Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «У диктатуры нет друзей, есть только слуги». Писательница обратилась к сторонникам власти на фоне случившегося с Бондаревой
  2. «Давний друг» Лукашенко, который долго игнорировал приглашения посетить Минск, похоже, все-таки прилетит в Беларусь
  3. «Учится в первом классе». В Гомеле девочка пропала из продленки, а нашлась в реанимации больницы
  4. «У меня нет буквально никаких перспектив, и я буквально никому не нужен». Роман Протасевич рассказал, «как обстоят дела»
  5. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
  6. К делу о пропаже Анжелики Мельниковой подключились польские спецслужбы. Вот что узнало «Зеркало»
  7. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  8. «Я снимаю, он выбивает телефон». Беларусский блогер Андрей Паук рассказал, что на него напали у посольства РФ в Вильнюсе
  9. Экс-муж Мельнікавай: Праз знікненне Анжалікі нікуды не заяўляў, не бачу сэнсу
  10. Чем занималась жена Лукашенко перед пенсией? Рассказываем, где работают некоторые члены семьи политика
  11. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
  12. Кремль старается переложить вину за отказ от прекращения огня на Киев и требует выполнить условия, которые сделают Украину беззащитной
  13. Антирекорд за 15 лет. В Беларуси была вспышка «самой заразной болезни» — получили закрытый документ Минздрава
  14. Азаренок заявил, что пророссийская активистка из Витебска — агентка Запада, живущая на деньги «пятой колонны»
  15. Тревожный звоночек. Похоже, исполняется неоптимистичный прогноз экономистов
  16. В Польше при загадочных обстоятельствах погиб беларусский активист
  17. Литва ввела новый запрет в двух оставшихся пунктах пропуска на границе с Беларусью
Читать по-русски


Міраслаў Мілаў нарадзіўся ў Беларусі, але апошнія сем гадоў жыў у Польшчы. Ён размаўляе на шасці мовах, разбіраецца ў радыёсувязі, а яшчэ любіць танчыць. 2 траўня ва ўтульнай падвальнай кавярні ў Старым горадзе Кракава ён танчыў блюз. Калі вечар падыходзіў да канца, Міраслаў абвясціў сябрам, што далучаецца да батальёна Каліноўскага і ўжо заўтра з’язджае ваяваць ва Украіну. Хлопцы разгубіліся, спыталі, ці не жартуе ён. Пачуўшы «не», адны знерваваліся, іншыя пачалі жадаць поспехаў і вярнуцца жывым. З тых часоў мінула амаль сем месяцаў. Увесь гэты час Міраслаў на вайне. Ён баец батальёна «Тэрор». За гэты час побач з ім не раз выбухалі ракеты, але самому яму не даводзілася нікога забіваць.

Фото: Наталия Кравчук, фотограф «НВ»
Паводле Міра, многія жадаюць салдатам поспеху і берагчы сябе. Гэта пажаданне, на якое складана нешта сказаць, таму ён прыдумаў дзяжурны адказ: «У межах разумнага». Фота: Наталля Краўчук, фатограф «НВ»

База «Тэрора» — гэта некалькі невысокіх будынкаў, дзе побач з брутальнымі вайскоўцамі жывуць каты. Каты тут з’явіліся раней за людзей, але супраць новых суседзяў нічога не мелі. Пакуль байцы ўладкоўваліся, ездзілі на баявыя, у мясцовых котак з’яўляліся кацяняты. Колькі чатырохлапых цяпер на тэрыторыі базы, не скажа ніхто. Вядома толькі, што некаторыя «муркі» настолькі скарылі сэрцы вайскоўцаў, што тыя выбралі сабе з іх падшэфных. Міраслаў таксама хацеў, але не змог: у чалавека, з якім ён дзеліць памяшканне (яно ж «офіс»), алергія.

Фото предоставлены собеседником
Каты на базе «Тэрора». Фота ад суразмоўцы

Міру 34, ён сувязіст. На вайне ён у асноўным працуе ў тыле: у невялікім пакоі за шырокім сталом. Яго галоўная зброя — два ноўтбукі, а ключавая мэта — каб рацыі на заданнях злучалі пабрацімаў усюды і заўсёды.

— Я ўдзельнічаю ў планаванні заданняў і прыдумляю канцэпцыю сувязі для пэўных умоваў. Для гэтага ў мяне ёсць карта, дзе, напрыклад, пазначаныя няроўнасці мясцовасці, перапады вышыняў. І мэта — аб’яднаць патрэбную колькасць рацый у зададзеных камбінацыях, — максімальна проста пра складанае расказвае суразмоўца. — У адрозненне ад працы з сувяззю на грамадзянцы, на вайне мне актыўна спрабуюць перашкаджаць не толькі навальніца і лініі электраперадачы, але і праціўнік, у якога ёсць РЭБ — глушылкі і РЭР — радыёразведка. Расіяне імкнуцца пачуць нашы рацыі і вызначыць іх месцазнаходжанне. Мая задача — прыдумаць, як гэта абысці.

Міраслаў па адукацыі гуманітарый, а па жыцці тэхнар. Нарадзіўся і вырас у Мінску, хоць сем апошніх гадоў пражыў у Польшчы. У Беларусі скончыў два курсы юрфака БДУ, расчараваўся і з’ехаў у Германію. Год даглядаў людзей з рассеяным склерозам, а затым стаў студэнтам аднаго з універсітэтаў Берліна. Вучыўся на япаніста і паралельна падпрацоўваў у тэхпадтрымцы ВНУ. Ва ўніверсітэце прайшоў амаль усе курсы, але дыплома так і не атрымаў. Калі заставалася напісаць выніковую працу, у Міраслава ўзніклі праблемы з візай, і ён вымушаны быў вярнуцца ў Мінск. У пошуках працы трапіў у геймерскую кампанію. Тут адказваў за камунікацыю з гульцамі, то-бок быў «праслойкай» паміж распрацоўшчыкамі і карыстальнікамі.

— Жыць у Беларусі мне не падабалася: прыгнятаў настрой людзей. Аднойчы пачуў, як палякі абмяркоўваюць спіс патрабаванняў да фота на дакументы на нейкім з мясцовых дзяржаўных сайтаў. Адно з іх — каб на твары не было ненатуральных выразаў, а ў дужках — «усмешкі». Размаўляючы пра гэта, палякі жартавалі пра сябе, але для мяне гэтае прыраўноўванне ўсмешкі да ненатуральных выразаў твару — шмат у чым пра Беларусь, — разважае суразмоўца. — Калі ў мяне пытаюць, чаму я эміграваў, даўно адказваю: большасць беларусаў незадаволеная ўладай. У гэтай сітуацыі ў іх ёсць тры варыянты да дзеяння. Першы — пасіўны. Працягваць жыць сваім жыццём — хадзіць на працу, потым, дапусцім, сядзець у інтэрнэце. Другі — выйсці з сітуацыі, то-бок з’ехаць з краіны. І трэці — пакласці жыццё, спрабуючы нешта змяніць. Праўда, хутчэй за ўсё, гэтыя змены наступяць не для яго, а толькі для яго дзяцей. У мяне вялікая павага да тых, хто згаджаецца на гэты шлях, але я не з іх ліку. Я занадта самалюбны і эгаістычны. І раз пасіўным я заставацца не хацеў, то эміграваў.

Фото предоставлено собеседником
Міраслаў падчас навучання на япаніста. Фота ад суразмоўцы

У Варшаве Міраслаў атрымаў дыплом сацыёлага і перабраўся ў Кракаў, дзе ў фірме Motorola Solutions «займаўся радыёстанцыямі». Праз год перавёўся ў Cisco Systems на пазіцыю сеткавага інжынера. Тут яго дзейнасць «круцілася» каля тэлефонаў, якія працуюць праз камп’ютарныя сеткі.

— Развівацца мне заўсёды было цікава ў гуманітарных сферах, а зарабляць — тэхнічнымі навыкамі. Апошнія асвойваў на практыцы, — тлумачыць ён нечаканыя прафесійныя павароты.

«Я не хацеў ехаць ва Украіну звычайным салдатам»

Міраслаў гаворыць на шасці мовах — беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай і японскай. Ён жартуе: з такім наборам ведаў ён бы выдатна ўліўся ў інтэрнацыянальны легіён, але вырашыў далучыцца да беларусаў. У красавіку напісаў у чат-бот каліноўцам і спытаў: «Чаго вы чакаеце ад навабранцаў?» У адказ атрымаў: «Нешта ў духу вар’яцтва і адвагі». Добраахвотніка такія словы не задаволілі. Ён не паленаваўся і з’ездзіў у мабілізацыйны цэнтр у Варшаву, каб пагаварыць сам-насам.

Фото предоставлены собеседником
У руках у Міра NLAW — партатыўная супрацьтанкавая кіравальная ракета. Фота ад суразмоўцы

— Я не хацеў ехаць ва Украіну звычайным салдатам. Для свайго ўзросту фізічна я ў дастаткова добрай форме, але не служыў, з вынослівасцю ў мяне так сабе. А з агнястрэльнай зброі да прыезду сюды страляў толькі тройчы: двойчы ў ціры і аднойчы — калі мы з класам у школе ездзілі на палігон, — працягвае суразмоўца. — У мяне былі веды ў радыёсувязі і жаданне быць максімальна эфектыўным.

Высветліўшы, што тэхнічныя спецыялісты на фронце вельмі патрэбныя, інжынер пачаў збіраць рэчы ва Украіну. За пару тыдняў, пакуль праходзіў паверку, жадання перадумаць не было.

— У дзень перад ад’ездам на танцах я пазнаёміўся з амерыканцам, які, як выявілася, прыехаў ва Украіну, каб вучыць вайскоўцаў карыстацца «Джавелінамі» — гэта пераносныя супрацьтанкавыя ракетныя комплексы, — успамінае Міраслаў. — Калі ён ужо навучыў дастаткова людзей, вырашыў паваяваць самастойна. Пакуль афармляў перавод у іншае падраздзяленне, у яго з’явіўся час адпачыць і з’ездзіць у Польшчу. Так мы і сустрэліся. Мне спадабалася яго мэта на вайне. Ён хоча асабіста падстрэліць танк. Мне здалося, гэта так проста і лёгка рэалізаваць. Але ў мяне ж усё інакш. У Канта ёсць паняцце — катэгарычны імператыў. Яго часта баналізуюць як залатое правіла: рабі з іншымі так, як хочаш каб рабілі з табой. Хоць ён складанейшы і гучыць так: заўсёды паводзься адпаведна такім прынцыпам, якія ты б хацеў каб сталі агульным правілам. Толькі калі кожны асобны чалавек вырашыць: хай у кантэксце таго, што адбываецца, маё дробнае дзеянне не будзе мець эфекту, але я працягну яго рабіць, бо лічу правільным, з часам такіх людзей можа набрацца вельмі шмат, каб нешта змяніць. Разуменне гэтага прынцыпу і прывяло мяне ва Украіну. Але нягледзячы на тое, што мой унёсак у гэтую вайну малы, я мусіў яго зрабіць.

Гэта калі складана. А калі, кажа, трэба «прыгажэй», можаш напісаць, што ад мяне дзяўчына сышла і я сюды прыехаў паміраць. Гэта таксама ў пэўным сэнсе праўда. Мы рассталіся за год з лішнім да майго ад’езду. Я моцна перажываў і яшчэ не да канца эмацыйна з гэтым справіўся. Магчыма, праз тое, што ў звычайным жыцці я стаў менш патрэбны, гэта дазволіла мне зняцца і з’ехаць".

«Спачатку ў працы было цяжка. Асабліва з глушылкамі»

У Кіеў Міраслаў трапіў у траўні. Ацаніўшы даўжыню яго барады, некаторыя калегі тут жа прапанавалі яму ўзяць пазыўны Распуцін. Баец ідэяй не загарэўся, прыдумляць нешта сваё таксама паленаваўся і стаў проста Мірам.

На войну Мирослав приехал ради мира, поэтому свой позывной считает удачным. Фото предоставлено собеседником
На вайну Міраслаў прыехаў дзеля міру, таму свой пазыўны лічыць удалым. Фота ад суразмоўцы

— Лічу, пазыўны дарэчны, бо мяне цікавіць не абарона крыві беларускай нацыі ці забойства рускіх, мая мэта — мір. На жаль, адзіным дзейсным сродкам для гэтага цяпер ёсць вайна, — каротка тлумачыць ён, як словы «вайна» і «мір» аказаліся побач не толькі на вокладцы твора Талстога, але і ў рэальнасці.

Пазыўны пабрацімы тут жа падхапілі «для паўсядзённай пацешнасці». З’явіліся фразы накшталт «Мір прыйшоў», «Міру мір», і нават «Мір? Гэта як рускі мір?». У адказ на апошні баец толькі закочваў вочы, працягваючы займацца ў вучэбцы. Праз месяц яго запрасілі ў адзін з батальёнаў, што базаваўся на поўдні Украіны. Вайсковец хацеў пайсці палявым сувязістам у групу разведкі. Але калі начальства даведалася, «у чым ён разбіраецца і што ўмее рабіць», яму сказалі сядзець на базе і займацца наладкай рацый.

— Побач з базай рэгулярна прылятаюць ракеты, часам у нас няма вады, электрычнасці, але гэта больш цывілізаваныя ўмовы, чым тыя, з якімі сутыкаюцца хлопцы, калі выязджаюць на заданне і тыдзень сядзяць у акопе, — апісвае сітуацыю Міраслаў. — Я ўдзельнічаў у такой нулявой дзейнасці (ездзіў на перадавую. — Заўв. рэд.) пакуль толькі пару разоў.

Жыццё Міра на базе адносна размеранае. Сваю службу ён называе працай, прачынаецца «калі прачнуўся, а не па будзільніку». Снедае, потым займаецца «канфігурацыяй рацый», «рэсёрчам новага рашэння для праблем сувязі, з якімі сутыкнуліся байцы», або разбіраецца з унутранай лакальнай сеткай. Так да 7−8 вечара, пасля — вольны час.

— Спачатку ў працы было цяжка. Асабліва з глушылкамі. Наўпрост ім складана нешта супрацьпаставіць. Гэта як лом, ён ляціць у цябе, і падставіць яму руку — не варыянт. Трэба было іх неяк абыходзіць. І ўсё гэта без патрэбнага ўзроўню тэхнічнага абсталявання: рацыі, якімі мы ў асноўным карыстаемся, цывільныя і не прызначаныя для такіх умоваў, — уводзіць у курс справы баец. — Пазней у нас з’явілася некалькі больш наварочаных амерыканскіх рацый, кожная з якіх каштуе як нятанны аўтамабіль. Гэта была рэвалюцыя, бо яны зробленыя, каб праблемы сувязі нікога не хвалявалі. З імі больш не трэба нешта выдумляць або засмучаць хлопцаў. Гэтыя амерыканскія рацыі працуюць нягледзячы ні на што.

Фото предоставлены собеседником
Каты на базе «Тэрора». Фота ад суразмоўцы

— Бывае страшна ад адказнасці за тое, як моцна ад тваёй працы могуць залежаць жыцці?

— Памятаю, калі першы раз рыхтаваў хлопцаў да аперацыі, зрабіў для рацый спецыяльную прашыўку. Праз два дні, калі яны вярнуліся, да мяне падышоў камандзір адной з групаў і досыць эмацыйна стаў на мяне наязджаць. Сказаў, у крытычны момант у іх не было сувязі. Што менавіта здарылася, мне растлумачыць не маглі. Тады ніхто не загінуў, не быў паранены, але было жудасна ад таго, што я кагосьці падставіў. А самае сумнае — я не разумеў, што менавіта не працавала, і, значыць, не мог нічога змяніць. Цяпер у такіх сітуацыях мне вельмі дапамагае досвед працы ў тэхпадтрымцы. Патэрн маіх дзеянняў падобны да таго, калі чалавек табе піша ці тэлефануе і, напрыклад, кажа: «У мяне не працуе Word». Пачынаеш высвятляць, што і чаму не працуе. Так, ёсць памылкі, якія я раблю, ёсць тыя, што робіць карыстальнік. Вядома, я магу бедаваць, што не ў сілах нешта выправіць, але мне здаецца, карысней сумленна даносіць да байцоў, што я ў сілах змяніць сітуацыю толькі калі ў мяне будзе больш сур’ёзнае апісанне праблемы.

— Табе лягчэй служыць, разумеючы, што самому не трэба забіваць?

— Мабыць. Не ведаю. Мне здаецца, мне было б нескладана навесці мушку на праціўніка і націснуць на курок. Але я магу памыляцца.

— Цяжка жыць у рэальнасці, дзе смерць, скажам так, ходзіць побач?

— Смерць не выклікае ў мяне моцных рэакцый. Магчыма, таму, што я сацыяпат. А можа, гэта наступствы працы з людзьмі, хворымі на рассеяны склероз. Гэта хвароба, якая хутка прагрэсуе і не лечыцца. Калі я прыехаў валанцёрам, мяне папярэдзілі: «У сярэднім ва ўстанове за год паміраюць два чалавекі». Так і выйшла. Ужо тады я пачаў прывыкаць, што смерць — паўсядзённая штука, якая ўвесь час з кімсьці адбываецца. З гэтым трэба неяк спраўляцца. За паўгода службы ў мяне загінулі два таварышы, але што зробіш — вайна.

«Не магу засынаць у адной прасторы з іншымі. Мне перашкаджае храп. А тое, што ракеты прылятаюць, — ну, прылятаюць»

Вокны на базе, дзе жыве Мір, унутры наглуха залепленыя. Гэта святломаскіроўка. Сваю зброю баец трымае побач з працоўным сталом — на кручку, убітым у сцяну. У аўтамата ёсць імя — Кіра.

Фото предоставлены собеседником
Спальнае і працоўнае месца Міра. Пасцельнай бялізны ў байца няма, але ёсць матрац. Фота ад суразмоўцы

— Я жыву ў адным памяшканні з начальнікам сувязі, — апісвае абстаноўку суразмоўца. — Акрамя стандартных будынкаў у нас ёсць сховішча, куды людзі сыходзяць начаваць, але я сплю на сваім працоўным месцы — пад сталом. Не магу засынаць у адной прасторы з іншымі. Мне перашкаджае храп. А тое, што ракеты прылятаюць, — ну, прылятаюць. Мяне гэта асабліва не кранае. Калі побач нешта выбухае, вокны трасуцца. У гэты момант ты ўздрыгваеш разам з імі і далей, груба кажучы, працягваеш глядзець YouTube. Я разумею, гэта небяспечна, але мне ўсё роўна. Магчыма, часткова на гэта ўплывае на тое, што я займаўся баявымі мастацтвамі, а там ёсць трэніроўкі, якія вучаць цябе не бегчы ад небяспекі. Калі цябе б’юць, ёсць імпульс заплюшчыць вочы і зрабіць крок назад. А замест гэтага трэба іх адкрыць і ступіць наперад.

Начаваць у спальніку для Міра таксама не праблема. Ён чалавек паходны. Да таго ж не так даўно ў камплект да мяшка дадаўся яшчэ і матрац. Іх «куча яшчэ нават запакаваных» засталася пасля атрада інтэрнацыянальнага легіёна, байцы якога кватаравалі з тэрораўцамі два тыдні.

— Ежай нас забяспечваюць валанцёры. Кожны дзень мы атрымліваем ад іх сняданак, абед ці сняданак, абед і вячэру, якую яны перадаюць у тэрмабідонах, — расказвае баец. — У некаторых памяшканнях на базе ёсць душ і нават цёплая вада. Адзінае, яна не зусім прэсная, а фільтраваныя з лімана. Пахне чымсьці застаялым і салёная на смак.

Фото предоставлены собеседником
Ежу для байцоў валанцёры перадаюць у тэрмабідонах. Фота ад суразмоўцы

— І яшчэ трохі пра жыццё. Ці рэгіструюцца байцы, напрыклад, у Tinder?

— Не ведаю, я не рэгіструюся. Думаю, у хлопцаў ёсць сувязі такога кшталту, чаго і варта было б чакаць.

— Тое, што хлопец вайсковец, дае яму нейкія бонусы пры знаёмстве з дзяўчатамі?

— Напэўна, камусьці так, але ж ёсць і прагматычна схільныя да гэтага дзяўчаты. Яны не хочуць лішніх перажыванняў, да таго ж разумеюць: у салдата не заўсёды ёсць вольны час. Магчыма, такі статус — гэта значны плюс, калі людзей цікавяць карнальныя сувязі, то-бок калі ты шукаеш не рамантычных адносін, а цялесных уцехаў. Але на ўласным вопыце не ведаю.

— Тым, каго, напрыклад, чакае каханая дзяўчына ці жонка, служыць прасцей?

— Асабіста мне, напэўна, прасцей не несці адказнасці, чым жыць з думкай пра тое, што некаму будзе кепска праз маю смерць. У гэтым плане, магчыма, прасцей за ўсё, калі цябе наогул ніхто не чакае. Хоць, можа, я і падманваю сябе. У інтэрнэце хапае відэа, дзе ў двары насустрач салдату выбягае каханая. Гэта прыгожа, зайздросна. Але гэта мілы відосік на дзесяць секунд. А ўсё астатняе адбываецца за кадрам. Яна сумуе, хвалюецца, ёй трэба тэлефанаваць раз на некалькі дзён. Ці вартае яно таго, не ведаю.

— Якім быў твой самы складаны дзень на вайне?

— Напэўна, дзень, калі абвастрыўся канфлікт паміж нашым падраздзяленнем і палком Каліноўскага — і «Тэрор» аддзяліўся. Было неразуменне, як будзе далей, і злоснае абурэнне, што людзі займаюцца палітыкай і перашкаджаюць нам працаваць.

Абурэнне было як на полк Каліноўскага, так і на нашых камандзіраў, таму што дыпламаты з іх так сабе. У гэтай сітуацыі ў мяне здарылася такая ж фрустрацыя, якую я адчуваў да беларускай апазіцыі, калі пачаў цікавіцца палітыкай. З нейкай зачараванай прычыны наша апазіцыя не ў стане дамовіцца і рабіць агульную справу. Як бы ўсё ні пачыналася, з часам здараюцца канфлікты, срач, і ўсё расколваецца на маленькія групкі. Тое ж адбылося і з палком Каліноўскага. Было прыкра, што ў рамках нейкай справы, якая наўпрост ужо і не зусім датычыць беларусаў, сярод беларусаў працягваецца тое самае.

— Справа вайскоўцаў — ваяваць, а не займацца палітыкай?

— Вайскоўцы, якія займаюцца палітыкай, занадта лёгка ператвараюцца ў хунту. Гэта па-першае. Па-другое, якасці, неабходныя для добрага вайскоўца і добрага палітыка, у плане карысці для дзяржавы і народа, шмат у чым супярэчаць адна адной. Да таго ж прынцыпы арганізацыі ваеннай улады і дзяржаўнай сістэмы моцна разыходзяцца. Прынамсі, у разуменні цывілізаванага свету.

Я не тое каб платаніст, які лічыць: дзяржавай павінныя кіраваць філосафы, а ваяваць — ваяры, але нейкае зерне праўды ў гэтым ёсць. Нашы ж камандзіры — прыклады гэтаму. Гэта раз. А другое — усе гэтыя палітычныя амбіцыі наконт Беларусі, намеры ісці вызваляць Мінск, зрынаць Лукашэнку… Фактам ёсць тое, што на дадзены момант мы — частка ўзброеных сіл іншай дзяржавы. І ўсё амбіцыі, якія ў нас могуць быць да ўласнай дзяржавы, да нейкай суверэннасці, — яны проста недарэчныя, таму што мы падуладныя іншай дзяржаве.

— Чаму пасля расколу ты застаўся ў «Тэроры»?

— Першапачаткова я прыйшоў у гэты батальён, таму што мяне сюды паклікалі. Тады гэта была адна з ротаў у складзе каліноўцаў. А далей я проста застаўся там, дзе мне ёсць што рабіць.

Фото: Наталия Кравчук, фотограф «НВ»
На пытанне, як падчас вайны не страціць у сабе чалавека, Мір адказвае так: старацца жыць чымсьці акрамя вайны. На шчасце, кажа, нават у хлопцаў, якія сядзяць у акопах, ёсць з сабой тэлефоны. Фота: Наталля Краўчук, фатограф «НВ»

— Калі кладзешся спаць, пра што думаеш?

— Стараюся не думаць, думаць наогул шкодна. У мяне мама філосаф, у яе хранічныя мігрэні. Яе галоўная парада — ад думання адны праблемы. Я з ёй у гэтым плане згодны.

— Адкажы як Мір: калі свет пераможа вайну?

— Патрэбны наіўны або рэалістычны адказ?

— Які дасі.

— Дам рэалістычны. Хутчэй за ўсё, ніколі. Мне здаецца, што ў натуры чалавека весці вайну з кімсьці ці чымсьці. І пакуль існуюць людзі, будзе існаваць вайна. Мы можам спрабаваць яе часова спыніць, заключыўшы перамір'е.

— Атрымліваецца, мэта, дзеля якой ты сюды ішоў, — недасягальная.

— Так, мір — гэта ідэал, да якога можна імкнуцца, але лічыць яго дасягальным наіўна. Хоць гэта і не значыць, што імкнуцца да яго нельга.