Бізнесовец Аляксей Жукаў, які займае 50-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых прадпрымальнікаў Беларусі, у 2023 годзе прадаў сваю долю ў холдынгу «Алютэх», піша «Бюро». Гэтая група кампаній спецыялізуецца на вытворчасці ралетаў, варотаў і алюмініевых профіляў. Расследавальнікі таксама даведаліся, што бізнесовец, які раней атрымаў ордэн ад Аляксандра Лукашэнкі, набыў нерухомасць у Італіі больш за 11 млн еўра. Мы публікуем гэты матэрыял са скарачэннямі, поўную версію можна прачытаць тут.
«Бюро» выпусціла гэты тэкст у партнёрстве з нямецкімі выданнямі Paper Trail Media і Manager Magazin, а таксама пры падтрымцы расійскага выдання «Вёрстка», «Кіберпартызан» і OCCRP ID.

Што вядома пра прадпрымальніка і яго бізнес
Аляксей Жукаў — адзін з самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі, ён заняў 50-е месца ў леташнім рэйтынгу прадпрымальнікаў, які склала выданне «Беларусы і рынак». У 2013 годзе прадпрымальнік атрымаў ордэн з рук Аляксандра Лукашэнкі за ўнёсак у развіццё эканомікі — за кампанію «Алютэх», якая была створаная ў 1996 годзе і зрабілася найбуйнейшым ва Усходняй Еўропе холдынгам па выпуску ралетаў, варотаў і алюмініевых профіляў.
У групу кампаній «Алютэх» уваходзяць тры заводы і гандлёвы дом у Беларусі, прадпрыемства ў Расіі, лагістычны цэнтр у Чэхіі, а таксама прадстаўніцтва ва Украіне.
Калі бізнес набіраў абароты, у пачатку 2000-х Жукаў заснаваў на Кіпры сетку кампаній, праз якія кантраляваў холдынг «Алютэх». Кіпрскі след пазней адыграе ролю ў бізнесе Жукава. У ліпені 2022 года фірмы, якія ўваходзяць у групу кампаній «Алютэх», трапілі ў чорны спіс юрыдычных асоб з замежнымі акцыянерамі. Сярод іх — «Алютэх Варотныя Сістэмы» і «Алютэх Інкарпарэйтэд». Гэтым кампаніям Мінск забараніў распараджацца акцыямі без ведама ўладаў. Прычына — карані з «недружалюбнай» краіны.
У 2018 годзе Аляксей Жукаў прадаў 75% акцый «Алютэха» нямецкай кампаніі Hörmann.
Асноўны актыў бізнесоўца на Кіпры — кампанія FJA Future Limited. Праз яе Жукаў валодае іншымі кіпрскімі фірмамі, сярод якіх да нядаўняга часу была Elutek Investments Limited (падрабязней пра лёс гэтай кампаніі — ніжэй). Менавіта ёй належаць тры заводы і гандлёвы дом у Беларусі, прадстаўніцтвы ва Украіне і лагістычны цэнтр у Чэхіі, а таксама належалі філіялы ў Расіі.
Продаж долі ў бізнесе кампаніі з «недружалюбнай» краіны
Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну «Алютэх» пастаўляў прадукцыю як у краіны постсавецкага рэгіёна, так і ў ЕС. Але праз тыдзень пасля пачатку вайны Еўрасаюз забараніў увозіць некаторыя тавары з Беларусі. Холдынг «Алютэх» страціў магчымасць пастаўляць у краіны ЕС панэлі, вароты і дзверы са сталі. Неўзабаве набыла моц забарона і на імпарт металургічнай прадукцыі з РФ, але панэлі, вароты і дзверы са сталі не трапілі пад новыя абмежаванні Еўрасаюза. То-бок з Беларусі некаторую прадукцыю «Алютэха» ў ЕС вывозіць ужо было нельга, а вось Расію забарона закранула толькі ў чэрвені 2023 года. І «Алютэх» скарыстаўся гэтай шчылінай, нарасціўшы пастаўкі з суседняй краіны, сцвярджаюць расследавальнікі.
З дапамогай расійскага выдання «Вёрстка» «Бюро» атрымала доступ да расійскіх мытных звестак, якія праліваюць святло на схемы абыходу санкцый. Згодна з імі, з чэрвеня да снежня 2022 года расійская кампанія «Алютэх-Сібір» паставіла чэшскай фірме Alutech Systems S. R. O. панэлі, дзверы і вароты са сталі, вырабленыя беларускім прадпрыемствам «Алютэх Варотныя Сістэмы». Такія тавары беларускага паходжання не павінныя трапляць у ЕС, але шчыліна ў санкцыйным заканадаўстве, якая была да чэрвеня 2023-га, зрабіла гэта магчымым. Агульны кошт пастаўленых тавараў — больш за 5 млн даляраў.
У 2022 годзе «Алютэх» увёў у эксплуатацыю вытворчы комплекс у Ленінградскай вобласці, а ў 2023-м — новы завод плошчай 20 000 м² у Новасібірскай вобласці.
Як даведалася «Бюро», У жніўні 2023 года Аляксей Жукаў прадаў астатнія 25% акцый «Алютэха» ў кіпрскай фірме Elutek Investments Limited усё той жа кампаніі Hörmann. Цяпер нямецкія прадпрымальнікі цалкам кантралююць беларускія заводы і ўкраінскія філіялы «Алютэха» праз нямецкую кампанію Elutek Beteiligungs GmbH.
Расійскія актывы групы «Алютэх», уключаючы завод у Новасібірску, перайшлі пад кантроль ужо кіпрскай фірмы з вельмі падобнай назвай — Elutek Investments II Limited. Яе ўладальнікі — Марцін Хёрман і ўсё тая ж Elutek Beteiligungs GmbH.
Са справаздач асноўнай кіпрскай кампаніі Жукава FJA Future Limited расследавальнікі даведаліся, што з 2017 да 2022 года як бенефіцыяр бізнесовец атрымаў больш за 30 млн еўра дывідэндаў, у тым ліку 12 млн еўра ў 2022 годзе.
Вялікі дом і сябры Пуціна
У працэсе расследавання журналістам удалося высветліць, што яшчэ ў 2018 годзе Аляксей Жукаў праз адну са сваіх кіпрскіх кампаній купіў дом на фешэнебельным курорце Порта-Чэрва на італьянскім востраве Сардынія. Гэта асабняк на 395 квадратных метраў з 12 пакоямі і басейнам. Яго кошт — амаль 11,7 мільёна еўра.
Непадалёк знаходзяцца вілы бізнесоўцаў, набліжаных да Уладзіміра Пуціна: Алега Дзерыпаскі і братоў Ратэнбергаў.
Аляксей Жукаў адмовіў расследавальнікам у каментары.
Чытайце таксама