Палата прадстаўнікоў прызначыла дату прэзідэнцкіх выбараў. Яны адбудуцца 26 студзеня 2025 года, хоць, згодна з Канстытуцыяй, маглі прайсці да 20 ліпеня. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што гэта звязана з завяршэннем «пяцігадовага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця». Але якія прычыны могуць быць яшчэ? «Люстэрка» спытала ў экспертаў.
Эксперт па выбарах, у мінулым кіраўнік аддзела ў АБСЕ, Аляксандр Шлык кажа, што прызначэнне выбараў на зіму — лагічны крок уладаў у краінах з аўтарытарнымі рэжымамі. Гэта тлумачыцца тым, што ў халодную пару года ніжэйшая імавернасць вулічнай актыўнасці грамадзян.
— Зімой пратэставаць не так зручна, бо банальна холадна, — кажа суразмоўца. — У гэты час складаней разлічваць на тое, што людзі будуць удзельнічаць у масавых мерапрыемствах — зборах подпісаў, пікетах, агітацыі. Паводле Канстытуцыі выбары павінныя прайсці да 20 ліпеня. І ўзнікае пытанне: чаму б не правесці іх у цяплейшы час, калі ўжо вельмі хочацца, каб людзі актыўна ўдзельнічалі? Складваецца ўражанне, што ў арганізатараў так званых выбараў ёсць жаданне зрабіць усё ціха, спакойна, без грамадскага рэзанансу, і паказаць тыя лічбы, якія яны і так збіраліся паказаць.
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман лічыць, што прызначэнне прэзідэнцкіх выбараў на 26 студзеня можа быць звязанае з жаданнем Лукашэнкі атрымаць умоўную легітымнасць бліжэй да ўступлення на пасаду новага прэзідэнта ЗША. Інаўгурацыя мае адбыцца 20 студзеня 2025 года. На думку Фрыдмана, пасля гэтага магчымыя перамовы наконт міру ва Украіне.
— Лукашэнку вельмі важна паспрабаваць заслупаваць сабе месца ў гэтых перамовах і прысутнічаць на іх не як чалавек, якому яшчэ трэба пераабрацца, а якога ўжо абралі з вынікам 90% і які застаецца ля стырна Беларусі. Мабыць, яму трэба гэты працэс вельмі тэрмінова завяршыць, каб потым сканцэнтравацца на іншых пытаннях, — мяркуе аналітык.
Фрыдман дадае, што яшчэ адной прычынай ранняга правядзення выбараў можа быць падрыхтоўка Лукашэнкі да абвастрэння расійска-ўкраінскай вайны.
— Калі імаверныя мірныя перамовы сарвуцца, калі прэзідэнтам ЗША стане не Дональд Трамп, а Камала Харыс, то нас чакае далейшае абвастрэнне на фронце: новы маштабны наступ Расіі з цалкам магчымым актыўнейшым удзелам Беларусі, — не выключае эксперт такога развіцця падзей. — Таму для Лукашэнкі важна да канца студзеня завяршыць усе працэсы, звязаныя з выбарамі. Цалкам магчыма, што ўжо бліжэй да вясны адбудзецца нешта, праз што правядзенне выбараў на тэрыторыі Беларусі стане праблематычным.
Ці хопіць трох месяцаў, якія засталіся да выбараў, на падрыхтоўку выбарчых камісій і патэнцыйных кандыдатаў? Аляксандр Шлык кажа, што, з улікам беларускай спецыфікі, гэтага часу цалкам дастаткова.
— Тыя, каму трэба рыхтавацца, ведалі гэтую дату загадзя, і для іх яна не стала сюрпрызам, — упэўнены Шлык. — Я думаю, што і Цэнтральная выбарчая камісія была ў курсе, і тыя, каго можна будзе назваць тэхнічнымі кандыдатамі. Таму я не чакаю, што для тых, хто згодны ўдзельнічаць у гэтым прадстаўленні, дата выбараў будзе праблемай з тэхнічнага пункту гледжання.
Чытайце таксама