Уначы Z-каналы апублікавалі відэа падпаленай калоны з ваеннай тэхнікай у Курскай вобласці. Раніцай з’явіліся кадры, на якіх відаць пашкоджаныя вайсковыя грузавікі — некаторыя з іх згарэлі дашчэнту, і мноства трупаў.
Як піша «Агентство», паводле ацэнак OSINT-аналітыкаў, відэа было знятае на трасе, якая да вайны злучала ўкраінскі Глухаў і расійскі Курск, праходзіць праз гарады Рыльск і Льгоў. Месца ўдару знаходзіцца за 30 км ад мяжы Расіі з Украінай.
Асцярожна, жорсткае відэа!
Праваенныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што знішчаная расійская калона. Ваенны аналітык Ян Мацвееў выказаў здагадку, што ўдар быў нанесены ракетамі HIMARS.
«Толькі што паглядзеў ранішняе відэа з месца падзей. 14 тэнтаваных вайсковых „Уралаў“ і КАМАЗаў з пяхотай. Шмат загінулых, частка машын згарэла дашчэнту. Падобна да таго, што ўся калона везла пяхоту. Яны былі са зброяй, па ўзводзе на машыну, хутчэй за ўсё. 3−4 роты — цэлы батальён знішчаны. Мяркуючы з выгляду калоны, загінулых прыкладна палова. Гэта адзін з самых крывавых і масіраваных удараў (хутчэй за ўсё HIMARS) за ўсю вайну», — напісаў Мацвееў.
Расійскія Z-блогеры вінавацяць у тым, што адбылося, вайсковае кіраўніцтва, адзначаючы, што на трэці год вайны расійскія камандзіры так і не навучыліся таму, што нельга ездзіць калонамі ў зоне паражэння ракетным і артылерыйскім узбраеннем.
Нагадаем, баі ў Курскай вобласці Расіі ідуць з 6 жніўня. Міністэрства абароны Расіі перыядычна паведамляе, што спыняюць спробы «рэйдавых дзеянняў падраздзяленняў праціўніка ўглыб расійскай тэрыторыі на Курскім кірунку». Між тым расійскія «ваенкары» напярэдадні ўвечары паведамлялі, што УСУ ўдалося прасунуцца на 31 км ад украінска-расійскай мяжы і ўзяць практычна пад поўны кантроль горад Суджа.