Пасольства Беларусі ўдакладняе ў кампетэнтных органаў Турцыі інфармацыю пра двух беларускіх грамадзян, сувязь з якімі была страчаная пасля землятрусу, што адбыўся ў панядзелак. Пра гэта раніцай 7 лютага паведаміла прэс-служба ведамства.
«Пасольства адсочвае сітуацыю па наяўнасці беларусаў сярод пацярпелых у выніку землятрусу ў Турцыі. Устаноўленыя два выпадкі, калі беларусы ў Турцыі не выходзяць на сувязь. Пасольства падтрымлівае пастаянны кантакт з іх сваякамі ў Беларусі, удакладняе інфармацыю ў кампетэнтных органах Турцыі», — гаворыцца ў паведамленні.
У панядзелак у МЗС Беларусі паведамлялі, што пасольствы рэспублікі ў Турцыі і Сірыі, якая таксама пацярпела ад землятрусу, знаходзяцца ў пастаянным кантакце з нацыянальнымі кампетэнтнымі органамі, інфармацыі пра загінулых і пацярпелых грамадзян Беларусі не паступала.
Адна са зніклых, мяркуючы па ўсім — Аляксандра Акпінар. Разам з мужам і маленькім дзіцем яна жыла ў горадзе Хатай. Пасля землятрусу яна перастала выходзіць на сувязь з роднымі.
Нагадаем, землятрус магнітудай 7,7 з эпіцэнтрам на глыбіні 7 км адбыўся ў 4.17 раніцы 6 лютага ў правінцыі Кахраманмараш на поўдні Турцыі. Наступствы штуршкоў закранулі мноства рэгіёнаў Турцыі і суседняй Сірыі. Штуршкі доўжыліся ўвесь дзень.