На дзяржтэлеканале «Беларусь 1» паказалі разліковы час падлёту ракеты «Арэшнік», запушчанай з Брэста па заходніх сталіцах і амерыканскіх базах у Еўропе. У сюжэце заявілі, што гэтае размяшчэнне расійскіх ракет у Беларусі — «прэвентыўны адказ».
«Мы проста далі зразумець мілітарысцкім ідэолагам Польшчы і Літвы, што існуе нешта магутнейшае, чым натаўская тэхніка і берцы, якія пратапталі сцежкі ля нашых межаў», — заявілі ў сюжэце.
Дзяржтэлеканал нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай размясціць «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі.
«У нас ёсць пэўныя месцы, дзе мы можам размясціць гэтую зброю. З адной толькі ўмовай, што цэлі для гэтай зброі будуць вызначацца вайскова-палітычным кіраўніцтвам Беларусі. А пакуль вы нас навучыце карыстацца гэтай зброяй, калі гэта будзе зробленае (будзе прынятае станоўчае рашэнне што да размяшчэння ў Беларусі. — Заўв. рэд.), каб спецыялісты Расійскай Федэрацыі абслугоўвалі і ажыццяўлялі пускі па пэўных цэлях баявымі зарадамі „Арэшніка“. Вы гэта ўмееце рабіць, вы гэта прадэманстравалі нядаўна», — сказаў Лукашэнка.
У эфіры таксама прызналі, што ў «Арэшніку» ёсць і беларускія камплектавальнікі.
«Гэтыя ракетныя сістэмы маюць беларускія карані. Па-першае, гэта задзейнічанне беларускіх цягачоў МЗКЦ, якія вырабляюцца на Мінскім заводзе колавых цягачоў. Ёсць і расійскія сістэмы, але за аснову ўсё ж будуць прынятыя менавіта цягачы МЗКЦ», — расказаў намеснік начальніка факультэта Генштаба УС Вайсковай акадэміі Беларусі Андрэй Багадзель.
Нагадаем, 6 снежня Уладзімір Пуцін заявіў, што «Арэшнік» могуць паставіць у Беларусь у другой палове 2025 года.
Паводле заявы камандавання Паветраных сіл Украіны, Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар балістычнай ракетай па горадзе Дняпры. У гэтым горадзе знаходзіцца завод «Южмаш» — буйное ўкраінскае прадпрыемства па вытворчасці ракетна-касмічнай тэхнікі і іншай навукаёмістай прадукцыі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што армія РФ ударыла па Украіне адной з найноўшых ракетных сістэм сярэдняй далёкасці — балістычнай ракетай у бяз’ядзерным абсталяванні пад назвай «Арэшнік». Пры гэтым ён назваў выпрабаванні гэтай ракетнай сістэмы ў баявых умовах «адказам на агрэсіўныя дзеянні краін NATO».
Незадоўга да гэтага, 19 лістапада, УСУ атакавалі Бранскую вобласць шасцю амерыканскімі ракетамі ATACMS — гэта быў першы выпадак выкарыстання Украінай ракет заходняй вытворчасці за межамі акупаваных рэгіёнаў і анексаванага Крыма. 21 лістапада былі выкарыстаныя брытанскія Storm Shadow на тэрыторыі Курскай вобласці.
Чытайце таксама