Ранняй раніцай 13 верасня 2021 года на Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы» здарылася трагедыя: адзін з рабочых трапіў у станок для рэзкі паперы і атрымаў найцяжэйшыя траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Пад суд аддалі майстра цэха — яго прызналі вінаватым у парушэнні правілаў аховы працы. СМІ тады паведамлялі пра прысуд, але падрабязнасці смяротнага інцыдэнту не раскрываліся. «Люстэрка» знайшло апублікаваны прысуд у банку судовых рашэнняў і даведалася, што прывяло да трагедыі з новым, сучасным і «разумным» кітайскім станком.
Новая вытворчасць
Завод па вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардону на Добрушскай папяровай фабрыцы пачалі будаваць яшчэ ў 2012 годзе пад кітайскі крэдыт. Запуск планаваўся праз тры гады, але кітайскі генпадрадчык сарваў усе тэрміны праз праблемы з фінансаваннем і замарожваў будаўніцтва. Не адкрылі прадпрыемства і ў 2020-м — завод быў гатовы на 90%, і завяршаць працу ўзялася аўстрыйская кампанія Andritz.
У 2021 годзе фабрыка нарэшце запрацавала. На яе ўскладалі шмат надзей, прадпрыемства наведваў Аляксандр Лукашэнка. Новыя віды кардону мусілі развіць вытворчасць упакоўкі ў Беларусі і зарабіць валюту як экспартны тавар. Але дагэтуль, больш чым праз тры гады, завод так і не выйшаў на поўную праектную магутнасць — нягледзячы на манапольнае становішча на рынку.
Хоць аўстрыйцы перад запускам фабрыкі замянілі некаторае абсталяванне, немалая частка машын, пастаўленых кітайскімі рабочымі, засталася на месцы. Кітайскага паходжання быў падоўжна-рэзальны станок (ПРС) у цэху кардоннай вытворчасці (КВ). Менавіта ён адыграе цэнтральную ролю ў гэтай гісторыі.
Сярод работнікаў, якія засвойвалі новую тэхніку, быў і дасведчаны рэзчык паперы Леанід (усе імёны ў матэрыяле змененыя). За яго плячыма было 18 гадоў працы на фабрыцы, ён удзельнічаў у пусканаладцы абсталявання і лічыўся адным з найлепшых спецыялістаў. Адказны, працавіты, пунктуальны, ініцыятыўны — усё гэта пра яго. Ніякіх парушэнняў у працы мужчына не дапускаў.
Няспраўнасць
Хоць падоўжна-рэзальны станок быў новым і сучасным, ён часта прастойваў праз дробныя паломкі — напрыклад, засмечвання трубаправодаў. Са словаў кагосьці з супрацоўнікаў, машына была загружаная ўсяго на 10%. Зрэшты, відаць, калі станок быў у стане працаваць, ніхто яго не спыняў, нягледзячы на дробныя няспраўнасці.
У верасні 2021 года на ПРС зламалася ахоўная брамка — яна звалілася з завесаў. У выніку яе проста знялі і прыставілі да агароджы. Такія брамкі патрэбныя, каб не дазволіць машыне выканаць нейкую небяспечную аперацыю, пакуль у зоне побач з абсталяваннем знаходзіцца чалавек.
Пры гэтым хтосьці заблакаваў спецыяльныя датчыкі бяспекі на закрыццё і адкрыццё, прыляпіўшы на іх металічныя шайбы — гэта стварала ў аўтаматыкі ілюзію, што брамка зачыненая, і дазваляла станку працаваць. Імаверна, самі рэзчыкі зрабілі гэта яшчэ нават да паломкі брамкі — проста каб не трэба было яе пастаянна адчыняць і зачыняць.
Апошняя змена
Рэзчык Леанід працаваў у адну змену са старшым майстрам цэха Паўлам. Яны былі знаёмыя ўжо гадоў 13. Падчас пятнічнай змены 10 верасня Павел бачыў, што брамка падоўжна-рэзальнага станка зламаная, і прасіў Леаніда дапамагчы яе адрамантаваць, але там патрэбная была зварка. Майстар патэлефанаваў намесніку начальніка свайго цэха КВ і папрасіў выклікаць зваршчыка з іншага цэха. «Добра», — адказаў той. Але так і не зрабіў гэтага, а станок працягваў працаваць насуперак правілам.
Увечары Павел пайшоў дадому. Наступныя змены з брамкай таксама нічога не зрабілі: нават калі б гэтага хацелі, зваршчык у выходныя не працаваў. У выніку агароджа засталася зламанай.
У нядзелю, 12 верасня, у 20.00 Леанід і Павел з калегамі заступілі на чарговую начную змену, якая мусіла скончыцца, а 8-й раніцы. Майстар, з ягоных словаў, не звяртаў увагі на тое, ці адрамантавалі брамку ПРС: быў моцна загружаны іншай працай, трэба было рабіць прыборку ў цэху. Тым больш што ў кожную змену мусілі працаваць два майстры, але праз недахоп кадраў працаваў толькі адзін.
Так што падоўжна-рэзальны станок не спынялі, і рабочыя старанна рэзалі паперу і кардон. Леаніду дапамагаў вучань рэзчыка Кірыл. Заправіўшы паперу ў станок, ён пайшоў папраўляць палатно з адваротнага боку і раптам пачуў крык кантралёркі. Паднятым прыёмным сталом рэзчыка Леаніда прыціснула проста да апорных валаў станка.
Несумяшчальныя з жыццём траўмы
Каля 5.00 жонку Леаніда разбудзіў званок кантралёркі з цэха мужа. Пачуўшы, што таго заціснула ў станку, Ларыса тут жа памчала з інтэрната на фабрыку. Прыбегшы ў цэх, яна ўбачыла скрываўленага мужа ў атачэнні медыкаў хуткай дапамогі. Ён быў яшчэ жывы. Майстар змены Павел прасіў у жанчыны прабачэння за тое, што «недагледзеў».
Траўмы Леаніда былі жахлівымі. У яго былі раздробленыя косткі таза, зламаны пазваночнік і раструшчаны спінны мозг, разарваныя ўнутраныя органы — мачавы пухір, кішачнік, клубавічныя артэрыі і вены, полавыя органы. Пачаўся ацёк мозгу.
Мужчыну даставілі ў рэанімацыю і больш за пяць гадзін змагаліся за яго жыццё. Выйшаўшы з аперацыйнай залы, доктар сказаў Ларысе: ваш муж пражыве толькі да вечара. Мужчына працягнуў крыху даўжэй і памёр у 6.30 раніцы. Але ўвесь гэты час быў у коме — развітацца з ім жонцы і дзецям не ўдалося.
Расследаванне трагедыі
Пасля гібелі рабочага на фабрыцы пачаліся праверкі. Выявілі, што ў цэлым станок у парадку — ні ў праграмным забяспечанні, ні ў электрычнай частцы, ні ў працы датчыкаў непаладак не знайшлі. А прычынай здарэння была эксплуатацыя станка з заблакаванымі датчыкамі ахоўнай агароджы і ў далейшым з паламанай брамкай.
З паказанняў сведак вынікала, што пра зламаную брамку ведалі многія работнікі і кіраўнікі — ад майстроў да дырэктара. Яны хадзілі міма станка і бачылі, што брамка проста стаіць побач. Дырэктар фабрыкі заўважыў гэта падчас абыходу і даў указанне адрамантаваць яе, але займацца гэтым ніхто не спяшаўся. Потым усе ківалі адно на аднаго і казалі, што не даходзілі рукі: гэта ж трэба было афармляць заяўку, каб выклікаць зваршчыка з іншага цэха… У выніку зрабілі толькі запіс у журнале непаладак, але станок працягваў працаваць, і ніхто не распарадзіўся спыніць небяспечнае абсталяванне, пакуль яго не адрамантуюць.
Усе начальнікі пачынаючы з майстроў таксама запэўнівалі, што яны не ведалі пра заблакаваныя датчыкі бяспекі і паняцця не мелі, хто і калі гэта зрабіў. Толькі некаторыя рабочыя пацвердзілі: майстрам было вядома пра сітуацыю з датчыкамі. Аднак ніхто не бачыў у гэтым ніякай праблемы — як і ў зламанай брамцы. І ў цэлым начальству на праблемы са станком ніхто не скардзіўся.
Ды і незразумела было, з каго патрабаваць: начальнік цэха быў у адпачынку, яго замяняў намеснік, якога прызначылі нядаўна і нават не пазнаёмілі са службовай інструкцыяй, бо пасада была свежаствораная, і інструкцыі проста не існавала. Не пазнаёмілі яго і з абавязкамі на перыяд замены. Гэта не перашкаджала яму хадзіць на дырэктарскія планёркі, але працаваць, відавочна, перашкаджала: мужчына потым запэўніваў, што не надаваў значэння зламанай брамцы праз вялікую загрузку.
Больш за тое, падчас праверак высветлілася, што няспраўнасць ахоўнай агароджы станка была не адзінай праблемай. ПРС наогул не быў афіцыйна ўведзены ў эксплуатацыю, хоць фактычна працаваў ужо некалькі месяцаў. Акт уводу ў эксплуатацыю склалі ўжо пасля гібелі рабочага. Чаму гэтага не зрабілі раней, не мог растлумачыць у судзе нават галоўны механік, які адказваў за абсталяванне.
Характэрна, што літаральна назаўтра пасля трагедыі брамку ўсё ж адрамантавалі, а з датчыкаў знялі блакаванне. Пазней у праграму кіравання станком унеслі змены, узмацніўшы ахоўныя функцыі.
Хто вінаваты
Спецыяльная камісія, якая расследавала інцыдэнт на вытворчасці, прыйшла да высновы, што ён здарыўся з прычыны парушэння заканадаўства некалькімі людзьмі:
- начальнік цэха КВ і першы намеснік дырэктара фабрыкі не кантролявалі бяспечную эксплуатацыю падоўжна-рэзальнага станка, праз што яго працягвалі эксплуатаваць з няспраўнай ахоўнай агароджай;
- намеснік дырэктара фабрыкі па тэхнічным развіцці дапусціў увод станка ў эксплуатацыю без праверкі на адпаведнасць патрабаванням па ахове працы і без складання акта ўводу ў эксплуатацыю (яго пасля праверкі нават прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці, а таксама далі штраф — 20 базавых велічынь).
Аднак асноўную віну ўсклалі на старшага майстра цэха КВ Паўла, які быў галоўным у тую начную змену, — за тое, што дапусціў працу станка з няспраўнасцю і не сачыў за бяспечнай эксплуатацыяй абсталявання. Гэта ў яго абавязкі ўваходзіла забяспечыць рамонт станка, каб на ім можна было працаваць. І ён жа адказваў за допуск людзей да абсталявання.
Суд
У выніку крымінальная справа была заведзеная толькі супраць Паўла. Яму выставілі абвінавачанне па частцы 2 артыкула 306 КК — парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула смерць чалавека. Следства прыйшло да высновы, што ён дакладна ведаў пра пашкоджаную брамку і пра залепленыя датчыкі і не меў права дапускаць людзей да працы на няспраўным абсталяванні, аднак зрабіў гэта. Начальства давала яму даручэнне адрамантаваць брамку, але, насуперак службовай інструкцыі, Павел не спыніў станок для рамонту.
На судзе ён часткова прызнаў віну — пагадзіўся, што недагледзеў за тэхнікай бяспекі, але сцвярджаў, што не ведаў пра заблакаваныя датчыкі і не меў намеру падвяргаць людзей небяспецы. Адвакат нават прасіў замяніць яму крымінальную справу на адміністрацыйную са штрафам, бо гэта ўпершыню ўчыненае менш цяжкае злачынства і мужчына не ўяўляе небяспекі для грамадства.
Аднак суд палічыў гэтыя аргументы недастатковымі, бо парушэнне тэхнікі бяспекі і службовых абавязкаў з боку майстра было даказаным і несумнеўным.
Удава загінулага не мела прэтэнзій да майстра і прасіла не прызначаць яму рэальнага пазбаўлення волі. Улічылі таксама тое, што ён пацярпелы ад аварыі на ЧАЭС, у яго маленькае дзіця, выдатныя характарыстыкі.
У выніку Паўла асудзілі на 3,5 года «хатняй хіміі» — абмежаванне волі без скіравання ў папраўчую ўстанову. Таксама яму забаранілі займаць кіраўнічыя пасады цягам пяці гадоў і спагналі з яго 145 рублёў працэсуальных выдаткаў.
Кампенсацыя за смерць
Аднак гэтым суд не скончыўся: жонка загінулага, якая працавала на гэтай жа фабрыцы, падала грамадзянскі пазоў супраць прадпрыемства, запатрабаваўшы кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 300 000 рублёў.
Ларыса патлумачыла, што Леанід быў узорным сем’янінам і цудоўным чалавекам, яго смерць — страшная трагедыя, якая разбурыла яе жыццё і падарвала здароўе.
«Ніхто не мог дапусціць, што ў самы звычайны дзень, калі праводзіла мужа на працу, ён не вернецца дадому і ўсё жыццё абрынецца. Перад вачыма стаяць крыкі і стогны мужа пасля атрыманай траўмы, трубкі і медыцынскае абсталяванне на яго целе ў бальніцы», — казала яна.
Ларыса з Леанідам мелі планы на жыццё, хацелі пабудаваць дом, у якім будуць жыць іх дзеці і ўнукі. Цяпер яна засталася адна з малагадовымі сынам і дачкой у інтэрнаце фабрыкі без надзеі на ўласнае жыллё.
«Без мужа я страціла сэнс жыцця, хоць разумею, што маю дваіх дзяцей, якіх трэба гадаваць, карміць, выхоўваць і займацца іх развіццём. Са смерцю мужа мае надзеі знішчаныя. Мне балюча глядзець і ўсведамляць, што дзеці засталіся без бацькі і ніякая маці не зможа яго замяніць або запоўніць яго страту», — гаварылася ў пазове жанчыны.
Прадстаўнікі фабрыкі адмовіліся прызнаць пазоў. Яны спасылаліся на тое, што ўжо выплацілі сям'і Леаніда нямала грошай — усё, што належала паводле калектыўнай дамовы сябраў прафсаюза:
- жонка, дачка і сын атрымалі па 10 сярэднямесячных заробкаў загінулага — па 12 927 рублёў кожны;
- жонка атрымала аднаразовую матэрыяльную дапамогу — 1360 рублёў;
- штомесяц да 16-годдзя дзяцей прадпрыемства будзе плаціць ёй па 3 базавыя велічыні на кожнае дзіця, калі жанчына зноў не выйдзе замуж;
- жонка і маці Леаніда атрымалі яшчэ па 10 базавых велічынь (290 рублёў) аднаразовай дапамогі ў сувязі са смерцю члена сям'і;
- фабрыка вылучыла 5020 рублёў на пахаванне рабочага (хоць больш чым палову ім кампенсавалі па страхоўцы).
Акрамя таго, прадстаўнікі фабрыкі запэўнівалі, што ніхто не выганяе Ларысу з інтэрната і ёй будзе дзе жыць — вось і новую дамову арэнды з ёй заключылі. Прадпрыемства запэўнівала, што заўсёды будзе дапамагаць сям'і загінулага работніка.
Аднак суд не палічыў усё гэта падставай адмаўляць Ларысе ў пазове: выплаты паводле калектыўнай дамовы ніяк не выключаюць права жанчыны патрабаваць кампенсацыі маральнай шкоды. А з жыллём сітуацыя наогул выйшла нязручнай: інтэрнат Ларысе далі як працаўніцы фабрыкі і толькі на час яе кантракта — нават не прапанавалі бестэрміновай дамовы арэнды.
У выніку суд прызнаў патрабаванні жанчыны законнымі, аднак завышанымі. Фабрыку абавязалі выплаціць ёй кампенсацыю ў памеры 100 000 рублёў, даўшы на гэта адзін месяц. Таксама з прадпрыемства спагналі кампенсацыю выдаткаў пацярпелай на юрыста ў памеры 470 рублёў.
Чытайце таксама


