Следчы камітэт (СК) 16 мая заявіў, што дадаў у спіс падазраваных прозвішчы 104 беларусаў, якія бралі ўдзел у вулічных акцыях за мяжой, у прыватнасці, на Дзень Волі 25 сакавіка. Ведамства звярнула ўвагу, што па месцы іх рэгістрацыі «праводзяцца ператрусы, накладанне арышту». Як стала вядома «Радыё Свабода», да некаторых эмігрантаў ужо прыйшлі па месцы жыхарства ў Беларусі з ператрусамі. Выданне пагаварыла з беларусамі, якія зараз жывуць за мяжой і бралі там удзел у акцыях пад бела-чырвона-белымі сцягамі.
Паводле СК, 104 беларусаў прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе — ім інкрымінавалі арт. 361−1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) і арт. 369−1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
У рамках даследавання СК заявіў, што ўжо атрымаў інфармацыю пра аб’екты нерухомасці і іншую маёмасць падазраваных на тэрыторыі Беларусі. Цяпер праводзяцца следчыя дзеяньні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і «іншыя працэсуальныя захады».
Раней у Беларусі ўжо прадалі тры кватэры палітэмігрантаў і палітвязняў. Гэта жытло Ціханоўскіх, Цапкалаў і праваабаронцы Ўладзіміра Лабковіча. Кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх прадалі прыкладна за 80 тысяч долараў. Не перашкодзіла і тое, што ў кватэры былі прапісаныя жыхары, у тым ліку дзеці. Прадалі разам з прапісанымі дзецьмі і кватэру Цапкалаў — за 120 тысяч даляраў.
«Ходзяць да сваякоў, „дураць галаву“»
Як стала вядома «Радыё Свабода», 16 траўня ад раніцы прадстаўнікі міліцыі і следчых органаў прыйшлі па месцы рэгістрацыі як мінімум некалькіх беларусаў, якія жывуць за мяжой. Іван (імёны суразмоўцаў змененыя дзеля бяспекі) зазначыў, што па месцы жыхарства ў Беларусі ён атрымаў заказны ліст з СК у Мінску.
— Што там напісана, я не магу ведаць, мяне ж там няма. Мая кватэра даўно апісаная, бо я ўцёк ад крымінальнай справы, — дадаў Іван.
Адна з эмігрантак таксама паведаміла, што 16 траўня сілавікі прыходзілі па адрасе яе месца жыхарства ў Беларусі. Чаго хацелі, яна не ведае, бо ад сваякоў запатрабавалі падпісаць дакумент аб невыдаванні.
— Яны ўсе там страшна напалоханыя і мне нават не кажуць, гэта быў вобшук, вопіс ці арышт жытла, — кажа жанчына. Яна неаднаразова брала ўдзел у акцыях у Варшаве.
Беларус Віталь таксама часта ходзіць на акцыі ў Варшаве. Кажа, што гэтаксама часта міліцыянеры і супрацоўнікі КДБ ходзяць да ягоных бацькоў.
— Я не маю аніякай маёмасці ў Беларусі, таму апісаць няма чаго ў мяне. Але яны ходзяць стабільна і рэгулярна да маіх бацькоў, дураць ім галаву: «Ваш сын у вышуку, ён мае крымінальную справу». Але ніякай канкрэтыкі, — паведаміў Віталь.
Пра арышт маёмасці расказваюць «добрыя людзі»
Беларуска Ганна Федаронак жыве ў Варшаве, кіруе там шэлтарам для ўцекачоў, удзельнічае ў акцыях і вядзе сатырычны канал «Лукашолкі».
Нядаўна яна даведалася, што ейны вялікі дом у вёсцы Варапаева Пастаўскага раёну апячаталі «органы».
— Мне перадалі гэта «добрыя людзі» з «таго боку». Дом мы будавалі ўсё жыццё, ён у нас вялікі, з усімі выгодамі, з газам, вадой, лазняй, участак там, парнікі. Усё, што можа быць у людзей, калі яны працавітыя. Уклалі ў яго шмат грошай, сілаў — для сябе ж стараліся. Вопіс майго дому, можа, і не звязаны са «справай 104 беларусаў», бо ў мяне асабіста ўжо шмат «заслуг», на некалькі крымінальных спраў. Варта паглядзець мае ролікі, каб было зразумела. За тыя ролікі, наколькі я ведаю, на мяне завялі справы за «распальванне варожасці», «абразу» Лукашэнкі і іншыя артыкулы навесілі, — кажа Ганна.
Жанчына дадае, што ў 2020 годзе яна зазнала пераслед, адміністрацыйныя справы. Даведалася пра магчымую крымінальную і вымушаная была ўцякаць з краіны.
— Ноччу, толькі непаўналетнюю дачку схапіла пад паху і пабегла. Усё, што мела, усё засталося там, — кажа беларуска.
Яна лічыць, што арышт маёмасці — помста з боку ўладаў.
«Б’юць і плакаць не даюць»
Правабааронца Леанід Судаленка ў камэнтары «Радыё Свабода» сказаў, што, каб даць ацэнку дзеянням уладаў, трэба ведаць канкрэтныя крымінальныя справы, статус чалавека ў іх. Фактычна арышт на маёмасць могуць накласці для забеспячэння магчымага пакарання, буйнога штрафу. Але паводле Канстытуцыі ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены маёмасці.
— На сёння мы не бачылі працэсуальных дакумэнтаў ды нават не ведаем прозвішчы 104 «шчасліўчыкаў». Гэта ж не сёння ў Беларусі пачалося, яшчэ некалькі гадоў таму, калі «гарант Канстытуцыі» сказаў, што «бывае не да законаў». Людзі выйшлі на акцыі ў Варшаве ці Вільні. Іх не абвінавацілі, што яны «парушылі парадак правядзення масавага мерапрыемства». А ў тым, што, раз выйшлі, — значыць, яны «экстрэмісцкае фарміраванне». Калі ў Беларусі растуць цэны і людзі пра гэта гавораць, гэта значыць, яны ганьбяць дзяржаву. Трэба казаць, што цэны не растуць, а падымаюцца. Тады гэта ня будзе «дыскрэдытацыяй Беларусі», — тлумачыць Судаленка.
Паводле праваабаронцы, варта звярнуць увагу і на тое, што ў сваякоў эмігрантаў бяруць падпіску аб невыдаванні.
— Б'юць і плакаць не даюць. Забіраюць маёмасць і яшчэ забараняюць пра гэта казаць. Гэта такое рабаўніцтва, калі ў цябе грошы выцягнулі з кашалька і ты мусіш маўчаць пра гэта. Прававая сваволя ў краіне, — мяркуе Леанід Судаленка.