытку).
Такі падзел быў замацаваны ў дамове пра сумесную дзейнасць, якую «Белаўтадар-Украіна» падпісаў 17 ліпеня 2017 года з ДБТ-2 Гомеля, ДБТ-4 Брэста, ДБТ-6 Гродна (і да якога ў жніўні 2020 года далучыўся БМТ-8 Мінска). Як вынікае з судовых дакументаў, па гэтай дамове сумеснае прадпрыемства было ўпаўнаважанае дзейнічаць як ад свайго імені, так і ад імені ўсіх трэстаў. Да таго ж трэсты выдалі «Белаўтадар-Украіна» даверанасці на дзеянні ад іх імені.
Праца на ўкраінскім рынку ішла даволі паспяхова. За 2018−2021 гады толькі брэсцкі, гомельскі і мінскі трэсты падпісалі з дарожнымі службамі Украіны дамоваў на суму больш чым 5 млрд грыўняў (гэта пад 200 млн даляраў), пісала агенцтва УНІАН. ДБТ-4 у 2020 годзе нават увайшоў у топ-20 пераможцаў тэндараў «Украўтадара».
З лістапада 2019 года «Украўтадар» узначальваў Аляксандр Кубракоў. Яго называюць пляменнікам міністра ўнутраных справаў Беларусі Івана Кубракова. Ва ўкраінскіх СМІ гучалі падазрэнні, што менавіта дзякуючы гэтаму беларускія дарожнікі атрымлівалі ўсё больш кантрактаў на ўкраінскім рынку. Ніякіх доказаў удзелу Кубракова ў карупцыйных схемах не прыводзілася. Больш за тое, у траўні 2021 года ён быў прызначаны міністрам інфраструктуры, а ў снежні 2022-га — віцэ-прэм'ерам па аднаўленні Украіны.
Дарэчы, таксама за Кубраковым вясной 2020-га ва Украіне стартавала маштабная праграма Зяленскага па будаўніцтве і рамонце дарог — «Велике будівництво». У гэты час Украіна моцнапавялічыла пастаўкі бітуму, асабліва з Беларусі: калі ў 2019 годзе яна імпартавала толькі 403 тыс. тон агулам, то ў 2020-м з адной Беларусі — 540 тыс. тон, а ў 2021-м — 580 тыс. Беларусь была ключавым пастаўшчыком аж да вайны.

Падазроныя паводзіны
Бізнес ішоў, дарогі рамантаваліся, абароты «Белаўтадар-Украіна» раслі, тэндараў было ўсё больш. Нярэдка беларускія дарожнікі атрымлівалі іх не адразу, а падавалі скаргі на вынікі і так дамагаліся прызнання перамогі за сабой. А потым іх наогул заўважаюць у падазронай схеме — так званым тролінгу на таргах.
У канцы лютага 2020 года пра гэта пісала ўкраінскае выданне «Комментарии». Яно заўважыла, што буйны тэндар (400 млн грыўняў) на рэканструкцыю важнага ўчастка дарогі Жытомір — Чарнаўцы аказаўся заблакаваны ў выніку скаргаў трох удзельнікаў таргоў у Антыманапольны камітэт пра дыскрымінавальныя парушэнні ў тэндарнай дакументацыі. Дзіўным было тое, што ўсе скаргі з’явіліся адначасова, позна ўвечары апошняга дня падачы — у 20.56−20.57.
На думку выдання, гэта не што іншае, як змова кампаній з мэтай зрыву тэндару: ён не можа працягвацца, пакуль камітэт не адкажа ўсім заяўнікам і не прыме выніковага рашэння — у гэтым выпадку пра адмену тэндару, які потым будзе абвяшчацца зноў (і сапраўды, тэндар быў потым адменены). Усё гэта зацягвае працэс. На думку журналістаў, канчатковая мэта такіх дзеянняў — зрыў дзяржпраграмы дарожнага будаўніцтва ва Украіне.
Скаргі тады падавалі дзве ўкраінскія кампаніі і брэсцкі ДБТ-4. Ва ўкраінскіх тэксты скаргаў былі ідэнтычныя аж да памылак, да таго ж яны былі партнёрамі, таму змова паміж імі не здзіўляла. Але як побач з імі аказалася беларускае дзяржпрадпрыемства?
На думку журналістаў, ДБТ-4 у гэта ўцягнуў «сумнеўны пасярэднік», а менавіта — ТАА «Белаўтадар-Украіна», якое, маючы ўкраінскае кіраўніцтва, прадстаўляла інтарэсы беларусаў, якія не маюць дастатковага досведу ў хітраспляценнях украінскага рынку, і само на гэтым добра зарабляла.
Чаму пасярэднік «сумнеўны»? Уся справа ва ўладальніку ўкраінскай долі.
Змена ўласніка
У нейкі момант уладальнікам украінскай паловы прадпрыемства становіцца ТАА «Фінансавая кампанія „Фінанс капітал“». Калі менавіта, незразумела, але не раней за сярэдзіну 2018 года, калі «Фінанс капітал» быў зарэгістраваны.
«Кампанія ажыццяўляе дзейнасць па аказанні паслуг фінансавага лізінгу, факторынгу, выдае гарантыі і паручальніцтва» а таксама дае сродкі ў пазыку, у тым ліку і на ўмовах фінансавага крэдыту", — гаворыцца на сайце. Дарэчы, ліцэнзію на прадстаўленне гарантый у кампаніі забраў Нацбанк больш за год таму.
Сама фірма цалкам належыць кіеўскаму бізнесоўцу Генадзю Часцякову.
Як ні дзіўна, ён ужо фігураваў у гісторыі «Белаўтадар-Украіна» — быў дырэктарам з сярэдзіны 2016-га (з яшчэ старой назвай фірмы) да красавіка 2017 года, то-бок якраз у перыяд уваходжання беларускіх трэстаў. Потым яго змяніў Насценка.
Атрымліваецца, пабыўшы дырэктарам, Часцякоў пазней вярнуўся ў беларуска-ўкраінскае прадпрыемства ўладальнікам 50-працэнтнай долі.
Гэтай доляй «Фінанс капітал» валодае да гэтага часу. Чаго нельга сказаць пра самога Часцякова: нядаўна мужчына памёр.
Генадзь Часцякоў — гэта памочнік і сябар галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага, які 6 лістапада ў свой дзень нараджэння ў сябе дома, будучы нецвярозым, загінуў ад выбуху незаконна падоранай яму гранаты.
Што вядома пра Часцякова
Пасля гібелі бізнесоўца амаль усе ўкраінскія СМІ расказалі пра яго толькі тое, што ён прадпрымальнік і маёр арміі, нарадзіўся ў 1984 годзе ў горадзе Білецкае Данецкай вобласці і ў 2012-м беспаспяхова балатаваўся ў дэпутаты Вярхоўнай рады.
Пра неадназначныя старонкі яго біяграфіі, здаецца, успамінаць не захацелі. А іх было нямала.
У расследаванні «Комментариев» у пачатку 2020 года гаворыцца, што падчас тых самых выбараў 28-гадовы Часцякоў балатаваўся на Валыні самавылучэнцам, хоць не жыў там, пры гэтым ладзіў у акрузе гучныя канцэрты і «завальваў выбаршчыкаў падарункамі», але мясцовыя не прагаласавалі за выхадца з Данбаса. На той момант ён меў пасаду гендырэктара ТАА «Онікс Саюз».
У 2014 годзе, у разгар вайны з Расіяй, Часцякоў трапіў у даволі прыкметны скандал з закупкай паліва для Мінабароны. Яго ТАА «Аўто Сіці сэрвіс» у сакавіку выйграла тэндар на пастаўку паліва для рэактыўных рухавікоў на суму 83,6 млн грыўняў (7,6 млн даляраў), хоць раней ніколі не ўдзельнічала ў паліўных тэндарах.
СМІ звярнулі ўвагу, што сям’я Часцякова мае непасрэдныя бізнес-сувязі з сям’ёй начальніка Генштаба УСУ Міхаіла Куцына. Жонка Часцякова Таццяна і дочкі Куцына разам валодалі прыватнай фірмай «Львоў сапфір». Яна была зарэгістраваная на тэрыторыі былога санаторыя Мінабароны ў Львове, які Куцын раней, будучы начальнікам Заходняга аператыўнага камандавання, вывеў з дзяржуласнасці (і пасяліўся там са сваёй сям’ёй).
Начальнікам Генштаба Куцына прызначылі ў лютым 2014-га, а ўжо ў сакавіку ён зацвярджае фірму Часцякова выканаўцай замовы Мінабароны. Пасля кошт кантракта яшчэ і вырастае на 10%. Паліва мусілі паставіць да канца траўня, але «Аўто Сіці сэрвіс» гэтага так і не зрабіла. У ліпені Куцына звальняюць з пасады, пасля гэтага ў Часцякова пачынаюцца праблемы. Усё заканчваецца судом і штрафам для фірмы ў памеры 6,43 млн грыўняў.
Тым не менш гэта не перашкодзіла Часцякову працаваць з вайсковымі структурамі ў далейшым. У сваёй фірме «Плутас», аформленай на жонку, ён разам з былым высокапастаўленым чыноўнікам-забеспячэнцам з Мінабароны ўдзельнічае ў абаронных закупках. Гэты чыноўнік раней быў удзельнікам карупцыйнай схемы з будаўніцтвам на тэрыторыі вайсковага завода «Арцём» гатэля замест спарткомплексу для завадчан і іх дзяцей, таксама ён закупляў для вайсковых гарадкоў няякасны вугаль па завышаных цэнах.
З часам, пісалі «Комментарии», Часцякова выціснулі з абаронных заказаў. Тады ён пачаў спрабаваць пастаўляць паліва для іншых буйных гульцоў, напрыклад, для чыгункі. Пры гэтым выкарыстоўваў тактыку масавых абскарджанняў рашэнняў па тэндарах у Антыманапольны камітэт для зрыву таргоў пэўнага тыпу, якія дазвалялі б дзяржструктурам атрымаць ніжэйшую цану закупкі. Гэтую тактыку ён потым выкарыстоўвае на тэндарах па рамонце дарог.
У такіх жа схемах на тэндарах для чыгункі і Мінабароны ўдзельнічала фірма «Гандлёвы дом „Атлантык“». Пасля яна будзе фігураваць у шэрагу крымінальных справаў разам з «Белаўтадар-Украіна», «Фінанс капітал» і беларускімі дарожнымі трэстамі.
Гэтая фірма таксама звязаная з Часцяковым. Яго жонка Таццяна ў 2019-м, будучы камандзірам роты патрульнай паліцыі Кіева, у сваёй абавязковай дэкларацыі адзначыла «Атлантык» як месца, дзе яе муж Генадзь атрымлівае прыбытак. Дарэчы, у тым жа годзе яна дапоўніла дэкларацыю купляй новага BMW X4 коштам больш чым 90 тыс. даляраў.
Акрамя «Фінанс капітал» у Частякова ёсць яшчэ цэлы шэраг кампаній.
Вынікі дзейнасці
Мяркуючы з усяго, «Белаўтадар-Украіна» трапіў пад уплыў сумнеўных бізнес-падыходаў свайго ўкраінскага ўладальніка. Маніпуляцыямі на тэндарах гэта не абмежавалася. Некалькі гадоў справы кампаніі ішлі нібыта добра. Але паступова за ёй вырас цэлы шлейф карупцыйных схем, яна загразла ў судах, а потым і даўгах, пацягнуўшы за сабой і беларускія трэсты.
Толькі брэсцкі ДБТ-4 стаў фігурантам трох буйных крымінальных справаў — не лічачы справы галоўнага інжынера Аляксандра Зарэцкага, пра якога «Люстэрка» расказвала раней (яна была даволі тыповай). Усе справы датычаць крадзяжу сродкаў на дарожных рамонтах.
Так, у Жытомірскай вобласці абвінавацілі ў крадзяжы на рамонце 7-кіламетровага ўчастка дарогі Выступавічы — Жытомір — Магілёў-Падольскі са шкодай на 19 млн грыўняў.
Падрабязнасці справы ў Жытомірскай вобласці
У ліпені 2019 года ў Жытомірскай вобласці адкрываюць крымінальную справу пра крадзеж дзяржсродкаў у асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовым становішчам — той самы артыкул, па якім потым асудзяць Аляксандра Зарэцкага на Валыні. Злачынную схему выявілі на рамонце 7-кіламетровага ўчастка дарогі Выступавічы — Жытомір — Магілёў-Падольскі.
Сама тэндарная заяўка ДБТ-4, як высветлілі, не адпавядала патрабаванням, таксама там быў самы высокі ў рэгіёне кошт асфальтабетону, але брэсцкі трэст усё роўна прызналі пераможцам. У жніўні 2018 года была падпісаная дамова на суму 71,5 млн грыўняў, рамонт мусілі выканаць да канца 2019 года.
Згодна з матэрыяламі справы, чыноўнікі Службы аўтадарог Жытомірскай вобласці ўступілі ў змову з «Белаўтадар-Украіна», брэсцкім ДБТ-4 і ТАА «Гандлёвы дом „Атлантык“», шляхам завышэння кошту закупкі тавараў, работ і паслуг, прадугледжаных дамовай, і налічэння лішняга падатку на дабаўленую вартасць (што зменшыла падатковую базу) выкралі бюджэтныя сродкі ў памеры амаль 19 млн грыўняў (каля 750 тыс. даляраў).
Схема завышэння кошту была элементарнай: асфальтабетон закупляўся ў гомельскага ДБТ-2, але не наўпрост. Сумесь у Гомелі закупляў «ГД „Атлантык“» і прадаваў «Белаўтадару-Украіна». Менавіта гэтае прадпрыемства, паводле дамовы пра сумесную дзейнасць, было ўпаўнаважаным бокам ад беларускіх трэстаў на пастаўку асфальтабетонных сумесяў, таму толькі праз яго асфальт паступаў да ДБТ-4 у Жытомірскую вобласць. То-бок гомельскую сумесь для пакрыцця дарогі брэсцкі трэст атрымліваў ва Украіне праз двух пасярэднікаў. У працэсе кошт закупкі, які першапачаткова, у Гомелі, быў 35−50 даляраў за тону, вырас больш чым удвая. Усё гэта аплацілі мясцовыя ўлады, велізарная маржа пайшла пасярэднікам.
Такім чынам, паводле версіі следства, удзельнікі змовы нанеслі шкоду інтарэсам дзяржавы ў суме 18,9 млн грыўняў — 9,7 млн за кошт налічэння ПДВ нерэзідэнту і 9,2 млн за кошт завышэння цаны матэрыялаў.
Акрамя таго, згодна з высновамі судэкспертызы, калі б працы па гэтай дарозе былі цалкам прынятыя без унясення змяненняў у дамову, шкода за кошт завышэння цэн склала б 23,15 млн грыўняў — гэта траціна ад усёй сумы кантракту.
Ператрусы па справе былі праведзеныя яшчэ летам 2019 года. Пры гэтым, як паведамляе следства, высветлілі, што «ГД „Атлантык“» фактычна вядзе дзейнасць у офісе па вул. Ліпкоўскага, 45 у Кіеве — усё ў тым жа будынку, дзе зарэгістраваныя прадстаўніцтвы беларускіх трэстаў і дзе фактычна быў знойдзены офіс «Белаўтадар-Украіна» праз год падчас расследавання справы супраць Зарэцкага.
Аднак з таго часу следства прасунулася слаба. Экспертызы зацягнуліся, потым каранавірус, потым вайна. Следства некалькі разоў прасіла ў суда працягнуць тэрміны, атрымлівала дазвол, але так і не дапытала асноўных фігурантаў, абвінавачанне нікому не выставілі дагэтуль. Расследаванне ідзе ўжо пяты год, а на час ваеннага становішча абмежаванні па тэрмінах для такіх справаў не дзейнічаюць.
У Ровенскай вобласці ДБТ-4 аказаўся замяшаны ў крымінальную справу разам з украінскай кампаніяй. Праблемы ўзніклі падчас рамонту 6-кіламетровага ўчастка трасы Усцілуг — Луцк — Роўна. Кошт тэндару складаў 290 млн грыўняў, беларускія дарожнікі ганарыліся перамогай на гэтых буйных таргах.
Справа пра рамонт трасы паблізу Роўна
Улетку 2018 года дарожна-будаўнічы трэст № 4 Брэста выйграў буйны тэндар на суму ў 290 млн грыўняў — каля 10,7 млн даляраў — на капітальны рамонт 6-кіламетровага ўчастка трасы Усцілуг — Луцк — Роўна ў Ровенскай вобласці. Гэта важны адрэзак дарогі каля самага абласнога цэнтра, па якім штодня праязджалі 25 тыс. машын. Завяршыць рамонт мусілі да канца 2018-га, але ў выніку ён скончыўся толькі ў 2021 годзе.
Пры гэтым у працэсе адбылося нешта дзіўнае. У 2020-м, праз два гады пасля заключэння дамовы з ДБТ-4, яе разарвалі, правялі новы тэндар на суму ў паўтара разу больш за пачатковую — 450 млн грыўняў — і па яго выніках дамову на рамонт таго ж ўчастка дарогі заключылі з іншай, гэтым разам украінскай, кампаніяй.
У мясцовых СМІ з’яўляліся паведамленні, нібыта выканаўцу рамонту змянілі праз раскраданне сродкаў беларускімі дарожнікамі. Аднак улады гэта абвяргалі, начальнік мясцовай службы аўтадарог заяўляў, што новую дамову давялося заключаць праз змену праекта ў сувязі з уключэннем дарогі ў прэзідэнцкую праграму «Вялікае будаўніцтва» і планаваным рамонтам сумежнага ўчастка.
Уся гэтая сітуацыя зацікавіла праваахоўнікаў. У 2021 годзе была распачатая крымінальная справа. Следства высветліла, што другая дамова па аб’ёме паслуг і тэхнічных спецыфікацыях была ідэнтычная першай, заключанай з ДБТ-4, хоць той ужо паспеў выканаць немалую частку работ і атрымаў за іх 38 млн грыўняў (1,3 млн даляраў). Больш за тое, новая кампанія ўзяла ДБТ-4 у субпадрадчыкі.
У кіеўскім прадстаўніцтве трэста, офісе ўкраінскай кампаніі і Службе аўтадарог праводзіліся ператрусы. Расследаванне вядзецца дагэтуль, яго тэрмін неаднаразова падаўжаўся, абвінавачанне, падобна, дагэтуль нікому не выставілі.
У Кіеўскай вобласці трэст фігураваў у вялікай крымінальнай справе пра чыноўнікаў, якія лабіявалі пэўныя кампаніі за адкаты, а тыя ў сваю чаргу раскрадалі сродкі.
Масавая крымінальная справа ў Кіеўскай вобласці
У снежні 2018 года ў Кіеве была распачатая буйная крымінальная справа. Паводле версіі следства, чыноўнікі «Украўтадара» ў Кіеўскай вобласці ў снежні 2018 года, каб засвоіць бюджэтныя сродкі, праводзілі аплату рамонту, будаўніцтва і ўтрымання дарог розным кампаніям на падставе падробленых дакументаў, бо ў рэальнасці гэтыя работы былі не выкананыя або выкананыя не цалкам.
У прыватнасці, сцвярджае следства, чыноўнікі ў 2017−2019 гадах злоўжылі службовым становішчам і падчас заключэння дамоваў лабіявалі інтарэсы пэўных, у тым ліку падкантрольных ім, прыватных фірмаў, каб атрымаць з гэтага выгаду. Яны аформілі з імі дамовы на розныя работы з аплатай за кошт дзяржпраграм з мэтай прысваення часткі вылучаных сродкаў у выглядзе «адкатаў».
У справе фігуруе больш чым 20 кампаній. Сярод іх — ДБТ-4 Брэста. З ім у кастрычніку 2018-га была складзеная дамова на паслугі бягучага рамонту 12 км трасы Кіеў — Чоп паблізу сталіцы (асобнымі ўчасткамі). Сума дамовы склала 87 млн грыўняў (больш за 3 млн даляраў). Следства збіралася праверыць, ці адпавядаюць фактычна выкананыя работы дакументам і сумам выдаткаваных дзяржавай сродкаў. У 2019 годзе на экспертызу былі адабраныя ўзоры асфальту з іх ўчастка трасы. Чым скончылася справа менавіта для беларусаў, пакуль не ясна.
Абвінавачанні па справе былі выстаўленыя толькі ў лістападзе 2022 года. Трох чыноўнікаў абвінавацілі ў крадзяжы групай асоб па папярэдняй змове ў асабліва буйным памеры (нагадаем, такія ж артыкулы былі выстаўленыя галоўнаму інжынеру ДБТ-4 Брэста Аляксандру Зарэцкаму). А гендырэктара КП «Кіеўаўтадар» абвінавацілі ў тым, што ён нядбала паставіўся да праверкі актаў выкананых работ на сваёй ранейшай пасадзе галоўнага інжынера Службы аўтадарог Кіеўскай вобласці ў 2019 годзе, падпісаў акты з завышанымі цэнамі, што прынесла шкоду на 4,6 млн грыўняў.
Ніводная са справаў пакуль не дайшла да суда, расследаванні працягваюцца.
Акрамя таго, ДБТ-4 атрымаў пазовы за невыкананне перадаплачаных работ. Напрыклад, прадпрыемству «Мясцовыя дарогі Херсоншчыны» брэсцкі трэст завінаваціўся 670 тыс. грыўняў.
Падрабязнасці пазову
ДБТ-4 быў субпадрадчыкам у мінскага БМТ-8 на капрамонце 7 км мясцовай дарогі Арлова — Іванаўка ў Херсонскай вобласці (дамову заключылі яшчэ ў кастрычніку 2021 года). Брэсцкі трэст узяў перадаплату, але працы, відаць, выканаць не паспеў. Гэтую перадаплату і спрабавалі спагнаць назад.
Дамагчыся рашэння суда было складана: усе дакументы, якія накіроўваліся на адрасы прадстаўніцтва ДБТ-4 у Кіеве, вярталіся назад з паметкай «адсутны адрас». Паколькі закон патрабуе паведаміць адказчыку пра пазоў, дакументы нават перакладалі на рускую мову і спрабавалі адправіць у Брэст праз Міністэрства юстыцыі Украіны і МЗС Беларусі, але нічога не выйшла.
У выніку толькі праз шмат месяцаў, у кастрычніку 2023-га, пазоў разгледзелі без удзелу ДБТ-4. Трэст абавязалі выплаціць усе 670 тыс. грыўняў асноўнага доўгу, а таксама 33 тыс. за аплату натарыяльных перакладаў дакументаў і 10 тыс. грыўняў судовай пошліны. У лістападзе супраць беларускага прадпрыемства распачалі выканаўчую вытворчасць.
Мяркуем, гэтых некалькіх прыкладаў з брэсцкім ДБТ-4 дастаткова для апісання сітуацыі — астатнія трэсты, магчыма, сутыкнуліся з аналагічнымі праблемамі.
Складанасці не толькі з законам
Брэсцкаму трэсту, зрэшты, не надта шанцавала і ў іншых аспектах. У лютым 2020 года пад Роўнам нехта на аўтамабілі Volkswagen Jetta, які належыць ДБТ-4, збіў жанчыну, якая раптам з’явілася на дарозе. Яна трапіла ў бальніцу. На машыну быў накладзены арышт. Хто быў за рулём і чым скончылася справа, нам высветліць не ўдалося.
Акрамя таго, праблемы ў беларускіх дарожнікаў былі не толькі з законам. У лютым 2019 года ў горадзе Новы Буг Мікалаеўскай вобласці невядомыя падпалілі асфальтавы завод мінскага БМТ-8, які рамантаваў там участак дарогі Н-11 Днепр — Мікалаеў па выйграным тэндары. А ў красавіку гэтую ж дарогу ў Навабугскім раёне перакрывалі мясцовыя жыхары: яны былі незадаволеныя якасцю працы беларускіх будаўнікоў.
В Миколаївській обл. місцеві жителі заблокували неякісний ремонт дороги…
Отак в Україні ремонтує дороги білоруська контора🙄 pic.twitter.com/f6VDMDB9yd
— Kott (@prosto_kot) April 13, 2019
У той перыяд незадаволенасць беларускімі дарожнікамі наклалася на шэраг недружалюбных палітычных крокаў Беларусі ў адносінах з Украінай. Больш за 20 дэпутатаў Вярхоўнай рады тады папрасілі прэм’ер-міністра краіны Уладзіміра Гройсмана не вылучаць бюджэтных сродкаў структурам беларускага холдынгу «Белаўтадар» на рамонт аўтамабільных дарог.
«У гэтых зваротах робіцца спроба дыскрэдытаваць паспяховую працу холдынгу „Белаўтадар“ на ўкраінскім рынку дарожна-будаўнічых паслуг», — адказвалі на гэта ў пасольстве Беларусі ва Украіне.
Што казалі ў кампаніі
Тады, у 2019 годзе, прадстаўнікі «Белаўтадар-Украіна» заяўлялі, што з іх боку ніякіх парушэнняў няма, а ўсё, што адбываецца, — гэта змова з мэтай выціснуць беларускіх дарожнікаў з украінскага рынку. Пра гэта намеснік дырэктара Алег Баранец казаў у каментары «Радыё Свабода».
«Усё гэта выглядае неяк дзіўна: то спачатку падпальваюць наш завод, то потым Усеўкраінскае аб’яднанне „Свабода“ заклікае не плаціць беларусам па кантрактах… Падобна да нейкай ледзь не спланаванай акцыі», — сказаў Баранец.
Ён быў упэўнены, што суд па распачатай тады жытомірскай справе скончыцца нічым, калі наогул адбудзецца.
«Ва Украіне ўсё, што звязана з рухам матэрыяльна-грашовых каштоўнасцяў, аперуецца ў электронным выглядзе і ўсё рэгіструецца ў адзіным рэестры падатковых накладных. Мы ведаем законы і будаўнічыя нормы, а ўсе адносіны аформленыя адпаведнымі дакументамі. Усе нашыя аперацыі празрыстыя», — запэўніваў намеснік дырэктара.
Вайна і арышт маёмасці
Да самага лютага 2022 года беларускія трэсты працягвалі працу ва Украіне вельмі актыўна. Напрыклад, ДБТ-4 Брэста за 2017−2022 гады быў удзельнікам 130 тэндараў ва Украіне, выйграў 29 з іх, падпісаў 28 дамоваў на агульную суму 2,84 млрд грыўняў. Працаваў у Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях. А БМТ-8 Мінска ўдзельнічаў у 38 тэндарах, перамог у 16 з іх на агульную суму 2,41 млрд грыўняў, падпісаў 15 дамоваў у Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ўсё змянілася. Спачатку спынілася рэалізацыя кантрактаў, потым былі арыштаваныя і канфіскаваныя актывы ТАА «Белаўтадар-Украіна». Цягам 2022-га такая доля спасцігла тэхніку і абсталяванне трэстаў (на суму каля 6,7 млн даляраў), а таксама асфальтабетонныя заводы.
Як і з іншымі бізнесамі, звязанымі з Беларуссю і Расіяй, арышт маёмасці праводзіўся ў рамках крымінальных справаў. Прадпрыемствы былі абвінавачаныя ў выкарыстанні дзейнасці ва Украіне для фінансавання вайны ў сувязі з тым, што атрымлівалі за свае паслугі аплату з дзяржбюджэту Украіны і з гэтых грошай плацілі падаткі ў Беларусі, якая лічыцца суўдзельніцай расійскай агрэсіі.
Напрыклад, на дзвюх пляцоўках у Мікалаеўскай вобласці была арыштаваная маёмасць ДБТ-4 Брэста і ўпраўлення № 43 БМТ-8 Мінска: два асфальтабетонныя заводы і 17 адзінак дарожна-будаўнічай тэхнікі.
Нарэшце, была распачатая крымінальная справа, якая дакапалася да сутнасці ўсёй сітуацыі з беларускімі дарожнікамі.
«Службовыя асобы „Белаўтадар-Украіна“ наладзілі супрацьпраўны механізм»
У пачатку красавіка 2022 года ў Падольскім раёне Кіева была заведзеная буйная крымінальная справа пра «крадзеж бюджэтных сродкаў службовымі асобамі кампаній аўтадарожнай галіны, заснавальнікам якіх з’яўляецца Беларусь». Паводле версіі следства, яны арганізавалі незаконны механізм прысваення сродкаў, што вылучаліся на будаўніцтва і рамонт дарог, шляхам закупкі дарожных матэрыялаў па неабгрунтавана завышаных цэнах, з далейшай легалізацыяй сродкаў праз афіляваныя кампаніі і вывадам іх у ценевы абарот і за мяжу (арт. 191 КК). Акрамя таго, ім зноў жа інкрымінавалі фінансаванне вайны супраць Украіны (арт. 110−2 КК).
Гаворка ідзе пра ўсё тыя ж брэсцкі ДБТ-4, гомельскі ДБТ-2 і мінскі БМТ-8, якія працуюць па дамове сумеснай дзейнасці з «Белаўтадар-Украіна», а першыя два з’яўляюцца яго заснавальнікамі. Следства высветліла, што з іх удзелам у 2020−2021 гадах па выніках дзяржзакупак заключаныя дамовы па дарожных работах на 700 млн грыўняў у Кіеўскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцях. Прычым трэсты, паводле следчага, былі «выкарыстаныя»: БМТ-8 выкарысталі для дамоваў на суму 570 млн грыўняў, ДБТ-4 — на 1,02 млрд грыўняў.
На падставе дамовы пра сумесную дзейнасць асноўную частку атрыманых бюджэтных сродкаў беларускія прадпрыемствы накіроўвалі на рахункі «Белаўтадар-Украіна» для закупкі матэрыялаў, выканання работ.
Паводле інфармацыі следства, службовыя асобы «Белаўтадар-Украіна» наладзілі «супрацьпраўны механізм, скіраваны на падтрымку дзейнасці арганізаванай групы асоб, якія забяспечвалі функцыянаванне падкантрольных суб’ектаў гаспадарання з мэтай супрацьпраўнай дзейнасці».
Прыводзіцца адзін з прыкладаў махінацый. Так, «Белаўтадар-Украіна» заказваў цэментава-пясчаную сумесь у ТАА «Дармостабетон» пад Кіевам. Але гэтае прадпрыемства аказалася фіктыўным, існуе толькі на паперы і рэальнай гаспадарчай дзейнасці не вядзе. Яно выкарыстоўваецца для павелічэння сабекошту паслуг у рэальным сектары эканомікі і для транзіту і атрымання наяўных грошай. На паперы «Дармостабетон» рэалізуе велізарныя аб’ёмы разнастайных матэрыялаў і аказвае мноства паслуг, а ў рэальнасці ў яго няма ні работнікаў, ні маёмасці, ні складоў, ні транспарту.
Арганізатарамі ўсёй маштабнай схемы з беларускімі трэстамі названыя двое грамадзян Украіны, жанчына і мужчына родам з Данецка — «Асоба 6» і «Асоба 7». Іншых канкрэтных абвінавачаных у справе, відаць, пакуль няма.
«Частка атрыманых названымі кампаніямі бюджэтных сродкаў прысвойвалася Асобамі 7 і 6 шляхам пералічэння на рахункі падкантрольных кампаній», — гаворыцца ў справе. А менавіта — ТАА «ФК „Фінанс Капітал“», «Інвестфорс», «Укрбелфарма» (пяць месяцаў таму назва змянілася на «Укрмедфарма»), «Кансалтынг Груп Ваздзвіжанскі».
«Асоба 6», як сказана ў справе, з’яўляецца дырэктаркай «ФК „Фінанс капітал“». З адкрытых рэестраў даведваемся, што гэта Ірына Макагон. Аказваецца, на яе завязаныя і астатнія названыя фірмы. Яна валодае «Инвестфорсам» і «Кансалтынг Груп», якую і ўзначальвае, а «Укрбелфарму», якая належыць «Інвестфорсу», узначальвала раней. Усе фірмы не старэйшыя за пяць гадоў. І гэта не адзіныя яе кампаніі.
Пра «Асобу 7» у справе гаворыцца, што гэта ўладальнік «Фінанс Капітал». Мабыць, гэта якраз Генадзь Часцякоў. Ёсць недакладнасць з месцам нараджэння: следства адзначае, што ён нарадзіўся ў Данецку, але ў яго біяграфіі ў СМІ родным горадам паказваецца Білецкае ў Данецкай вобласці. Так ці інакш, іншага ўласніка ў «Фінанс Капітал» няма, адзіным уладальнікам быў і застаецца загінулы Часцякоў.
Следства таксама абвінавачвае фігурантаў у тым, што супрацьпраўна атрыманыя грошы яны выкарыстоўвалі для фінансавання вайны. А тэхніка беларускіх трэстаў магла выкарыстоўвацца для садзейнічання расійскім войскам падчас падрыхтоўкі атакі на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Аказваецца, паводле звестак следства, у лютым 2022 года, перад самым пачаткам вайны, брэсцкі, гомельскі і мінскі трэсты вывезлі частку будаўнічай тэхнікі і работнікаў-беларусаў з Украіны, а таксама вывелі за мяжу грашовыя актывы.
Зрэшты, як мы ўжо ведаем, частка беларускай маёмасці на тэрыторыі Украіны засталася і была канфіскаваная. Гэта не толькі тэхніка ў Мікалаеўскай вобласці, пра якую гаварылася вышэй, але яшчэ як мінімум два асфальтабетонныя заводы і некалькі дзясяткаў адзінак рознай тэхнікі ў цэнтральных абласцях Украіны. У судзе бок абароны адзначыў, што заводы не належалі беларусам, а былі арандаваныя ва ўкраінскіх кампаній. Але ў выніку на іх усё роўна наклалі арышт.
Па артыкуле пра крадзеж Ірыне Макагон і Генадзю Часцякову пагражала (зрэшты, першай па-ранейшаму пагражае) да 12 гадоў пазбаўлення волі. Артыкул пра фінансаванне вайны прадугледжвае да 10 гадоў зняволення.
Беларуска-ўкраінскі банкрут
Разам з крымінальнымі справамі «Белаўтадар-Украіна» ў апошнія гады адчувае праблемы ў разліках з контрагентамі — не мог расплаціцца з пастаўшчыкамі паліва і будматэрыялаў, субпадрадчыкамі — выканаўцамі работ. Даўгі назапашваліся і давялі кампанію да краху.
14 красавіка 2023 года супраць «Белаўтадар-Украіна» была распачатая працэдура банкруцтва. Яе ініцыявала нейкае ТАА «Спец Тэх Захад», якому фірма не змагла выплаціць доўг у 31,5 млн грыўняў.
Дырэктар сумеснага прадпрыемства Юрый Насценка з восені 2022 года спрабаваў звольніцца з «Белаўтадар-Украіна», але не ўсе ўладальнікі давалі згоду. У выніку дабіцца звальнення ён змог толькі ў сакавіку 2023 года праз суд. Відавочна, ён ведаў, што чакае фірму, і хацеў пазбегнуць адказнасці ў сувязі з банкруцтвам.
Цяпер справамі кампаніі і размеркаваннем маёмасці кіруе прызначаны арбітражны кіраўнік Ігар Васілюк.
Апошняе на гэты момант рашэнне суда па справе пра банкруцтва было вынесенае 9 лістапада 2023-га. На той момант суд прызнаў законнымі прэтэнзіі да «Белаўтадар-Украіна» з боку 18 кампаній і прадпрыемстваў і ў дадатак ад дарожна-патрульнай службы Кіева (на 909 тыс. грыўняў). Больш за ўсё фірма павінная аптоваму пастаўшчыку паліва «Трэйдынгавая кампанія „Нафтарэсурс“» — 118 млн грыўняў. Тая ёй, дарэчы, таксама павінная, але менш: 53 млн.
Агульны доўг «Белаўтадар-Украіна» цяпер толькі па справе пра банкруцтва складае 218 млн 416 тыс. грыўняў. Гэта каля 6 млн даляраў.
Можна меркаваць, што па выніках крымінальных судоў сумеснае прадпрыемства атрымае яшчэ і велізарныя пазовы на кампенсацыю шкоды, нанесенай карупцыйнымі схемамі.
Ці давядзецца заснавальнікам, у тым ліку беларускім дзяржструктурам, выплачваць гэтыя пазыкі, цяпер сказаць складана. Але гэта можа адбыцца, калі суд па справе пра банкруцтва прыцягне заснавальнікаў да субсідыярнай адказнасці.
«Ломячы схемы»
Чаму беларускія дзяржпрадпрыемствы выбралі для працы ва Украіне такога сумнеўнага партнёра і аддалі кампанію пад кантроль бізнесоўца, неаднаразова заўважанага ў карупцыйных схемах? Імаверная матывацыя Часцякова зразумелая: на думку ўкраінскіх журналістаў, ён заняўся «Белаўтадар-Украіна» ў разліку на тое, што рэнамэ беларускіх дарожнікаў, вядомых якасцю трасаў на радзіме, дапаможа яму лёгка займець дзяржаўныя кантракты і зарабляць на іх, завышаючы цэны. Але навошта гэта было беларускаму боку — пытанне адкрытае.
Як і пытанне пра тое, ці ведалі кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў, якія схемы разгортваліся з іх трэстамі ва Украіне, і ці ўдзельнічалі ў гэтых схемах яны самі. Ва ўсякім выпадку, яны далі «Белаўтадар-Украіна» права дзейнічаць ад свайго імені і зрабілі яго сваім эксклюзіўным пастаўшчыком матэрыялаў. Такім чынам, фірма мела вялікую свабоду дзеянняў і такія ж вялікія магчымасці зарабляць.
Наколькі гэтыя дзеянні былі законнымі, вырашыць суд (калі расследаванні калі-небудзь будуць завершаныя). Так ці інакш, відавочна, што падыходы Часцякова да вядзення бізнесу паўплывалі на гэтую тактыку і адыгралі ролю ў тым, што падкантрольны яму «Белаўтадар-Украіна» аказаўся банкрутам і пад кучай крымінальных справаў.
Нагадаем, гэты бізнесовец быў памочнікам і блізкім сябрам Валерыя Залужнага. Вось што той казаў пра Часцякова пасля яго гібелі:
«Невымоўны боль і цяжкая страта для УСУ і мяне асабіста. <…> З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Генадзь быў для мяне надзейным плячом, цалкам прысвяціўшы сваё жыццё УСУ і барацьбе з расійскай агрэсіяй».
Выказаўся і гендырэктар прадпрыемства «Дзяржаўны аператар тылу» — гэта дзяржагенцтва па ваенных закупках, якое яшчэ не пачало працу. Арсен Жумадзілаў расказаў, што ён пазнаёміўся з памочнікам Залужнага паўгода таму «на фоне скепсісу ў Генштабе, што закупкі Мінабароны калі-небудзь будуць сумленнымі». Паводле яго, вайскоўцы былі супраць агенцтва: яны хацелі як мага менш залежаць ад Мінабароны ў закупках для УСУ і не верылі, што агенцтва стане незалежным органам.
«Гена, уласна, быў тым, хто трансляваў гэты настрой. Магчыма, і фармаваў. Тады мы з ім селі і за гадзіну прайшліся па ўсіх вострых пытаннях. Ад „навошта табе гэта трэба“ да „як вы збіраецеся гэта рабіць“. <…> З таго часу некалькі разоў перасякаліся па працоўных пытаннях. Адкрыты, разумны, смелы… Прыстойны, ён ствараў максімальна пазітыўнае ўражанне „свайго“, — напісаў Жумадзілаў. — Для мяне асабіста гэта страта аднадумца, з якім я гатовы быў стаяць спіна да спіны, ломячы схемы і прасоўваючы перамены ў пастаўках для патрэбаў арміі».
Чытайце таксама


