У калоніі «Віцьба» ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта ўжо чацвёртая смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі.
Паводле звестак праваабаронцаў, Вадзім Храсько памёр у ноч з 8 на 9 студзеня ад пнеўманіі. Яго даставілі з калоніі ў бальніцу, але медыкі ўжо не змаглі выратаваць мужчыну.
12 студзеня Вадзіма Храсько пахавалі ў Мінску.
Афіцыйныя структуры ніяк не каментуюць гэты інцыдэнт, адзначаюць у «Вясне».
Вадзіма Храсько судзілі па артыкуле 361−2 КК РБ (Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў яго вінаватым і асудзіў за некалькі данатаў на тры гады калоніі, нягледзячы на тое, што мужчына меў сур’ёзнае захворванне. Адбываць тэрмін Вадзіма Храсько адправілі ў віцебскую калонію № 3, дзе, паводле падлікаў праваабаронцаў, ён прабыў каля двух месяцаў.
Судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам суддзі Аляксея Цяцюхіна пакінула прысуд у сіле. 3 лістапада МУС унесла Храсько ў"спіс экстрэмістаў". Праваабаронцы прызналі Вадзіма Храсько палітычным зняволеным.
Чацвёртая смерць
У траўні 2021 года ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове Магілёўскай вобласці памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Паводле версіі кіраўніцтва калоніі — у выніку спынення сэрца. У пасведчанні пра смерць у графе «прычына смерці» стаіць код МКБ R99 («Іншыя недакладна акрэсленыя і неўдакладненыя прычыны смерці»).
Сваякі і сябры Ашурка сцвярджалі, што раней у яго не было праблем са здароўем, перад этапам у калонію ён быў здаровым і бадзёрым. Калі выдалі цела Вітольда, яно выглядала вельмі худым і змардаваным, быццам ён, і без таго худы, страціў не менш 15−20 кг. Як стала вядома сваякам, пасля прыбыцця ў Шклоў Ашурка не адправілі ў атрад — усе свае дні там ён прабыў у ізаляцыі спачатку на каранціне, а потым у ШІЗА. Былыя зняволеныя калоніі расказалі ў СМІ, што Вітольда там маглі збіваць і падвяргаць здзекам. Афіцыйнага расследавання прычын смерці Вітольда Ашурка не было.
У траўні 2023 года ў калоніі «Віцьба» памёр палітвязень Мікалай Клімовіч. Мужчына быў асуджаны на год пазбаўлення волі, нягледзячы на цяжкі дыягназ і неабходнасць знаходзіцца пад пастаянным наглядам кардыёлага і прымаць лекі. Мікалай пражыў у калоніі толькі два тыдні. Сваякам паведамілі, што ў калоніі правялі праверку па факце смерці і не выявілі складу злачынства.
У ліпені 2023 года ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна
Памёр мастак Алесь Пушкін. У бальніцу яго прывезлі з турмы № 1 Гродна ўжо ў несвядомым стане, практычна памерлага. У Пушкіна быў перытаніт, сэпсіс, паліорганная недастатковасць і нават пашкоджаная дыяфрагма. Медыкі зрабілі аперацыю, але выратаваць мужчыну ўжо не ўдалося. Ноччу альбо днём 11 ліпеня Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі. У пратаколе ўскрыцця напісана, што прычына смерці невядомая.
Чытайце таксама