Знайсці арандаваную кватэру з адэкватнымі гаспадарамі шанцуе далёка не ўсім (зрэшты, як і гаспадарам з арандатарамі). Няпростая сітуацыя склалася ў жыхаркі Мінска: яна арандавала кватэру, а менш чым праз год яе паставілі перад фактам, што трэба з’ехаць цягам месяца. Дзяўчына знайшла новае жытло і выселілася раней, але гаспадарам гэта не спадабалася, і яны адмовіліся скасоўваць дамову, патрабуючы «дажыць» і даплаціць да таго тэрміну, які зручны ім. Арандатарка падала ў суд — і атрымала сустрэчны пазоў, дзе яе абвінавацілі амаль ва ўсіх грахах, пачынаючы з нявыплаты. Хто ў выніку аказаўся ў выйгрышы? Дэталі даведаліся з апублікаванага судовага рашэння.
Аліна (усе імёны выдуманыя) арандавала кватэру ў пачатку 2023 года. Дамову падпісалі 18 лютага з гаспадаром — Генадзем. Дзяўчына кажа, што выконвала ўсе свае абавязанні, плаціла спраўна, грошы забірала маці гаспадара — Ларыса. Арэндная плата складала 640 рублёў, плюс кожны месяц арандатарка аплачвала камуналку. Разліковым днём было 7-га, і дамова была да 7 студзеня 2024 года.
Аднак ужо 28 кастрычніка Ларыса заявіла, што праз месяц, 30 лістапада, Аліна мусіць выселіцца з кватэры. Кватарантка пачала тэлефанаваць гаспадару, спрабаваць высветліць, што адбываецца, ці праўда гэта і чаму ёй трэба з’язджаць, але Генадзь не браў слухаўку. Тады Аліна занялася пошукам новага жытла.
Відаць, яно знайшлося, і 7 лістапада дзяўчына паведаміла гаспадарам, што з’язджае проста цяпер. Арэнда ў яе была аплачаная да гэтага дня, а ЖКП яна мусіла аплаціць пасля атрымання квітанцыі (што потым і зрабіла).
Паводле дамовы, скасаваць яе можна было па пагадненні бакоў або з ініцыятывы арандатара ў любы момант, калі ён выканаў свае абавязанні перад гаспадаром. Пасля скасавання наймальніца мусіла пакінуць кватэру ў тым самым стане, у якім прыняла, за выключэннем натуральнага зносу, пры гэтым акт прыёму-перадачы памяшкання мог складацца, а мог і не складацца.
Як пазней раскажа на судзе Ларыса, у той дзень яна прыехала, каб узяць з Аліны грошы да канца лістапада. Яны сустрэліся ля дома, і дзяўчына сказала, што проста цяпер з’язджае з кватэры, прапанавала падняцца наверх і скласці акт прыёму-перадачы. Аднак Ларыса заявіла, што не згодная скасоўваць дамову цяпер, а хоча менавіта з 30 лістапада. Складаць акт яна адмовілася.
Тады Аліна проста з’ехала з кватэры ў новую. Дамова працягвала дзейнічаць, гаспадары адмаўляліся яе разрываць, пакуль Аліна не заплаціць ім арэнду да канца лістапада, і яна падала ў суд, каб пагадненне скасавалі ў прымусовым парадку з 8 лістапада 2023 года. Таксама яна запатрабавала з адказчыка кампенсацыю судовых выдаткаў.
Усюды вінаватая
Аднак уладальнікам не спадабалася тое, у якім становішчы яны аказаліся, і яны вырашылі адказаць сустрэчным пазовам. Генадзь заявіў, што Аліна парушыла ўмовы дамовы і вінная яму шмат грошай.
Паводле той версіі, якую гаспадар і яго маці прадставілі суду, Аліна арандавала кватэру ў студзені 2023 года, але паколькі мяняўся ўласнік (2 лютага Ларыса падаравала кватэру сыну), дамова першы час была вусная, а падпісалі яе толькі 18 лютага. Паводле гаспадароў, дзяўчына фактычна жыла ў кватэры з 30 студзеня (між тым, тое, што тэрмін дамовы быў не роўна на год, а да 7 студзеня 2024-га, а разліковым днём быў сёмы дзень месяца, прымушаюць падазраваць, што насамрэч Аліне здалі кватэру нават не 30-га, а 7 студзеня).
Пры гэтым Генадзь і Ларыса сцвярджалі, што за перыяд 30 студзеня — 18 лютага, калі дамовы не было, Аліна ім нічога не заплаціла, і патрабавалі за гэта 409 рублёў. Яны ніяк не патлумачылі, навошта потым падпісалі дамову з чалавекам, які нібыта не плаціў за жытло.
Другой прэтэнзіяй было, што разам з Алінай увесь час жыў яе хлопец, які нібыта адмаўляўся заключаць дамову. На думку гаспадароў, арандатарка тым самым парушыла падпісанае пагадненне. Яны запатрабавалі з яе па 100 рублёў за кожны месяц пражывання хлопца ў кватэры.
Трэцяя прэтэнзія — тое, што Аліна і яе хлопец, уладкоўваючы кватэру пад сябе, паводле гаспадароў, укруцілі ў сцены кранштэйны, каб павесіць мэблю. А гэта нібыта парушыла цэласнасць сцен, маглі пацярпець інжынерныя камунікацыі. Паколькі аднаўленне сцен і камунікацый унутры іх не адносіцца да надзённага рамонту, Генадзь і Ларыса лічылі, што Аліна абавязаная адрамантаваць кватэру да таго стану, у якім яе атрымала.
Нарэшце, сцвярджалі гаспадары, дзяўчына не аплачвала гарадскі тэлефон, хоць абавязаная была плаціць усю камуналку, і назапасіўся доўг 41 рубель.
Генадзь і Ларыса запэўнівалі, што менавіта з прычыны шматлікіх парушэнняў дамовы яны вырашылі выселіць дзяўчыну. Аднак яны хацелі зрабіць гэта з 30 лістапада, і, на іх думку, Аліна, як парушальніца, была абавязаная выселіцца менавіта ў тэрмін, які агучаць гаспадары, таму не мела права з’язджаць 7 лістапада і мусіла заплаціць ім да канца месяца.
У той жа час гаспадары, карыстаючыся тым, што дамова дагэтуль не скасаваная, сцвярджалі, што насамрэч Аліна не вярнула ім кватэру, і яны нават не ведаюць, ці выехала яна з яе. На іх думку, яна ўсё яшчэ працягвае жыць там і абавязаная аплаціць арэнду з 8 лістапада аж да моманту суда.
Такім чынам, Генадзь і Ларыса запатрабавалі з дзяўчыны арэндную плату за час пражывання без дамовы — 409 рублёў, грошы за перыяд пасля высялення (8 лістапада — 17 студзеня) — 1481 рубель, плату за пражыванне хлопца ў кватэры — 1100 рублёў, камуналку за снежань-студзень — 64 рублі і плату за тэлефон — 41 рубель. А зверху яшчэ 102 рублі за дзяржпошліну. Агульная сума склала 3197 рублёў. Таксама ў пазове было патрабаванне вярнуць кватэру ў першапачатковы стан і перадаць яе па акце прыёму-перадачы.
«Якія вашыя доказы?»
Суд прызнаў усе прэтэнзіі гаспадароў неабгрунтаванымі. Фактычна ўсе іх абвінавачанні і прэтэнзіі да Аліны былі толькі на словах, а ніякіх доказаў парушэнняў з яе боку ва ўладальнікаў кватэры не было.
Так, суд нагадаў Генадзю, што ягоная маці сама адмовілася скласці акт прыёму кватэры ў дзень высялення Аліны. Зрэшты, і калі з дзяўчынай падпісвалі дамову, акт таксама не складаўся. Таму наогул невядома, у якім стане была кватэра да і ў якім засталася пасля. Пацвердзіць, што менавіта Аліна паставіла там кранштэйны і яны нанеслі нейкую шкоду, гаспадары таксама не маглі. У выніку суддзя прыйшоў да высновы, што патрабаваць ад дзяўчыны рамонту кватэры няма ніякіх падставаў.
Дакладна гэтак жа не было ў гаспадароў і доказаў таго, што Аліна жыла ў кватэры да пачатковай даты дамовы, 18 лютага, і тым больш што яна за гэты тэрмін не заплаціла.
Што да грошай за пражыванне яе хлопца, суд адзначыў, што плата за арэнду кватэры паводле дамовы складала 640 рублёў і дадатковых пагадненняў не заключалася, значыць, спаганяць з Аліны нешта звыш гэтага няма падставаў. Гаспадары маюць права падаць у суд на самога хлопца і запатрабаваць грошы за пражыванне з яго.
Наконт даты высялення суд прыйшоў да высновы, што Аліна ў адпаведнасці з дамовай мела поўнае права выселіцца 7 лістапада або ў любую іншую дату пасля выканання сваіх абавязанняў, што яна і зрабіла. Таму меркаванне гаспадароў, што яна была абавязаная выселіцца тады, калі скажуць яны, не мае законных падставаў.
Аргументы пра тое, што дзяўчына жыла ў кватэры пасля высялення і мусіць за гэта плаціць, суд таксама адхіліў, бо са словаў саміх гаспадароў вынікала, што яны ведалі пра выезд Аліны і самі адмаўляліся скасоўваць з ёй дамову.
Нарэшце, па пытанні аплаты за гарадскі тэлефон суд адзначыў, што тэлефонная сувязь не адносіцца да жыллёва-камунальных паслуг і ў дамове арэнды не было нічога пра тое, што Аліна абавязаная гэтую сувязь аплачваць, таму не плаціла яна цалкам правамерна і нічога не вінная.
У выніку пазоў Аліны з патрабаваннем скасаваць дамову з 8 лістапада быў задаволены цалкам. А вось сустрэчны пазоў гаспадароў — цалкам адхілены. Але гэтым непрыемнасці для Ларысы і Генадзя не скончыліся. Як бок, які прайграў, іх абавязалі кампенсаваць Аліне ўсе судовыя выдаткі: 185 рублёў за дзяржпошліну і 820 рублёў за дапамогу юрыста, агулам 1005 рублёў.
Акрамя таго, гаспадарам кватэры давялося яшчэ даплаціць пошліну за ўласны пазоў. Грамадзянскія суды могуць быць даволі дарагімі, і Ларыса з Генадзем самі сабе нашкодзілі, выставіўшы занадта шмат патрабаванняў. Так, за разгляд пытання пра спагнанне з кватаранткі грошай (больш за 3000 рублёў) яны засталіся вінныя дзяржаве 5% ад сумы, пытання пра прывядзенне кватэры ў першапачатковы стан — тры базавыя велічыні, пытання пра прымус скласці акт прыёму-перадачы — яшчэ тры базавыя. У выніку сума пошліны склала 395 рублёў.
Такім чынам, беспаспяховы суд з кватаранткай, парушэнні якой уладальнікі жылля ці то выдумалі, ці то не маглі даказаць, абышоўся ім у 1400 рублёў.
Беларускія суды разглядаюць самыя розныя выпадкі — часам кур’ёзныя, часам трагічныя, а часам і тое, і другое адразу. «Люстэрка» адшуквае для вас самыя займальныя сюжэты з рэальнага жыцця, каб вы ведалі, чым можа абярнуцца звычайная дамова і як сябе абараніць.
Падтрымайце рэдакцыю, каб мы стваралі больш такіх матэрыялаў 👀
Калі вы шануеце падыход «Люстэркі» да працы і жадаеце, каб мы і далей казалі аб важных рэчах, — падтрымаеце нашу каманду фінансава. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне ці аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.
Чытайце таксама


