Следчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненні да 257 удзельнікаў блізкіх выбараў у Каардынацыйную раду. Іх абвінавачваюць па чатырох крымінальных артыкулах, у тым ліку ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, расказалі ў ведамстве.
Крымінальная справа распачатая ў дачыненні да 257 удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду, якія прадстаўляюць 12 выбарчых спісаў. Апошнія ў сваю чаргу прызнаныя «экстрэмісцкімі арганізацыямі».
Сама Каардынацыйная рада названая «злачыннай групай», якая займаецца «інспіраваннем пратэсных акцый і масавых беспарадкаў, дыскрэдытацыяй канстытуцыйных асноваў дзяржавы, падтрыманнем радыкальнага і пратэснага патэнцыялу, прымусам улады да ўдзелу ў перамоўным працэсе з пазіцыі шантажу, дыктату і ультыматумаў, а таксама непасрэдна захопам улады неканстытуцыйным шляхам, у тым ліку гвалтоўным спосабам».
Крымінальная справа супраць апазіцыянераў складаецца з чатырох артыкулаў КК:
- арт. 357 (Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
- арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару);
- арт.361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання);
- ст.361−4 (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).
«Паводле сфармаванага алгарытму, у рамках расследавання крымінальнай справы атрыманая інфармацыя пра аб’екты нерухомасці і маёмасць, якія належаць ім, на тэрыторыі Беларусі. У цяперашні момант праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы. Следчым камітэтам будуць прынятыя вычарпальныя меры па забяспечанні прынцыпу няўхільнасці пакарання і кампенсацыі шкоды, у тым ліку ў рамках спецыяльнай вытворчасці», — заявілі ў СК.
Нагадаем, Каардынацыйная рада была створаная ў жніўні 2020 года з ініцыятывы лідаркі дэмсіл Святланы Ціханоўскай. Мэтай арганізацыі было пераадоленне палітычнага крызісу ў Беларусі, а таксама абарона суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
Рашэнне пра яе рэарганізацыю прынялі 9 жніўня 2022 года на канферэнцыі «Новая Беларусь». Асноўнай задачай Рады пасля рэструктурызацыі называлася распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакументаў, арганізацыя абмеркавання грамадска значных пытанняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаванне канцэпцый развіцця Беларусі».
У студзені 2023 года МУС прызнала «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» Каардынацыйную раду, каманду Ціханоўскай і групу звязаных з ёю аналітыкаў.
Выбары ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання пройдуць у выходныя. Галасаванне пачнецца ў суботу, 25 траўня, і будзе працягвацца да 27 траўня 2024 года.
Чытайце таксама