Разведка Вялікабрытаніі ў штодзённай зводцы адзначае, што страта самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50 будзе мець вялікае значэнне, бо ён грае важную ролю ў расійскіх паветраных аперацыях.
Брытанскае ваеннае ведамства адзначае, што роля А-50 — у тым, каб ствараць распазнавальную паветраную карціну і забяспечваць каардынацыю з суседнімі знішчальнікамі. І хоць пашкоджанні самалёта афіцыйна не пацверджаныя, страта A-50 будзе мець вялікае значэнне, бо яшчэ больш абмяжуе расійскія паветраныя аперацыі, гаворыцца ў зводцы.
Паводле звестак разведкі Вялікабрытаніі, у РФ застаецца яшчэ шэсць такіх самалётаў.
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах мясцовыя жыхары чулі два выбухі. У BYPOL паведамілі, што ў выніку дыверсіі беларускіх партызан быў пашкоджаны расійскі ваенна-транспартны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛВ) А-50.
Афіцыйна ні Расія, ні Беларусь гэтую інфармацыю не каментавалі. «Выдатнай навіной» назваў паведамленне пра пашкоджанне расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах прадстаўнік Паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат. Былы пазаштатны дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч падзякаваў беларускім партызанам, заявіўшы, што «гэта вельмі сур’ёзная перамога».