Гэтая 25-гадовая канадская футбалістка, у якой больш за мільён падпісчыкаў у Instagram, перайшла ў «Мінск» у сярэдзіне сакавіка 2023 года. У васьмі матчах чэмпіянату Беларусі форвард Патрыцыя Ламана забіла дзевяць галоў. Аднак прабыла ў адной з найлепшых каманд краіны (шматразовы чэмпіён Беларусі, у верасні выступіць у Лізе чэмпіёнаў) усяго тры з паловай месяцы. Сігналы, што ў сталічным клубе затрымліваюць заробак, паступалі і раней. Але гісторыя Ламаны ўражвае. Ёй давялося сутыкнуцца з цэлым букетам незразумелых для прафесіянала праблем, пра якія яна расказала «Люстэрку».
Пра інтэрнат: «Дзверы ў мой пакой не замыкаліся»
— 28 чэрвеня «Мінск» абвясціў, што вы спынілі супрацоўніцтва з клубам па пагадненні бакоў. Усё правільна?
— Не. Калі б да мяне лепш ставіліся, я засталася б. А так мяне вымусілі пакінуць каманду (Ламана будзе выступаць у чэмпіянаце Польшчы. — Заўв. рэд.).
— Чаму?
— Давайце я пералічу, а потым вы зможаце ўдакладніць нейкія моманты, калі захочаце.
- Я жыла на клубнай базе, што само па сабе можна прыняць. Гэта быў інтэрнат для мужчынскай каманды. Дзверы ў мой пакой не замыкаліся. Прасіла ключ шмат разоў, але ахова адмаўляла. Замок у душы таксама быў зламаны. І трэба дадаць, што ў мяне было некалькі непрыемных сустрэч з гульцамі мужчынскай каманды ў 4−5 гадзін раніцы.
- Мяне кармілі раз на дзень, прычым толькі з панядзелка да чацвярга. З пятніцы да нядзелі харчаванне не давалася. Сняданку і абеду не было. Толькі вячэра ў 17:30. Харчаванне было проста жахлівае, часам даводзілася есці тое, што ляжала ў лядоўні 3−4 дні. Мяса было таннае і жудасна прыгатаванае. У нейкі момант у мяне пачалося харчовае атручанне ад такой ежы. Звычайна давалі адно і тое ж: курыцу і рыс, курыцу і суп, курыцу і макароны. Можа, пару агуркоў і памідораў, калі пашанцуе. Дарэчы, калі вы пакінеце посуд у ракавіне нават на дзве хвіліны, кухар клуба сфатаграфуе гэта і адправіць трэнерам.
- Калі ў мужчынскай каманды была гульня, то ў дзень матча ім накрывалі шведскі стол. Калі гульцы сыходзілі, то я звычайна пракрадвалася ў сталоўку, пакуль не прыбіралі, і калупалася ў рэштках хлеба, салаты, печыва. Сорамна расказваць такое, але я проста недаядала. Каля інтэрната ў пешай даступнасці не было месцаў з карыснай ежай. Я прафесійная спартоўка і не магу харчавацца локшынай хуткага прыгатавання, чыпсамі і цукеркамі з крамы за рогам. Дастаўка ежы каштавала дорага. Да таго ж у мяне не было доступу да кухні, каб гатаваць сабе.
- Wi-Fi у інтэрнаце не працаваў. Ацяплення не было. Калі ў Мінску было халоднае надвор’е, то я спала ў куртцы і чаравіках, каб не змерзнуць.
- Не магла пакінуць інтэрнат пасля дзевяці вечара — каменданцкая гадзіна. Я вучыла дзяцей ангельскай, каб трохі зарабіць, і часам не паспявала да дзевяці. У выніку даводзілася шмат разоў пералазіць праз плот і залазіць у свой пакой — на шчасце, акно пакідала адчыненым. Нават калі стукала ахове, яны не прачыналіся, каб адкрыць дзверы.
- Чула, што шмат каму ў клубе не плацілі заробак. Усе гульцы ў жаночай камандзе пакутавалі. Калі мне шанцавала, то давалі вельмі маленькія грошы. Затое, як высветлілася, адсотак ад «заробку» ішоў кухару, які гатаваў для мяне раз на дзень.
- У клубе не было сур’ёзнага фізіятэрапеўта, каб належным чынам аднаўляць гульцоў у выпадку траўмаў. Заплаціла за працэдуры, калі атрымала пашкоджанне, але ў «Мінску» не хацелі кампенсаваць выдаткаваныя грошы.
- Мне шмат разоў казалі ў твар, што не магу забіваць, што я недастаткова хуткая і недастатковая моцная, каб гуляць у Лізе чэмпіёнаў.
- Мяне каралі за тое, чаго я не рабіла.
- Была сведкай расізму з боку мужчынскай каманды гэтага клуба. Не было інклюзіўнасці. Мне падалося, што ў «Мінску» не вельмі добра прымалі замежнікаў!
- Часам не давалі транспарту. У клубе патлумачылі, як дабірацца на трэніроўкі, але я часам гублялася ў аўтобусе, а людзі на вуліцы не дапамагалі зарыентавацца. Трэба было траціць грошы на таксі.
Пра інтэрв'ю: «Калі буду маўчаць, то не змагу спаць спакойна»
— Удакладненні, вядома, спатрэбяцца, бо шэраг рэчаў не ўкладваецца ў галаве. Што вы маеце на ўвазе пад «непрыемнымі сустрэчамі» з гульцамі мужчынскай каманды?
— Часам у пакой заходзілі п’яныя футбалісты. З іх боку была непажаданая ўвагу пасля начных вечарынак. У мяне пыталі, напрыклад: «Што я магу зрабіць, каб мы заняліся сэксам?» Хоць я была амаль упэўненая, што нічога не здарыцца з прычыны майго моцнага характару і што гэтыя хлопчыкі досыць разумныя і не захочуць разбурыць сваю кар’еру, зрабіўшы якое-небудзь глупства. Але памятайце, што я спала з суседкай па пакоі, і ў нас былі ранняй раніцай трэніроўкі.
— Заходзілі беларусы?
— Так. Пра хлопцаў з Афрыкі, якія былі ў «Мінску», засталіся толькі добрыя ўражанні. Яны неймаверна цёпла ставіліся да мяне. Як і ўжо былая аднаклубніца і суседка па пакоі Джоан Набір'е з Уганды. Мы добра бавілі час разам, вучыліся адна ў адной, смяяліся, маліліся ці гаварылі пра нашыя пакуты. З афрыканцамі я сябравала, мы клапаціліся адно пра аднаго. Гэта дапамагала спраўляцца з праблемамі.
— Вы не жылі адна ў пакоі?
— Жыла адна толькі першыя два тыдні. Потым падсялілі гульца. Я не згаджалася — мне абяцалі іншае. Мной маніпулявалі, прымушаючы адчуваць сябе кепска праз тое, што новаму гульцу нашай каманды няма дзе спыніцца, хоць насамрэч гэта не мая адказнасць. Мы спалі на адлегласці менш за два метры адна ад адной у не самым прасторным пакоі. Незалежна ад сітуацыі мы сталі найлепшымі сябрамі.
— Ці праўда, што ў адзін момант у клубе вам сказалі шукаць сабе жыллё?
— Так. Але мне не было куды ісці, дапамогі не было, я не разумела і не гаварыла па-руску. Заробак не плацілі. Таму засталася ў інтэрнаце.
— Ваш агент падымаў праблемы?
— Вельмі шмат разоў. Адзначу наступнае: пасля любых асцярог, якія я агучвала, мне давалі зразумець, што прычына нібыта не ў клубе, а ў тым, што я падымала праблемы.
— Збіраецеся падаваць на «Мінск» у суд?
— Шукаем аптымальнае рашэнне. Спадзяюся, што публікацыя гэтай гісторыі павысіць інфармаванасць людзей. Калі буду маўчаць, маё сэрца будзе балець за іншых і я не змагу спаць спакойна. Апошняе, што хацела рабіць, — выносіць якія-кольвек праблемы на публіку. Мне падабалася бавіць час у Беларусі нягледзячы на тое, праз што давялося прайсці. Мінск выдатны, я люблю футбол. Але гэты клуб скарыстаўся маёй рэпутацыяй і маёй вялікай аўдыторыяй у сацыяльных сетках. Я думаю, яны лічылі, што наяўнасць знакамітай канадкі зробіць клуб нашмат лепшым!
Пра расізм у клубе: «Некаторыя лічылі, што афрыканцы не мыюцца»
— За ўвесь час знаходжання ў «Мінску» вам нешта заплацілі?
— 1000 рублёў. Прычым значна пазней за абяцаную дату. Выдаткавала іх на ежу, транспарт, і грошы скончыліся вельмі хутка. Таксама мне плацілі 15 рублёў пасля матча, калі «Мінск» выйграваў. Гэтага хапала толькі на бутэльку вады і лёгкі перакус. Дарэчы, часта я не магла выкарыстоўваць канадскія банкаўскія карткі для аплаты. Гэта таксама было праблемай. Толькі пасля таго як агент падняў шум, мне, на шчасце, аддалі заробак, бо я запатрабавала скасаваць кантракт.
— Што за расізм быў у «Мінску»?
— Некаторыя гульцы мужчынскай каманды не хацелі дакранацца або сядзець побач з афрыканцамі. Ім не паціскалі рукі, у адрозненне ад «сваіх». Называлі «бруднымі». Усур’ёз лічылі, што яны не мыюцца. Адзін футбаліст нават аблаяў мяне за тое, што я падзялілася навушнікамі з афрыканцам, бо ён можа «скрасці іх ці пасля гэтага яны будуць пахнуць сабакам». Была ў шоку і дыстанцыявалася ад гэтых беларусаў.
Я падаравала сябру навушнікі, бо адчувала, што яны патрэбныя яму больш, чым мне. Сказала афрыканцу выкарыстоўваць іх, каб блакаваць навакольны шум і проста паспрабаваць засяродзіцца на гульні. Ніколі не забуду яго, бо ён падтрымліваў мяне, калі я ўвесь час плакала. Пазней гульцы-беларусы з мужчынскай каманды пачалі ставіцца да мяне па-іншаму, бо я не аб’ядналася з «белымі».
У афрыканцаў былі такія ж праблемы з заробкам і ежай, як у мяне. Іх рэдка можна было бачыць на камандных фота, у клубных сацсетках, рэкламе. І гэта яшчэ адна прычына, чаму я вырашыла пакінуць «Мінск». Не хацела быць часткай арганізацыі, якая ставіцца да гульцоў як да рабоў прадукцыйнасці, а расізм лічыцца жартам.
— Калі вы вырашылі пакінуць каманду?
— Думала гэта зрабіць ужо праз два тыдні пасля прыезду. Але хацела паглядзець, ці змагу быць яркім святлом у цёмным пакоі. Дапамагчы натхніць іншых і пастарацца захаваць пазітыў. Аднак зразумела, што занадта ахвярую сабой дзеля клуба, які не клапаціўся пра мяне. Даядала за іншымі, жыла ў інтэрнаце, а не ў кватэры, як абяцалі. Гэта выклікала трывогу і раздражненне. Мышачная маса рэзка зменшылася! Я страціла 12 кг, так бедна харчуючыся і працуючы на інтэнсіўным узроўні. Мала хто верыў у мяне. Не паважалі і не ўспрымалі сур’ёзна. У «Мінску» не былі задаволеныя маім выступам. Калі вы не Кіліян Мбапе ў спалучэнні з Усэйнам Болтам, то не падыходзіце ім.
— За што вас каралі?
— Неяк аказалася на лаўцы запасных падчас выязной гульні, бо была ў аўтобусе ў «цывільным адзенні», а не ў форме «Мінска». Агент потым паведаміў, што гэта пакаранне за невыкананне правілаў. Але клубнай курткі мне не далі. Хоць прасіла да гэтага некалькі разоў. Насамрэч я была ў форме «Мінска», але давялося яшчэ надзець сваю куртку — было холадна. У аўтобусе ўсе былі ў аднолькавай вопратцы, акрамя мяне. Вядома, адчувала сябе ізгоем. Яны стварылі праблему, але пакаралі за гэта мяне. Як чалавек мусіць рэагаваць на такую несправядлівасць?
Было і такое, што клубны «доктар» казаў трэнеру, што хлусіла пра свае траўмы, каб прыцягнуць увагу і атрымаць грашовую кампенсацыю. Ведаеце, я вельмі сур’ёзна стаўлюся да кар’еры. Дзеля футбола ахвяравала ўсім. Але ў цярпення ёсць межы. Лячэнне было ніжэйшае за нармальны ўзровень. Яны заявілі, што я ў поўным парадку, хоць я ведала, што гэта не так. У перыяд траўмы зноў сказалі, што я недастаткова добры гулец, хоць я не выходзіла на поле ў той час.
— Як паводзілі сябе аднаклубніцы-беларускі?
— Большасць была прыязная, а некаторыя не. Гэта нармальна ў любым асяроддзі. Я паважала ўсіх гульцоў, нягледзячы ні на што.
Пра выступ за «Мінск»: «Гэта быў адкрыта бесчалавечны эксперымент»
— Якімі былі вашыя мэты, калі вы вырашылі гуляць у Беларусі?
— Хацела атрымаць новы досвед, прыцягнуць увагу зборнай Канады сваім талентам, прывесці «Мінск» да перамогі ў чэмпіянаце. Акрамя гэтага, марыла ўпершыню ў жыцці згуляць у Лізе чэмпіёнаў.
— Ведалі што-небудзь пра сітуацыю ў краіне перад прыездам? Пра ўзровень рэпрэсій у Беларусі, суўдзел у вайне ва Украіне…
— Так, але ўсюды ёсць праблемы. Гэта не тое, што я магу кантраляваць. Я проста спрабавала засяродзіцца на спартыўным баку, не ўяўляючы, як палітычная сітуацыя ўплывае і на спорт.
— Якія ўражанні пакінуў жаночы футбол у Беларусі?
— Буду казаць пра «Мінск». Інфраструктура вымушала жадаць лепшага, але праблемы вырашальныя. Трэніроўкі былі недастаткова інтэнсіўныя, не дазвалялі прагрэсаваць. Вельмі базавы ўзровень. Мне, паўтаруся, не давяралі, але прадуктыўнасць толькі вырасла пасля матчаў, калі я не была ў стартавым складзе. Калі гулец не трапляе на лаўку запасных, то ніколі не ўсведамляе, які яго сапраўдны патэнцыял. Стварыла пазітыўны настрой, сказаўшы сабе, што я сакрэтна зброя для другой паловы матчаў. Хоць уявіце, як я магла добра выступаць, калі думкі былі сканцэнтраваныя на ўсім, акрамя футбола? У мяне не было сіл гуляць, аднак усё ж я неяк гэта рабіла!
— Не думалі, што агалоска ў СМІ дапамагла б вырашыць хаця б некаторыя вашыя праблемы ў «Мінску»?
— Усё можа быць. Урэшце, нават калі б я памерла, яны не маглі б дазволіць сабе маё пахаванне. Падобна, у клубе больш клапоцяцца пра перамогі, чым пра гульцоў. На жаль, гэта быў адкрыта бесчалавечны эксперымент, але я шмат чаму навучылася.
— І ўсё ж паспрабуем скончыць на добрай ноце.
— Акрамя футбалістаў з Афрыкі, якія заслугоўваюць самых цёплых словаў як людзі, я сустрэла ў Мінску беларускую сям’ю, якая ведала пра сітуацыю і неймаверна пра мяне клапацілася. Напрыклад, яны гатавалі для мяне, сустракалі ў аэрапорце, плацілі за таксі або тэлефон. І, галоўнае, падтрымлівалі маральна! Я рабіла ўсё, што магла, каб дапамагчы ім у любы час, калі яны таксама ў чымсьці мелі патрэбу. Я б таксама абсыпала іх дзяцей падарункамі.
Час у Беларусі быў вельмі пазнавальным. Адчула ўсе віды эмоцый. Удзячная за гэтыя ўрокі, добрыя і дрэнныя, ужо былым аднаклубнікам. Але прыйшоў час адправіцца туды, дзе мяне цэняць за талент, самаахвярнасць і дысцыпліну.
Жадаю сваёй камандзе перамогі ў чэмпіянаце. Яны здольныя на гэта, са мной ці без мяне. Але я не магла ахвяраваць усімі аспектамі свайго здароўя, каб падняць трафей. Любы на маім месцы даўно б сышоў, але я сапраўды хацела дамагчыся поспеху ў Беларусі.
І вось яшчэ адзін момант. Самая вялікая памылка — думаць, што я багатая дзяўчына, якая ні пра што не клапоціцца. Instagram не адлюстроўвае, хто я насамрэч, бо людзі любяць казкі, а не праўду. Тое, што ў вас мільён падпісчыкаў і вы носіце прыгожую вопратку, не значыць, што вы багатыя. Калі б вы спыталі, то я багацейшая сэрцам, чым хто-небудзь іншы. Дапамагаю многім вакол, нават калі яны не любяць мяне. Я нічога ні ад кога не чакаю і разумею значна больш, чым думаюць людзі.
З нагоды затрымкі зарплаты і іншых праблем, узнятых Патрыцыяй Ламанай, мы звярнуліся па каментары ў футбольны клуб «Мінск» і федэрацыю футбола. Адзначым, што першы намеснік старшыні федэрацыі Андрэй Васілевіч да нядаўняга часу кіраваў ФК «Мінск». Калі атрымаем адказы, то абавязкова апублікуем іх.
Чытайце таксама


