Маці Аляксея Навальнага ў відэазвароце запатрабавала ад Уладзіміра Пуціна выдаць цела яе сына.
«За маёй спінай знаходзіцца калонія ПК-3 „Палярны воўк“, дзе 16 лютага загінуў мой сын Аляксей Навальны. Пяты дзень я не магу ўбачыць яго, мне не выдаюць яго цела і мне нават не кажуць, дзе ён знаходзіцца. Я звяртаюся да вас, Уладзімір Пуцін, вырашэнне пытання залежыць толькі ад вас. Дайце мне нарэшце ўбачыць майго сына. Я патрабую неадкладна выдаць цела Аляксея, каб я магла яго па-чалавечы пахаваць», — сказала Людміла Навальная.
Яна таксама напісала пісьмовы зварот да расійскага прэзідэнта з патрабаваннем выдаць цела яе сына.
Нагадаем, 16 лютага ФСВП Расіі паведаміў пра смерць палітвязня Аляксея Навальнага. У паведамленні гаворыцца, што ён памёр у калоніі пасля прагулкі. Следчы камітэт РФ арганізаваў працэсуальную праверку па факце смерці апазіцыянера.
Напярэдадні следчыя сказалі адвакатам і маці Аляксея, што не выдадуць цела. З ім яшчэ 14 дзён будзе праводзіцца нейкая «хімічная экспертыза».