Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Гандлёвыя войны, падзенне цэн на нафту — якіх курсаў чакаць у красавіку: прагноз па валютах
  2. По госТВ рассказали, как задержали экс-калиновца Максима Ралько. Похоже, он сам вернулся в Беларусь
  3. Умер беларусский актер и режиссер Максим Сохарь. Ему было 44 года
  4. ВСУ нанесли удар по важнейшему для России заводу. Рассказываем, что он производит
  5. Погибший в Брестском районе при взрыве боеприпаса подросток совершил одну из самых распространенных ошибок. Что именно произошло
  6. Рэкет, рэйдарства, згвалтаванні, жорсткія забойствы, сілавікі на зарплаце і лаяльнасць уладаў. Расказваем пра найбуйнейшую банду Беларусі
  7. Помните школьницу из Кобрина, победа которой на олимпиаде по немецкому возмутила некоторых беларусов? Узнали, что было дальше
  8. МВД изменило порядок сдачи экзаменов на водительские права. Что нового?
  9. У культового американского музыканта, получившего Нобелевскую премию, нашли беларусские корни
  10. Хоккейное «Динамо-Минск» сотворило главную сенсацию в своей истории. Рассказываем, что произошло
  11. «Мне отказано в назначении». Женщина проработала 30 лет, но осталась без трудовой пенсии — почему так произошло
Читать по-русски


У 2008 годзе журналістка Вольга Раманава стварыла фонд «Русь Сидящая», які дапамагае зняволеным і іх сем’ям. У 2017-м праз патэнцыйны крымінальны пераслед пераехала ў Германію. З пачаткам вайны задач у Вольгі стала больш: яе арганізацыя цяпер дапамагае і ўкраінцам, якіх гвалтоўна вывезлі ў Расію. Мы пагаварылі з журналісткай і актывісткай пра тое, як у расійскіх турмах вярбуюць зняволеных на вайну, пра іх матывацыю, рэакцыю сваякоў, Акрэсціна і бунты ў беларускіх калоніях.

Ольга Романова. Фото: "Русь Сидящая"
Вольга Раманава. Фота: «Русь Сидящая»

«Грошы для іх стаяць на апошнім месцы»

— Як у расійскіх калоніях зняволеных вярбуюць на вайну?

— Я хачу адразу сказаць, што няма ніякіх заканадаўчых правоў на гэта. У Расіі забароненае наёмніцтва і дзейнасць прыватных ваенных кампаній. Але мала што забароненае! Усё пачалося 29 чэрвеня гэтага года (магчыма, вярбоўка праходзіла яшчэ раней, уладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын расказаў, што першыя зняволеныя з імі ваявалі ўжо 1 чэрвеня. — Заўв. рэд.). Тады верталёт, на борце якога было напісана «Прыватная ваенная кампанія Вагнера», прызямліўся ў калоніі ў Ленінградскай вобласці. Цяпер зразумела, што ўсе супрацоўнікі ФСВП, ФСБ, паліцыі, пракуратуры і судоў Расійскай Федэрацыі падпарадкоўваюцца прыватнай ваеннай кампаніі і ніяк не перашкаджаюць яе дзейнасці.

Людзі з гэтай кампаніі прызямляюцца на зоне і з верталёта выходзіць Прыгожын у суправаджэнні вагнераўцаў. На пляцы шыхтуюць асабісты склад і ім расказваюць пра фашыстаў ва Украіне, як добра быць у дружнай мужчынскай прыватнай кампаніі Вагнер і як Прыгожын паабяцаў Пуціну выйграць вайну з гэтымі выдатнымі хлопцамі. Ён гаворыць на іх мове, ён чалавек, які сядзеў, ён адчувае сябе ў сваёй стыхіі, разумее і выкарыстоўвае іх лексіку.

Ён абяцае вельмі шмат чаго, перш за ўсё — памілаванне. Я заўважу, што памілаванне — прэрагатыва выключна прэзідэнта РФ. Гэты механізм вельмі складаны. Ён пачынаецца з таго, што дакументы на патэнцыйнага суіскальніка памілавання, з узгадненнем з яго ахвярамі і пацярпелымі, паступаюць у рэгіянальную камісію і далей праходзяць вельмі складаны шлях. Прыгожын абяцае памілаванне пасля паўгода ўдзелу ў баявых дзеяннях.

З разраду пернікаў яшчэ ёсць зарплата каля 4000 еўра, якія атрымліваюць на рукі сваякі, а ў выпадку смерці — каля 80 000 еўра. Пугі такія: Прыгожын абяцае расстрэл і пазасудовыя пакаранні за спробу здацца ў палон, за дэзерцірства, за ўжыванне наркотыкаў, алкаголю, за сэксуальныя сувязі і марадзёрства.

Пасля таго як знаходзяць ахвочых, а звычайна гэта траціна ад колькаснага складу (прыкладна 330−500 чалавек), іх адпраўляюць на сумоўе. Для асаблівых выпадкаў яны цягаюць з сабой паліграф. Яго праходзяць тыя, у кім сумняваюцца: у людзей не мусіць быць украінскай або антываеннай пазіцыі. Перавагу аддаюць тым, хто асуджаны за забойства, цяжкія цялесныя пашкоджанні, разбой і ўсё звязанае са зброяй. Ужо завербаваных адпраўляюць у каранцін, дзе яны могуць знаходзіцца ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў.

Далей ім не дазваляюць браць з сабой нічога, толькі два пачкі цыгарэт, адны майткі і шкарпэткі. Кажуць, што выдадуць усё там. Потым іх адвозяць на аўтобусах, аўтазаках і самалётах у Растоўскую вобласць. Нядаўна пачалі вазіць яшчэ ў Курскую і Варонежскую. Там яны праходзяць вельмі кароткую падрыхтоўку — ад 10 дзён да двух тыдняў. Іх пераапранаюць у форму і далей адпраўляюць на фронт.

Яшчэ трэба сказаць, што ніхто не ведае, колькі зняволеных вагнераўцы забяруць з зоны па прыездзе, таму часам за грошы выпускаюць людзей. Гэта ніяк і нікім не кантралюецца.

— То-бок чалавека адпускаюць на волю?

— Напрыклад, яны забіраюць 352 чалавекі, а што перашкаджае сказаць начальніку зоны, што забралі 357?! І пяцярых адпусціць за грошы (пацверджання гэтай інфармацыі ў нас няма. — Заўв. рэд.). Зусім нядаўна былі апублікаваныя новыя дадзеныя па ўзброенай злачыннасці ў Расіі. У Курскай вобласці — прырост на 675%, у Белгародскай вобласці і Маскве — на 200%.

— Ёсць тыя, каго не бяруць у ПВК?

— Спачатку не бралі найніжэйшую турэмную касту — асуджаных па артыкулах за педафілію і згвалтаванне і тых, каго называюць «апушчанымі» і «пеўнямі». Але цяпер іх бяруць, проста фармуюць асобныя атрады. Бяруць і тых, каму за 50 гадоў. Тут важная добрая фізічная падрыхтоўка.

— Якая матывацыя ў зэкаў згаджацца?

— Грошы заўсёды на апошнім месцы. Ідэалагічныя рэчы таксама не на першым, вельмі мала сярод іх замбаваных. Галоўнае — вырвацца з матрыцы. Любое іншае месца ўяўляецца лепшым за расійскую турму. Гэта змена карцінкі і спроба вырвацца з заганнага кола. Многія людзі, якія калісьці былі ў расійскай турме, потым вяртаюцца туды зноў. Сысці на вайну — гэта спосаб пачаць жыццё спачатку.

— У вас ёсць інфармацыя пра тое, колькі прыкладна зняволеных ужо завербавалі?

— Гэта дзесьці 35 000 на сённяшні дзень (толькі за верасень і кастрычнік колькасць зняволеных у мужчынскіх калоніях Расіі скарацілася на 23 000 чалавек. — Заўв. рэд.).

— Што родныя зняволеных пішуць і кажуць вам пра вярбоўку?

— Я б падзяліла іх на дзве часткі. І яны, мабыць, няроўныя. Сваякі ў асноўным за тое, каб іх бацькі, сыны, браты, мужы ішлі на вайну. Па-першае, гэта грошы, і менавіта сваякі іх атрымліваюць. Па-другое, зняцце судзімасці, усё-такі важна пачаць жыццё з чыстага аркуша. Сваякі ў асноўным заражаныя прапагандай і вельмі шмат думак кшталту: «Памрэш як чалавек, а не як сабака здохнеш пад плотам у сябе на зоне». І апошнім часам я б адзначыла выбуховы рост папулярнасці Прыгожына сярод сем’яў зняволеных. Ён разглядаецца імі як свой, як нармальны мужык.

Іншая частка з розных прычын не хоча вярбоўкі. Перш за ўсё гэта нежаданне смерці, але ёсць і ідэалагічныя прычыны — людзі супраць вайны. Такіх меншасць, і яны імкнуцца пра гэта не заяўляць. Скажу, што пры актыўным удзеле родных зняволенага можна адбіць на этапе вярбоўкі. Такіх выпадкаў ужо дзясяткі. Можна даседзець тэрмін спакойна і не ісці на вайну. Калі шчыра, то мы бачым поўны несупраціў.

Евгений Пригожин (слева) и Владимир Путин. Фото: Reuters
Яўген Прыгожын (злева) і Уладзімір Пуцін, 2011 год. Фота: Reuters

— Як паводзяцца начальнікі калоній і турмаў, калі да іх прыязджаюць на вярбоўку?

— Па-рознаму, але ў любым выпадку яны адчуваюць сябе прыніжанымі. Начальнікі разумеюць, што ў выпадку чаго яны будуць крайнімі. Яны ж адказваюць за захаванасць зняволеных, а іх няма. Яны забітыя? Дзе яны? Што начальнікам казаць? Былі выпадкі, калі яны хадзілі па зонах і ціха адгаворвалі зняволеных ад вярбоўкі. Ёсць тыя, хто спрабуе скарыстацца незадаволенасцю сваякоў і пакінуць людзей у калоніі.

— Самая страшная гісторыя, якую вы ведаеце пра вярбоўку зняволеных для вайны ва Украіне?

— Я не ведаю працягу гісторыі, толькі пачатак: з Саратаўскай вобласці быў завербаваны зняволены канібал. І, вядома, самы страшны выпадак, які мы ўсе ведаем: смяротнае пакаранне з кувалдай без суда.

— Што гэта было?

— Паказальнае забойства. І, вядома, я ніколі не паверу ў гісторыю, што ён ішоў па вуліцы ў Кіеве і яго ўдарылі па галаве. Думаю, ён падманам быў дастаўлены ў Расію. Але акрамя гэтага ёсць выпадкі іншых пакаранняў смерцю без суда, якіх проста не здымалі на камеру і мы пра іх вельмі мала ведаем. Жанчыны-сваячкі атрымліваюць эсэмэскі, што іх муж, брат, сын, бацька ліквідаваны падчас спробы ўцячы або здацца ў палон. Гэта азначае, што ніякіх грошай і выдачы цела не будзе. І нам вядома пра існаванне нейкага кантэйнера, куды вагнераўцы адпраўляюць зняволеных, што правініліся, на перавыхаванне. Я не ведаю падрабязнасцяў, але выходзяць яны адтуль траўмаванымі.

— Колькі пакаранняў смерцю без суда ўжо правялі?

— Каля 40. Гэта тыя, пра якія мы ведаем.

Скриншот видео
Забіты расійскі вязень Яўген Нужын, 2022 год. Скрыншот з праграмы «Ходят слухи»

Акрэсціна і беларусы на вайне

— Вы знялі фільм «Это была жесть», дзе расказалі гісторыі жанчын пасля Акрэсціна. Якое ў вас склалася меркаванне пра гэтае месца?

— Мне даволі цяжка параўноўваць тое, што я ведаю пра расійскія турмы, і Акрэсціна. Але, вядома, гэтыя турэмныя сістэмы — дасканалыя блізняты. Мяне дзівіць, што ўсё, што адбываецца ў вас, пакуль сышло з рук. У цэнтры Еўропы гэта здарылася. Я разумею, што цяпер вайна засланяе вельмі многія злачынствы ў Беларусі. Я ўпэўненая, што беларусы не забудуць усяго гэтага, і ў любым выпадку вінаватыя трапяць пад суд і атрымаюць сваё пакаранне.

Мяне вельмі турбуе, што іншыя падзеі ў свеце засланяюць лёсы людзей, якія прайшлі праз Акрэсціна, якія былі асуджаныя, атрымалі велізарныя тэрміны і да гэтага часу сядзяць у турмах. І мы, можа быць, памятаем тыя 20 імёнаў, якія на слыху: Алесь Бяляцкі, Маша Калеснікава, мае калегі-журналісты. Але я займаюся гэтым прафесійна, а людзі не памятаюць, таму што іншыя падзеі засланілі ўспаміны. Гэтая трагедыя не перастала быць трагедыяй, хутчэй цяпер гэта трагедыя, якая ўзмацняецца. Твой тэрмін і пакуты працягваюцца пасля ўсяго, праз што ты прайшоў, а адплаты не відаць.

Зразумела, што ніхто не выседзіць гэтыя 16 або 18 гадоў, усё скончыцца раней. Як толькі пасыплецца Расія, а яна хутка пасыплецца, за ёй пойдзе і Беларусь з Лукашэнкам. Усё завязанае такімі сасудамі. Але пакуль гэтыя сасуды спалучаюцца ў кепскім і ў горшым, а не ў добрым і лепшым.

І самае жудаснае — хто катаваў беларусаў? Беларусы. Хто страляў у беларусаў? Беларусы. Хто цяпер асуджае і кідае пачкамі ў турмы беларусаў? Беларусы. Хто цяпер прыходзіць дадому сачыць, каб не было бел-чырвона-белай сімволікі? Таксама беларусы. Шмат у чым гэта пазбаўляе радзімы. Вельмі цяжка вярнуцца назад да суседзяў, да знаёмых, на вуліцу, дзе здавалі людзей, дзе беларусы палявалі на беларусаў. Тое самае ў Расіі. Я не магу сабе ўявіць, як я вярнуся ў свой дом, дзе ведаю пазіцыю суседзяў. Як жыць? Вайна, турма і катаванні забралі радзіму і ў вас, і ў нас. Радзіма — гэта не толькі тэрыторыя, гэта яшчэ і суайчыннікі.

Фото: страница в "ВКонтакте"
У верасні палітвязень Сцяпан Латыпаў у калоніі праглынуў лязо і парэзаў руку на знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі. Фота: старонка ў VK

— Ці ёсць у вас інфармацыя пра беларусаў, завербаваных у расійскіх турмах?

— Беларусаў у расійскіх турмах сядзела даволі шмат, гэтак жа як і ўкраінцаў. Як правіла, артыкул адзін, народны — 228 (незаконныя набыццё, захоўванне, перавозка, выраб, перапрацоўка наркатычных сродкаў. — Заўв. рэд.). І беларусы, і ўкраінцы дакладна гэтак жа вярбуюцца, як узбекі, як грамадзяне Замбіі, як усе астатнія. Мы ведаем пра загінулага беларуса. Звярнулася яго сястра, яна атрымала эсэмэску, што брат загінуў.

— У жніўні 2020 года ў адной беларускай калоніі таксама пратэставалі, МУС ужо сёлета праводзіла профільныя вучэнні па задушэнні такіх пратэстаў і заявіла, што «дэструктыўныя сілы» могуць паспрабаваць аднавіць у Беларусі пратэсты і ініцыяваць турэмныя бунты. Звычайнаму чалавеку такое ўявіць складана: людзі ж у турме сядзяць і пад поўным наглядам. Можаце растлумачыць, ці магчыма такое і навошта зняволеным ладзіць палітычны пратэст?

—  У ГУЛАГу былі палітычныя пратэсты, але гэта савецкая гісторыя. Цяпер, напрыклад, у расійскіх турмах пратэсты заўсёды ініцыяваныя зверху. У Беларусі можа быць тое самае. У нейкі момант вашаму дыктатару спатрэбіцца прыцягнуць увагу Пуціна да палітычных праблем. Закруціць яшчэ трошкі гайкі, хоць не ведаю, куды яшчэ, і такім чынам справакаваць бунт, каб спісаць грошы ці яшчэ больш закупіць і вырабіць тэхнікі для разгону пратэстаў.

Мы ж з вамі разумеем, што сёння турэмны бунт немагчымы ў Беларусі, нягледзячы на тое, што сядзіць вельмі шмат палітычных зняволеных. У вас не скасаванае смяротнае пакаранне, і ўрэшце дыктатар можа вырашыць кагосьці пакараць смерцю, а для гэтага можна зладзіць нібыта палітычны бунт у турме.

«Мы — новыя немцы»

— Вы шмат і публічна расказваеце пра тое, што цяпер адбываецца ў расійскіх турмах. Гэта відавочна не падабаецца Прыгожыну, аднаму з самых уплывовых людзей у Расіі цяпер. Вы не баіцеся за сваё жыццё?

— Па-першае, мне здаецца, што ім не да мяне цяпер. Я ўсведамляю свой маштаб. Па-другое — ну, добра. Не хацелася б, вядома, але гэта лепш, чым хадзіць і баяцца.

— Вы апублікавалі дзве кнігі: «Бутырка» і «Русь сидящая». Ці будзеце пісаць новую, а калі так, то пра што?

— Вы ведаеце, я напісала кнігу і паставіла кропку 24 лютага. Яна і пра Пуціна, і пра Украіну, і пра ЛГБТ у Расіі, і гэтак далей. Там насамрэч трэба паправіць усяго некалькі рэчаў і патраціць на гэта тыдзень. Па-першае, я не магу цяпер знайсці гэты час. Па-другое, цяпер даволі цяжка з выдаваннем рускіх кніг, а я руская і памятаю пра гэта. Я калі размаўляю з немцамі, яны ў мяне пытаюць: «Як ты сябе адчуваеш?», я адказваю: «Мы — новыя немцы». Яны разумеюць, што рускія — гэта немцы пасля 1945-га. Наш 45-ы яшчэ не наступіў.

— Апошняе пытанне. Калі і як скончыцца вайна?

— Я думаю, што яна скончыцца ў 2023−2024 гадах, Украіна будзе перамагаць, і менавіта Зяленскі вызначыць, што такое канец вайны — забраць назад Данецк, Луганск, Марыупаль, ці яшчэ Крым, ці толькі Марыупаль. Гэта будзе рашэнне прэзідэнта Украіны, і яно будзе звязанае з колькасцю ахвяр. Калі Зяленскі назаве колькасць забітых і параненых, ён спытае: «Вы хочаце, каб мы ішлі далей? Мы страцілі ўжо столькі і столькі ўкраінцаў. Калі мы пойдзем далей, то можам страціць яшчэ столькі і столькі. Вы гатовыя на гэтыя ахвяры?» Калі гэтая колькасць будзе названая і Украіна адрэагуе на свае страты, тады вайна і скончыцца.