Намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Аляксандр Тарасенка расказаў БЕЛТА пра сітуацыю з СOVID-19 у краіне.
Паводле яго звестак, з красавіка 2022 года ў Беларусі назіраецца пэўная стабільнасць што да да распаўсюджвання COVID-19: «Цяпер, як і ва ўсім свеце, адзначаецца пэўны рост захворвання. Сітуацыя кантраляваная».
У Беларусі цыркулюе разнавіднасць штаму амікрон — «пірола».
«Каранавірусная інфекцыя не пакідала нас з 2020 года. У цяперашні час у свеце выклікае заклапочанасць цыркуляцыя штаму „пірола“, і цяпер назіраецца пэўны ўздым. Гэты штам характарызуецца зніжэннем працягласці інкубацыйнага перыяду: з моманту заражэння да захворвання праходзіць тры дні, пры тым што раней было пяць і больш. Захворванне працякае ў няцяжкай форме», — расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач.
Нагадаем, у канцы верасня гэтага года Аляксандр Тарасенка паведамляў, што ў Беларусі няма «піролы».
Што за «пірола»?
Упершыню «піролу» выявілі ў канцы ліпеня 2023 года ў Ізраілі. Новы штам паходзіць з сублініі ВА.2 варыянту «амікрон», які стаў прычынай росту выпадкаў COVID-19 у пачатку 2022 года.
Лічыцца, што «пірола» — больш заразная ў параўнанні з папярэднікамі, бо мае найбольшую колькасць мутацый у спайк-бялку ў параўнанні з першапачатковым варыянтам «амікрон». Такая колькасць мутацый стала магчымай у выніку незвычайнай эвалюцыі віруса дзякуючы яго прысутнасці ў арганізме людзей, якія доўга хварэюць (напрыклад, пры імунадэфіцытных станах).
Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўключыла варыянт «пірола» ў спіс варыянтаў COVID-19, якія знаходзяцца пад наглядам, з прычыны яго здольнасці ўхіляцца ад імунітэту, набытага пасля захворвання іншымі штамамі COVID-19 альбо пасля вакцынацыі. Пакуль няма доказаў, што гэты варыянт выклікае цяжэйшае цячэнне хваробы або вышэйшы ўзровень смяротнасці. Сімптомы мала адрозніваюцца ад тыповых прыкмет каранавіруснай інфекцыі. У цэлым, як лічаць эксперты, COVID-19 працягвае заставацца пагрозай. СААЗ заклікала падтрымліваць барацьбу з яго распаўсюдам, у тым ліку праводзіць бустарную вакцынацыю.