У Жабінкаўскім раёне за «распальванне нянавісці» і «абразу міліцыянтаў» затрыманы прадпрымальнік. Пра гэта паведамляе набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
На затрыманне мужчыны адправілі супрацоўнікаў атрада спецназа «Шторм». На апублікаваным відэа яны ў поўнай экіпіроўцы ўрываюцца з мацюкамі ў дом і кладуць мужчыну тварам у падлогу.
На «пакаяльным» відэа прадпрымальніка прымусілі сказаць, што ён «падтрымліваў масавыя беспарадкі», «асуджаў дзеянні праваахоўных органаў» і «абражаў іх». А яшчэ «падтрымліваў, што з 1917 года Брэсцкая вобласць належала Польшчы, і хацеў, каб яна там і засталася».
Адзначаецца, што затрыманы «будзе доўга сядзець у турме і старанней вывучаць гісторыю».