Ці падабаецца вам горад, у якім вы жывяце? А ці ганарыцеся вы ім? І ці ёсць там усё неабходнае для жыцця? Каманда Цэнтра новых ідэй вырашыла вывучыць, наколькі беларусы задаволеныя сваім месцам жыхарства, і ўпершыню склала «Барометр беларускіх гарадоў». Расказваем, як беларускія гарады ўспрымаюць іх жыхары, ці многія хочуць пераехаць і які горад найлепшы для жыцця.
Даследаванне складалася на аснове звестак сацыялагічнага апытання, што ладзілася ЦНІ і «Народным апытаннем». Яно праводзілася метадам анлайн-апытання з 20 па 23 траўня 2023 года, у ім узялі ўдзел 1966 чалавек. Асаблівасць выбаркі — перакос у бок прапратэснай, прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства. Са структурнага пункту гледжання даследаванне складаецца з аналізу ўмоваў жыцця і ўспрымання горада.
Паводле аўтараў, даследаванне паказвае, як беларусы самі ўспрымаюць гарады і мястэчкі, у якіх жывуць: ці падабаюцца ім умовы жыцця, ці ганарацца яны сваім месцам жыхарства, ці бачаць перспектывы, каб заставацца, і гэтак далей.
Якія гарады найлепшыя для жыцця?
Паводле сукупнасці ацэнак па ўсіх паказчыках «Барометра…» даследчыкі вылучылі наступны топ беларускіх гарадоў: першае месца — Брэст, другое — Гродна, трэцяе — Мінск. З рэйтынгам іншых гарадоў і мястэчак Беларусі можна пазнаёміцца на сайце даследавання.
Што стала галоўнымі перавагамі Брэста? Па-першае, тлумачыць старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў, яго жыхары і жыхаркі задаволеныя ўмовамі для баўлення вольнага часу: якасцю працы музеяў і выставаў, кавярняў і бараў, спартовых клубаў і пляцовак.
— Па-другое, яны ўпэўненыя ў тым, што ў горада ёсць перспектывы развіцця, — дадае ён. — Моцнымі бакамі Гродна (што было чакана) аказаліся патрыятызм яго жыхароў, іх любоў да свайго горада, замілаванне ім і нежаданне з’язджаць. А вось Мінск, пры даволі высокіх агульных ацэнках, «праваліў» такія паказчыкі, як задаволенасць працай школ і дзіцячых садкоў (а таксама дзіцячых пляцовак у дварах) і «гонар за свой горад».
А што з астатнімі гарадамі?
Усе вынікі даследчыкі аформілі ў графік, спалучыўшы паказчыкі субіндэксаў умоваў жыцця і ўспрымання горада. Атрымалася двухмерная сістэма каардынат, дзе пунктам перасячэння сталі сярэднія значэнні па гарадах па кожным з індэксаў.
Такім чынам эксперты вылучылі чатыры групы гарадоў.
Гарады для жыцця
У іх і ўмовы ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па краіне, і агульныя ацэнкі гарадоў параўнальна высокія. Да гэтай групы адносяцца Брэст, Гродна, Ліда, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск, Мазыр, а таксама гарады сярэдніх памераў Гомельшчыны (Жлобін, Калінкавічы, Рагачоў, Рэчыца, Светлагорск) і Брэстчыны (Бяроза, Івацэвічы, Кобрын, Лунінец).
Гарады энтузіястаў
Гэта тыя населеныя пункты, дзе ўмовы для жыцця ацэньваюцца ніжэй за сярэднія па краіне, але жыхары ўсё ж любяць іх. Гэта Віцебск, мястэчкі Міншчыны, гарады сярэдніх памераў Міншчыны (Вілейка, Дзяржынск, Жодзіна, Мар'іна Горка, Слуцк, Смалявічы) і Гродзеншчыны (Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Смаргонь).
Гарады-расчараванні
У іх ўмовы для жыцця нібы і ёсць (ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па гарадах Беларусі), але горад чамусьці не радуе сваіх жыхароў. У гэтую групу трапілі Бабруйск, Салігорск і сярэдняга памеру гарады Магілёўшчыны кшталту Горак, Асіповічаў і Крычава.
Месцы роспачы
У населеных пунктах гэтай групы ўмовы для жыцця хутчэй кепскія, ды і самі гарады ўспрымаюцца жыхарамі не вельмі добра. Гэта такія гарады, як Магілёў, Орша, Барысаў, Маладзечна, гарады сярэдняга памеру Віцебшчыны (Наваполацк, Полацк), а таксама гарады невялікага памеру Магілёўшчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны і Брэстчыны.
Якія высновы?
Паводле аўтараў даследавання, тое, як мы ставімся да свайго горада ці мястэчка, часта мае значна большае значэнне за тое, што ў ім ёсць ці чаго няма.
— Суб'ектыўны складнік у стаўленні да населенага пункта можа гуляць у два бакі, — тлумачыць Коршунаў. — Так, фактар «лакальнага патрыятызму» можа падымаць некаторыя гарады і мястэчкі ў агульным рэйтынгу (як у выпадку з «гарадамі энтузіястаў»), а расчараванне ў перспектывах — скідваць долу («гарады-расчараванні»). Да таго ж дзейнічае «фактар вайны», які занізіў планку патрабаванняў да ўмоваў жыцця. Праз гэта задаволенасць гарадской інфраструктурай, якая ёсць і так-сяк працуе, а не зруйнаваная расійскімі вайскоўцамі, ва ўмоўных Горках ці Круглым вышэйшая, чым у тым жа Мінску ці Гродне з Брэстам.
Чытайце таксама


