Легіён «Свабода Расіі» і Рускі добраахвотніцкі корпус (РДК) правялі агульны брыфінг у адным з памежных раёнаў Украіны, на якім расказалі пра вынікі паходу ў Белгародскую вобласць. Як паведамляюць украінскія СМІ, мерапрыемства прайшло непадалёк ад мяжы на поўначы Украіны.
— Дзякуй Богу, у нас у Рускім добраахвотніцкім корпусе толькі страты ў лёгкіх параненых — два «трохсотыя», па тэхніцы ў нас толькі набыткі, — пра гэта на брыфінгу заявіў камандзір РДК Дзяніс Капусцін (White Rex).
Легіён «Свабода Расіі» паведаміў пра двух загінулых і восем параненых.
Паводле словаў Капусціна, РДК і Легіён «Свабода Расіі» зайшлі ў Белгародскую вобласць углыб на 42 км.
— Чарговым разам, калі мы перасякаем мяжу РФ, мы бачым, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва не гатовае да такога. Яны шмат расказвалі, што ўмацоўваюць лінію (мяжы), выдаткоўваюць мільярды — зубы цмока, пасты, нейкае там суперназіранне. Калі даходзіць да справы, усё гэта сыплецца. Чым магутней мы заходзім, тым больш часу ім трэба для прыняцця рашэнняў, — цытуе камандзіра РДК «Укрінформ».
Ён адзначыў, што пакуль у фармавання няма рэсурсаў, каб паўнавартасна кантраляваць пэўныя расійскія тэрыторыі, аднак кожнае перасячэнне мяжы — гэта поспех.
— Мы хочам паказаць, што ўлада тырана не бязмежная, што ёй можна супрацьстаяць.
— Праўда ў тым, што УС РФ дэмаралізаваныя і непадрыхтаваныя. Яны практычна не аказвалі супраціву, нягледзячы на велізарную колькасную перавагу, — адзначыў камандзір Легіёна «Свабода Расіі» з пазыўным Цэзар.
Ён паведаміў, што група «затрафеіла вялікую колькасць тэхнікі і ўзяла палонных», ім таксама ўдалося знішчыць пэўную колькасць расійскай ваеннай тэхнікі.
Нагадаем, раней Міністэрства абароны Расіі заявіла, што разграміла групу, якая зайшла на тэрыторыю Белгародскай вобласці: былі «знішчаныя больш за 70 украінскіх тэрарыстаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны і пяць пікапаў».
Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ў выніку нападу дыверсійна-разведвальнай групы пацярпелі 12 жыхароў рэгіёна, у сувязі з правядзеннем контртэрарыстычнай аперацыі былі эвакуяваныя жыхары дзевяці населеных пунктаў. Улады вобласці таксама паведамілі пра 500 разбураных дамоў.
У Следчым камітэце РФ па факце нападу распачатая крымінальная справа па шасці артыкулах КК: тэрарыстычны акт, замах на жыццё супрацоўнікаў праваахоўных органаў, замах на забойства, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, незаконны абарот зброі і выбуховых рэчываў.