11 ліпеня ўкраінскія войскі вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту і на некаторых дамагліся поспехаў. Расійскія войскі спрабавалі прарваць абарону на Купянскім і Аўдзееўскім напрамках. Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу на фоне саміту NATO стараўся прадставіць украінскае контрнаступленне як няўдалае. Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 504-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Трымаем абарону на Купянскім напрамку
За мінулыя суткі армія Расіі нанесла 65 авіяцыйных удараў, у тым ліку задзейнічаўшы ўдарныя беспілотнікі тыпу Shahed, і правяла 71 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах, паведамляе Генштаб УСУ.
— Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За суткі тут адбылося 29 баявых сутыкненняў.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах Волфіна Сумскай вобласці і Ветэрынарнага Харкаўскай вобласці. Абстралялі больш за 20 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку УСУ трымаюць абарону. Праціўнік нанёс авіяўдар у раёнах трох населеных пунктаў Харкаўскай вобласці, абстраляў сем населеных пунктаў Харкаўскай і Луганскай абласцей.
— На Ліманскім напрамку цягам дня расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Вясёлага Данецкай вобласці. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах Белагораўкі і Неўскага Луганскай вобласці, абстралялі шэсць населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі атакі праціўніка ў раёне населенага пункта Грыгор’еўка і на ўсход ад Арэхава-Васільеўкі. Ад артылерыйскіх абстрэлаў арміі РФ пацярпелі больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку Сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёнах Аўдзееўкі, Першамайскага і Невельскага. Расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары каля Нью-Ёрка і Аўдзееўкі, з артылерыі абстралялі больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі ўсе атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Перамога, Новаміхайлаўка і Мар'інка. Расіяне абстралялі больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расійская армія спрабавала наступаць у раёне Благадатнага. Нанесла авіяцыйныя ўдары каля чатырох і абстраляла больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні далейшага прасоўвання УСУ. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах населеных пунктаў Малая Такмачка, Арэхаў Запарожскай вобласці і Залатая Бэлька, Маладзёжнае Херсонскай вобласці. Абстралялі больш за 30 населеных пунктаў у Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях. У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла 15 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі і чатыры — па зенітна-ракетных комплексах расійскіх войскаў.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі тры пункты кіравання, дзесяць артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, сродак супрацьпаветранай абароны і станцыю РЭБ арміі РФ.
Мінабароны Расіі: Збілі верталёт Мі-24 Паветраных сіл Украіны
Узброеныя сілы Украіны працягваюць спробы наступаць на Данецкім, Паўднёва-Данецкім і Чырвона-Ліманскім напрамках, паведамляе Міністэрства абароны Расіі.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі 30 атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Залатароўка Луганскай і Спірнае, Кляшчэеўка, Андрэеўка, Соль, Паўночнае, Вясёлае, Вадзяное, Першамайскае, Краснагораўка, Пятроўскае Данецкай вобласці.
Акрамя таго, нанесенае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў двух раёнах на захад ад населеных пунктаў Андрэеўка і Кляшчэўка. Знішчаныя танк, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама буксаваная гаўбіца FH-70.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Усход» адбілі атаку падраздзяленняў 35-й брыгады марской пяхоты УСУ ў кірунку населенага пункта Старамаёрскае, а таксама спынілі разведку боем у раёне горада Вуглядар Данецкай вобласці.
У раёнах населеных пунктаў Старажавое, Макараўка Данецкай вобласці і Прыютнае Запарожскай вобласці нанесенае комплекснае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ. У раёне населенага пункта Салодкае Данецкай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
— На Запарожскім напрамку адбітыя дзве атакі УСУ ў раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці. Пабітая жывая сіла УСУ ў раёнах населеных пунктаў Марфаполь, Рабоціна і Лугаўское Запарожскай вобласці.
За суткі на гэтых напрамках знішчаныя дзевяць баявых машын пяхоты, два бронетранспарцёры, шэсць баявых браніраваных машын, два аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30. У раёне населенага пункта Малая Такмачка Запарожскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 33-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку агнём падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі авіяцыі, артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбітыя дзве атакі УСУ, сіламі да мотапяхотнага ўзвода кожная, 63-й і 66-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Тарскае Данецкай і Кармазінаўка Луганскай абласцей.
У раёне населенага пункта Тэрны Данецкай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы. Акрамя таго, нанесенае паражэнне жывой сіле УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва і Кузьміно Луганскай вобласці. За суткі знішчаныя дзве баявыя машыны пяхоты, а таксама самаходная гаўбіца «Акацыя».
— На Купянскім напрамку падраздзяленнямі Заходняй групоўкі войскаў адбітыя тры атакі УСУ ў раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Малчанава, Навамлынск, Іванаўка Харкаўскай вобласці і Арцёмаўка Луганскай вобласці пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ. Знішчаныя два танкі, баявая машына пяхоты, а таксама два аўтамабілі.
— На Херсонскім напрамку штурмавыя групы расійскіх войскаў працягвалі вядзенне разведвальна-пошукавых дзеянняў на астравах у раёне Антонаўскага моста. У выніку агнявога паражэння знішчаныя два аўтамабілі, а таксама дзве артылерыйскія сістэмы М777 УСУ.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 74 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 107 раёнах. У Валчанску Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 1-й брыгады спецыяльнага прызначэння УСУ. У раёнах населеных пунктаў Маладалінскае і Чарнаморск Адэскай вобласці — склады паліва для ўкраінскай ваеннай тэхнікі. У раёне населенага пункта Ямполь Данецкай вобласці пабіты камандна-назіральны пункт батальёна 5-й брыгады Нацгвардыі Украіны.
У раёне населенага пункта Чараўкоўка Данецкай вобласці збіты верталёт Мі-24 Паветраных сіл Украіны. СПА перахапіла чатыры крылатыя ракеты Storm Shadow. Знішчаныя 15 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Расійскія войскі пачалі штурм украінскіх пазіцый на лініі Данецк — Аўдзееўка
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу на фоне саміту NATO паспрабаваў прадставіць украінскае контрнаступленне як няўдалае. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW). Шайгу заявіў 11 ліпеня, што з моманту пачатку контрнаступальных аперацый 4 чэрвеня ўкраінскія сілы страцілі 26 тысяч вайскоўцаў і 1244 танкі і БМП. У ISW называюць гэтыя заявы «абсурднымі», а лічбы ўкраінскіх стратаў — моцна перабольшанымі. Там нагадваюць, што нават расійскія ваенныя блогеры нядаўна абвінавацілі Мінабароны ў тым, што яно залічвае ўдары па ўжо пашкоджаных і знішчаных машынах як новыя страты ўкраінскай тэхнікі. Рыторыка Шайгу што да ўкраінскага контрнаступлення відавочна супярэчыць указанням Крамля, якія, паводле паведамленняў СМІ, загадвалі расійскім дзяржаўным СМІ не перамяншаць значэнне контрнаступлення і не перабольшваць поспехі Расіі. Шайгу, магчыма, усё больш ігнаруе ўказанні Крамля, спрабуючы пасля мяцяжу ПВК Вагнера зноў паказаць Мінабароны эфектыўным ведамствам.
Эксперты таксама звярнулі ўвагу на паведамленне пра гібель ў выніку ўкраінскага ракетнага ўдару намесніка камандуючага Паўднёвай вайсковай акругай (ПВА) Расіі генерал-лейтэнанта Алега Цокава на камандным пункце 58-й агульнавайсковай арміі ў акупаваным Бярдзянску Запарожскай вобласці. Расійскія ваенныя блогеры раскрытыкавалі расійскае вайсковае камандаванне за няздольнасць абараніцца ад украінскіх удараў па расійскіх штабах. Адзін з іх заявіў, што ў Расіі не хапае прафесійных ваенных аналітыкаў, якія б паляпшалі працэсы прыняцця рашэнняў расійскім вайсковым камандаваннем і адэкватна аналізавалі інфармацыю для распрацоўкі ацэнкі рызыкі. Іншы адзначыў, што расійскія сілы працягваюць недаацэньваць магчымасці ўкраінскай разведкі, якія стварылі ўмовы для ўдару.
11 ліпеня ўкраінскія войскі вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту і на некаторых дамагліся поспехаў.
- Генштаб Украіны паведаміў, што ўкраінскія сілы працягваюць наступальныя дзеянні на Мелітопальскім (захад Запарожскай вобласці) і Бярдзянскім напрамках.
- Прадстаўнік Усходняй групы войскаў Украіны палкоўнік Сяргей Чараваты заявіў, што ўкраінскія сілы працягваюць контрнаступальныя дзеянні вакол Бахмута.
- На кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 10 ліпеня, відаць, што ўкраінскія сілы прасоўваліся на паўночны ўсход ад населенага пункта Рабоціна (15 км на поўдзень ад Арэхава).
- Расійскі блогер таксама заявіў, што ўкраінскія сілы ўсталявалі кантроль над новымі пазіцыямі на паўночны захад ад Кляшчэеўкі (7 км на паўднёвы захад ад Бахмута) і прасунуліся на 1,5 км у раёне Раздолаўкі (19 км на паўночны ўсход ад Бахмута).
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
— расійскія войскі вядуць наступальныя дзеянні на лініі Сватава — Крамянная і дамагліся тэрытарыяльных заваёваў;
— расійскія войскі пачалі штурм украінскіх пазіцый на лініі фронту Данецк — Аўдзееўка;
— расійскія і ўкраінскія сілы працягнулі наземныя атакі ўздоўж адміністрацыйнай мяжы паміж Запарожскай і Данецкай абласцямі;
— Крэмль працягвае рабіць захады для паступовага пераводу АПК Расіі на ваенныя рэйкі без правядзення больш шырокай эканамічнай мабілізацыі;
— украінскі цэнтр супраціву паведаміў 11 ліпеня, што Усерасійская дзяржаўная тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія (ВГТРК) спрабуе стварыць рэгіянальныя аддзяленні на акупаваных тэрыторыях Украіны.